﻿ДРУГАЗАКОНЬНЕ.
12.
Гэта пастановы і прысуды, якія вы будзеце захоўваць і выконваць у зямлі, якую ГОСПАД, Бог бацькоў вашых, даў вам, каб валодалі ёю ў-ва ўсе дні жыцьця вашага на зямлі. 
Зьнішчэньнем зьнішчыце ўсе месцы, дзе народы, якімі вы авалодаеце, служылі багам сваім на гарах высокіх, на ўзгорках і пад кожным дрэвам зялёным. 
Зруйнуйце ахвярнікі іхнія, скрышыце слупы іхнія, агнём спаліце астартаў іхніх, і паразь­бівайце выявы багоў іхніх, і сатрыце імёны іхнія з месца гэтага. 
Не рабіце так ГОСПАДУ, Богу вашаму, 
але месца, якое выбраў ГОСПАД, Бог ваш, з усіх каленаў вашых, каб там памясьціць імя Сваё і ў ім жыць, будзеце шукаць, і туды прыходзіць, 
і туды будзеце прыносіць цэласпаленьні вашыя, ахвяры крывавыя вашыя, дзесяціны вашыя і дары рук вашых, і шлюбаваньні вашыя, і дабра­ахвотныя ахвяры вашыя, і першародных валоў вашых і авечак вашых. 
Там, перад абліччам ГОСПАДА, Бога вашага, будзеце есьці вы і дамы вашыя і будзеце радавацца з усяго, што зрабілі рукі вашыя, у чым дабраславіў вас ГОСПАД, Бог ваш. 
Ня будзеце там рабіць таго, што мы тут робім сёньня, калі кожны робіць усё, што слушнае ў вачах ягоных, 
бо вы яшчэ не прыйшлі ў месца супачынку і да ўласнасьці, якую дае вам ГОСПАД, Бог ваш. 
І вы пяройдзеце Ярдан, і абжывіцёся ў зямлі, якую дае вам ГОСПАД, Бог ваш, каб жылі ў супакоі ад усіх ворагаў навокал і жылі ў бясьпецы. 
І будзе месца, якое выбраў ГОСПАД, Бог ваш, каб у ім жыло імя Ягонае. Туды прыносьце ўсё, што я загадваю вам: цэласпаленьні вашыя, ахвяры крывавыя вашыя, дзесяціны вашыя, дары рук вашых і ўсе шлюбаваньні вашыя, якія вы абяцалі для ГОСПАДА. 
І будзеце радавацца перад абліччам ГОСПАДА, Бога вашага, вы, і сыны вашыя, і дочкі вашыя, слугі вашыя і служкі вашыя, і лявіт, які ў брамах вашых, бо ня мае ён ані часткі, ані спадчыны паміж вамі. 
Сьцеражыцеся, каб не складаць цэласпаленьняў тваіх на кожным месцы, якое ўбачыш. 
Але на тое месца, якое выбраў ГОСПАД у адным з каленаў тваіх, занясеш усе ахвяры твае і зробіш усё, што я загадваю табе. 
Але колькі зажадае душа твая будзеш забіваць жывёлу і есьці мяса паводле дабраславенства ГОСПАДА, Бога твайго, якое Ён дасьць табе ў-ва ўсіх брамах тваіх; чысты і нячысты можа есьці яго, як сарну і аленя. 
Толькі крыві ня будзеш есьці; выльеш яе на зямлю, як ваду. 
Ня будзеш есьці ў брамах тваіх дзесяціны збожжа твайго, віна твайго і алею твайго, першародных валоў тваіх і авечак тваіх, усяго шлюбаваньня твайго, якое ты абяцаў ГОСПАДУ, Богу твайму, ахвяраў дабраахвотных і дароў з рукі тваёй. 
Але толькі перад абліччам ГОСПАДА, Бога твайго, у месцы, якое выбраў ГОСПАД, Бог твой, будзеш есьці іх ты і сын твой, і дачка твая, і слуга твой, і служка твая, і лявіт, які ў брамах тваіх; і будзеш радавацца перад абліччам ГОСПАДА, Бога твайго, з усяго, што здабыла рука твая. 
Сьцеражыся, каб не пакінуў ты лявіта ў-ва ўсе дні твае на зямлі тваёй. 
Калі пашырыць ГОСПАД, Бог твой, межы твае, як Ён сказаў табе, і ты скажаш: "Хачу есьці мяса", калі зажадае душа твая есьці мяса, паводле прагненьня душы тваёй еш мяса. 
Калі месца, якое выбраў ГОСПАД, Бог твой, каб там зьмя­сьціць імя Сваё, будзе далёка ад цябе, тады забі вала твайго і авечку тваю, якіх даў табе ГОСПАД, як я загадаў табе, і еш у брамах тваіх паводле прагненьня душы тваёй. 
Як ясьцё сарну і аленя, так іх еш; чысты, і нячысты нароўні могуць гэта есьці. 
Толькі будзь моцны, каб ня еў ты крыві; бо кроў ёсьць душа, і ты ня будзеш есьці душу разам з мясам. 
Ня будзеш есьці яе, але вылі яе на зямлю, як ваду. 
Ня будзеш есьці яе, каб было добра табе і сынам тваім пасьля цябе, калі будзеш рабіць тое, што слушна ў вачах ГОСПАДА. 
Але тое, што пасьвяціў ты і шлюбаваў ГОСПАДУ, вазьмі і занясі на тое месца, якое выбраў ГОСПАД. 
І ахвяруеш цэласпаленьні твае, мяса і кроў, на ахвярніку ГОСПАДА, Бога твайго; і кроў ахвяраў тваіх выльеш на ахвярніку ГОСПАДА, Бога твайго, а мяса зьясі. 
Захоўвай і слухай усе словы гэтыя, якія я загадваю табе, каб было добра табе і сынам тваім пасьля цябе на вякі, калі будзеш рабіць тое, што добрае і што слушнае ў вачах ГОСПАДА, Бога твайго. 
Калі ГОСПАД, Бог твой, выганіць перад табою народы, да якіх ты ідзеш, каб завалодаць імі, і ты завалодаеш імі, і абжывешся на зямлі іхняй, 
сьцеражыся, каб не патрапіць у пастку з імі, калі яны будуць выгубленыя перад табою, і не шукаць багоў іхніх, кажучы: “Як служылі народы гэтыя багам сваім, так і я буду служыць ім”. 
Не рабі гэтак ГОСПАДУ, Богу твайму, бо ўсё, чым брыдзіцца ГОСПАД і што ненавідзіць, яны багам сваім рабілі, нават сыноў сваіх і дачок сваіх у агні палілі для багоў сваіх. 
Усе словы, якія я загадваю вам, захоўвайце і выконвайце. Не дадавайце да іх і не адымайце ад іх. 
