﻿ДРУГАЗАКОНЬНЕ.
16.
Захоўвай месяц Авіў і сьвяткаваньне Пасхі ГОСПАДА, Бога твайго, бо ў месяцы Авіў вывеў цябе ГОСПАД, Бог твой, з Эгіпту ноччу. 
І ахвяруеш ахвяру Пасхі ГОСПАДУ, Богу твайму, авечку ці цяля, у месцы, якое выбраў ГОСПАД, Бог твой, каб было там імя Ягонае. 
Ня будзеш есьці з ёю кіслае. Сем дзён будзеш есьці з ёю праснакі, хлеб бедаваньня, бо пасьпешліва выйшаў ты з зямлі Эгіпецкай, каб ты памятаў пра дзень выхаду твайго з зямлі Эгіпецкай усе дні жыцьця свайго. 
Ня будзе бачна ў цябе кісьлі ў-ва ўсіх межах тваіх сем дзён. З мяса, якое будзе складзена ў ахвяру вечарам, у першы дзень, нічога няхай не застанецца праз ноч да раніцы. 
Ня можаш складаць ахвяру Пасхі ў нейкай з брамаў тваіх, якія дае табе ГОСПАД, Бог твой, 
але толькі ў тым месцы, якое выбраў ГОСПАД, Бог твой, каб было там імя Ягонае, складзеш ахвяру Пасхі ўвечары пры захадзе сонца ў той самы час, калі выйшаў ты з Эгіпту. 
І сьпячэш, і і будзеш есьці ў тым месцы, якое выбраў ГОСПАД, Бог твой; а раніцаю ўстанеш і вернешся ў намёты свае. 
Шэсьць дзён будзеш есьці праснакі, а на сёмы дзень будзе ўрачысты сход на ўшанаваньне ГОСПАДА, Бога твайго, ня будзеш рабіць аніякай працы. 
Адлічыш сабе сем тыдняў ад таго дня, калі серп пачне жаць збожжа, 
і будзеш сьвяткаваць сьвята Тыдняў на ўшанаваньне ГОСПАДА, Бога твайго, са шчодрымі дабраахвотнымі ахвярамі, якія ты дасі паводле таго, як дабраславіў цябе ГОСПАД, Бог твой. 
І будзеш весяліцца перад абліччам ГОСПАДА, Бога твайго, і ты, і сын твой, і дачка твая, і слуга твой, і служка твая, і лявіт, які ў брамах тваіх, і прыхадзень, і сірата, і ўдава, якія з табою ў месцы, якое выбраў ГОСПАД, Бог твой, каб там было імя Ягонае. 
І памятай, што ты быў нявольнікам у Эгіпце, і будзеш захоўваць і выконваць пастановы гэтыя. 
Будзеш сьвяткаваць сьвята Намётаў сем дзён пасьля збору пладоў з току твайго і тоўчні тваёй. 
І будзеш весяліцца ў сьвята тваё ты, і сын твой, і дачка твая, і слуга твой, і служка твая, і лявіт, і прыхадзень, і сірата, і ўдава, якія ў брамах тваіх. 
Сем дзён будзеш сьвяткаваць сьвяты ГОСПАДУ, Богу твайму, у месцы, якое выбраў ГОСПАД; бо будзе дабраслаўляць цябе ГОСПАД, Бог твой, у-ва ўсіх пладах тваіх і ў-ва ўсякай працы рук тваіх, і будзеш поўны радасьці. 
Тры разы ў год няхай зьявіцца кожны мужчына твой перад аблічча ГОСПАДА, Бога твайго, у месцы, якое Ён выбраў: на сьвята Праснакоў, на сьвята Тыдняў і на сьвята Намётаў. І ніхто няхай не прыходзіць перад аблічча ГОСПАДА з пустымі рукамі. 
Кожны няхай прынясе дар рукі сваёй паводле дабраславенства ГОСПАДА, Бога твайго, якое Ён дасьць табе. 
Паставіш судзьдзяў і загадчыкаў працы ў-ва ўсіх брамах тваіх, якія дае табе ГОСПАД, Бог твой, для ўсіх каленаў тваіх, і будуць судзіць народ судом праведным. 
Не крыві суду. Не глядзі на аблічча і не бяры падарункі, бо падарунак засьляпляе вочы мудрым і перакручвае словы праведных. 
Да праведнасьці, да праведнасьці імкніся, каб ты жыў і ўспадкаеміў зямлю, якую дае табе ГОСПАД, Бог твой. 
Не садзі сабе гаёў з дрэваў каля ахвярніка ГОСПАДА, Бога твайго, які збудуеш сабе. 
Ня стаў сабе слупы, якія ненавідзіць ГОСПАД, Бог твой. 
