﻿ДРУГАЗАКОНЬНЕ.
21.
Калі ў зямлі, якую дае табе ГОСПАД, Бог твой, на ўласнасьць будзе знойдзены труп забітага, які ляжыць у полі, і невядома, хто забіў яго, 
няхай выйдуць старшыні твае і судзьдзі твае, і адмераюць адлегласьць ад гарадоў, якія вакол забітага. 
І старшыні гораду, які будзе найбліжэй да забітага, возьмуць цялушку, якая яшчэ не працавала і не насіла ярма, 
і прывядуць старшыні гораду гэтага цялушку гэтую да ручая, які не высыхае, і на месца неаранае і неабсеянае, і зломяць цялушцы карак каля ручая. 
І прыйдуць сьвятары, сыны Левія, якіх выбраў ГОСПАД, Бог твой, каб служылі Яму і дабраслаўлялі ў імя ГОСПАДА, і паводле слова з вуснаў іхніх будзе вырашацца ўсякая спрэчная справа і справа скалечаньня. 
Усе старшыні гораду, які найбліжэй да забітага, памы­юць рукі свае над цялушкай, карак якой зламалі каля ручая, 
і адкажуць, і скажуць: “Рукі нашыя ня вылілі крыві гэтай, і вочы нашыя ня бачылі нічога. 
Адпусьці правіну народу Твайго, Ізраіля, які адкупіў Ты, ГОСПАДЗЕ, і не дазволь, каб гэтая кроў нявінная была ў асяродзьдзі народу Твайго, Ізраіля”. І будзе адпушчана ім кроў гэтая. 
І ты змыеш кроў нявінную спаміж сябе і зробіш тое, што справядлівае ў вачах ГОСПАДА. 
Калі выйдзеш на вайну супраць ворагаў тваіх, і аддасьць іх ГОСПАД, Бог твой, у рукі твае, і возьмеш палонных, 
і ўбачыш між палоннымі жанчыну прыгожую, і закахаешся ў яе, і возьмеш яе за жонку сабе, 
тады ўвядзеш яе ў дом твой, і яна абстрыжэ галаву сваю і абрэжа пазногці свае, 
і скіне з сябе сукенку паланянкі, і будзе жыць у доме тваім, і будзе аплакваць бацьку свайго і маці сваю адзін месяц. А потым увойдзеш да яе, і будзеш яе мужам, а яна будзе жонкай тваёй. 
Калі ж ты ня будзеш мець упадабання ў ёй, адпусьціш яе, куды захоча душа яе, і не прадасі яе за срэбра, і ня ўчыніш з ёй, як з нявольніцай, бо ты ўпакорыў яе. 
Калі нейкі муж будзе мець дзьве жонкі, і адну бу­дзе лю­біць, а другую ненаві­дзець, і яны народзяць яму сыноў, любая і зьне­навіджаная, і першародным будзе сын зьненавіджанай, 
у дзень, калі ён будзе даваць спадчыну сынам сваім, ня можа сына любай зрабіць першародным, абмінаючы сына зьненавіджанай, які ёсьць першародным. 
Сына зьненавіджанай прызнае першародным і дасьць яму з усяго, што мае, падвойную частку, бо ён ёсьць пачатак сілы ягонай, і яму належыць права першародзтва. 
Калі чалавек будзе мець сына непаслухмянага і ўпорыстага, які ня слухае голас бацькі свайго і голас маці сваёй, і каралі яго, але ён ня слухаўся іх, 
няхай бацька ягоны і маці ягоная возьмуць яго і прывя­дуць да старшыняў гораду свайго і да брамы гораду свайго, 
і скажуць старшыням гораду свайго: “Сын наш гэты непаслухмяны і ўпорысты, ня слухае голасу нашага, аддаецца распусьце і п’янству”. 
Тады ўсе мужчыны гораду ягонага ўкамянуюць яго камянямі, і ён памрэ, каб выніш­чыць зло з асяродзьдзя вашага. І ўвесь Ізраіль пачуе гэта, і будзе баяцца. 
Калі хто дапусьціцца злачынства, каранага сьмерцю, і будзе ён забіты і павесіш яго на дрэве, 
труп ягоны ня будзе вісець на дрэве, але ў той самы дзень няхай будзе пахаваны, бо пракляты Богам той, хто вісіць на дрэве. Не пагань зямлю тваю, якую даў табе на ўласнасьць ГОСПАД, Бог твой. 
