﻿ДРУГАЗАКОНЬНЕ.
20.
Калі выйдзеш на вайну супраць ворагаў тваіх і ўбачыш, што ў іх і коней, і калясьніцаў, і людзей болей, чым у цябе, ня бойся іх, бо з табой ГОСПАД, Бог твой, Які вывеў цябе з зямлі Эгіпецкай. 
Перад пачаткам бою няхай выйдзе сьвятар, і прамовіць да народу, і скажа яму: 
“Слухай, Ізраіль! Вы выхо­дзіце сёньня на бой супраць ворагаў вашых. Няхай не палохаецца сэрца вашае, ня бойцеся, і не трывожцеся, і не пужайцеся аблічча іхняга, 
бо ГОСПАД, Бог ваш, ідзе з вамі, каб ваяваць за вас з ворагамі вашымі і каб выратаваць вас”. 
І прамовяць начальнікі да народу, кажучы: “Хто пабудаваў новы дом, і яго не асьвяціў, няхай ідзе і вяртаецца ў дом свой, каб не загінуў на вайне, і нехта іншы яго асьвяціць. 
Хто пасадзіў вінаграднік і не асьвяціў яго, няхай ідзе і вяртаецца ў дом свой, каб не загінуў на вайне, і нехта іншы асьвяціць яго. 
Хто заручыўся з жонкаю, але ня ўзяў яе за жонку, няхай ідзе і вяртаецца ў дом свой, каб не загінуў на вайне, і нехта іншы возьме яе”. 
І яшчэ няхай начальнікі прамовяць да народу і ска­жуць: “Хто баіцца і чыё сэрца дрыжыць, няхай ідзе і вернецца ў дом свой, каб не зрабіў дрыготкім сэрцы братоў сваіх, як дрыготкае сэрца ягонае”. 
Калі начальнікі скон­чаць прамаўляць да народу, вы па­ста­віце ваенных начальні­каў на чале народу. 
Калі ты падыйдзеш да гораду, каб супраць яго ваяваць, перш прапануй яму мір. 
Калі ён згодзіцца на мір і адчыніць табе брамы, няхай увесь народ, які ў ім, бу­дзе плаціць табе даніну і служыць табе. 
А калі ён не захоча быць у міры з табою і пачне супраць цябе вайну, ты пачні аблогу яго. 
І калі ГОСПАД, Бог твой, аддасьць яго ў рукі твае, выб’еш усіх мужчынаў ягоных вострывам мяча. 
Толькі жанчынаў і дзяцей, быдла і ўсё іншае, што будзе ў горадзе, усю здабычу ягоную возьмеш сабе і будзеш есьці здабычу ворагаў тваіх, якую даў табе ГОСПАД, Бог твой. 
Так зрабі з усімі гарадамі, якія ад цябе вельмі далёка, якія ня ёсьць гарадамі народаў гэтых. 
Але ў гарадах народаў гэтых, якія ГОСПАД, Бог твой дае табе ў спадчыну, не пакінеш нікога жывым, 
але паложыш закляцьце на Хетаў, Амарэйцаў, Хананейцаў, Пэрэзэяў, Хівеяў і Евусэяў, як загадаў табе ГОСПАД, Бог твой, 
каб яны не навучылі вас усякім брыдотам сваім, якія рабілі яны багам сваім, і каб вы не грашылі супраць ГОСПАДА, Бога вашага. 
Калі будзеш аблягаць горад шмат дзён, каб ваяваць супраць яго і здабыць яго, ня нішчы дрэваў ягоных, сьсякаючы іх сякераю. Будзеш есьці плады іхнія, а іх саміх не сьсякай. Ці ж дрэва ў полі — гэта чалавек, каб ісьці і аблягаць яго? 
А калі дрэва не надаецца на ежу, зьнішчы яго, і сьсячы яго, і пабудуй махіны для аблогі гораду, які ваюе з табою, пакуль не здабудзеш яго. 
