﻿ДРУГАЗАКОНЬНЕ.
10.
У гэты час сказаў мне ГОСПАД: “Вычашы сабе дзьве табліцы каменныя, падобныя да першых, і ўзыйдзі да Мяне на гару, і зрабі таксама каўчэг з дрэва. 
Я напішу на табліцах словы, якія былі на першых табліцах, якія ты разьбіў, і ты ўложыш іх у каўчэг”. 
І я зрабіў каўчэг з дрэва акацыі, і вычасаў дзьве табліцы каменныя, падобныя да першых, і ўзыйшоў на гару, маючы ў руках дзьве табліцы. 
І напісаў Госпад на табліцах падобна, як раней напісаў, Дзесяць Словаў, якія прамовіў ГОСПАД на гары з сярэдзіны агню ў дзень супольнага сходу. І даў мне іх ГОСПАД. 
І я разьвярнуўся, і зыйшоў з гары, і палажыў табліцы ў каўчэг, які зрабіў; і яны засталіся там, як мне загадаў ГОСПАД. 
А сыны Ізраіля выйшлі з Бээроту сыноў Яакана ў Масэру. Там памёр Аарон і быў пахаваны, а Элеазар, сын ягоны, стаў сьвятаром замест яго. 
Адтуль мы прыйшлі ў Гудгоду, а з Гудгоды — у Ётбату, у зямлю ручаёў водных. 
У гэты час ГОСПАД аддзяліў калена Левія, каб яны насілі Каўчэг Запавету ГОСПАДА і каб стаялі перад абліччам ГОСПАДА і служылі Яму, і дабраслаўлялі ў імя Ягонае па сёньняшні дзень. 
Дзеля таго Левій ня мае часткі зямлі, ані спадчыны паміж братоў сваіх, бо спадчына ягоная — ГОСПАД, як прамовіў да яго ГОСПАД, Бог твой. 
І я стаяў на гары, як у ранейшыя дні, сорак дзён і сорак начэй, і таксама ў гэты раз выслухаў мяне ГОСПАД, і не захацеў ГОСПАД выгубіць цябе. 
І сказаў ГОСПАД мне: “Устань, ідзі і ачольвай народ, каб яны пайшлі і завалодалі зямлёй, якую Я запрысяг бацькам іхнім, каб даць ім”. 
І цяпер, Ізраіль, чаго жадае ад цябе ГОСПАД, Бог твой? Каб ты баяўся ГОСПАДА, Бога твайго, і хадзіў усімі шляхамі Ягонымі, любіў Яго і служыў ГОСПАДУ, Богу твайму, усім сэрцам тваім і ўсёй душою тваёй, 
каб выконваў ты прыказаньні ГОСПАДА і пастановы Ягоныя, якія я сёньня загадваю табе, каб добра было табе. 
Вось, ГОСПАДУ, Богу твайму, належыць неба і нябёсы нябёсаў, зямля і ўсё, што на ёй. 
Толькі да бацькоў тваіх прыхінуўся ГОСПАД і палюбіў іх, і выбраў насеньне іхняе пасьля іх, выбраў вас з усіх народаў, як гэта ёсьць сёньня. 
Дык абрэжце скуравінку сэрца вашага і не рабіце больш цьвёрдым карку вашага, 
бо ГОСПАД, Бог ваш, — Бог багоў і Госпад гаспадароў, Бог вялікі, магутны і страшны, Які не глядзіць на аблічча, і не бярэ падарункі. 
Ён дае суд сіраце і ўдаве, і любіць прыхадня, даючы яму хлеб і адзеньне. 
І вы любіце прыхадня, бо і вы былі прыхаднямі ў зямлі Эгіпецкай. 
ГОСПАДА, Бога твайго, бойся, Яму служы, да Яго туліся і на імя Ягонае прысягай. 
Ён — хвала твая і Бог твой, Ён учыніў дзеля цябе вялікія і жудасныя рэчы, якія бачылі вочы твае. 
Маючы семдзясят душаў, зыйшлі бацькі твае ў Эгіпет, а цяпер памножыў цябе ГОСПАД, Бог твой, як зоркі ў небе. 
