﻿КНІГА ДРУГАЗАКОНЬНЕ.
1.
 Вось словы, якія прамовіў Майсей да ўсяго Ізраіля за Ярданам у пустыні, у Арабе насупраць Суфу, паміж Паранам, Тафэлем, Лябанам, Хацэротам і Дызагабам, 
на адлегласьці ў адзінаццаць дзён дарогі ад Харэву праз горы Сэір да Кадэш-Барнэа. 
І сталася ў саракавым годзе, у адзінаццатым месяцы, у першы дзень месяца прамовіў Майсей да сыноў Ізраіля ўсё, што яму ГОСПАД загадаў сказаць ім. 
Пасьля перамогі над Сыгонам, валадаром Амарэйцаў, які жыў у Хешбоне, і Огам, валадаром Башану, які жыў у Аштароце ў Эдрэі, 
за Ярданам, у зямлі Мааў, пачаў Майсей тлумачыць закон гэты, кажучы: 
«ГОСПАД, Бог наш, прамовіў да нас на Харэве, кажучы: “Досыць ужо вам быць на гэтай гары. 
Павярніцеся і выйдзіце, і ідз­іце на гару Амарэйцаў і да ўсіх суседзяў іхніх, у Арабу, у горы і ў даліны, і ў Нэгеў, і на бераг мора, у зямлю Хананейцаў, і ў Лібан, аж да ракі вялікай, ракі Эўфрат. 
Глядзіце, Я даў вам гэтую зямлю. Увайдзіце, вазьміце на ўласнасьць зямлю гэтую, якую запрысяг ГОСПАД даць Абрагаму, Ісааку і Якубу, і насеньню іхняму пасьля іх”. 
І сказаў я вам у той час: “Не магу я адзін весьці вас; 
ГОСПАД, Бог ваш, па­множыў вас, і вось, сёньня вы шматлікія, як зоркі ў небе. 
ГОСПАД, Бог бацькоў вашых, няхай павялічыць вас у тысячу разоў і дабраславіць вас, як Ён гаварыў вам. 
Як я адзін панясу патрэбы вашыя, цяжары вашыя і спрэчкі вашыя? 
Выберыце сабе ў каленах вашых людзей мудрых, разумных і выспрабаваных, і я пастаўлю іх начальнікамі вашымі”. 
І адказалі вы мне, і сказалі: “Добрая гэта рэч, якую ты кажаш зрабіць”. 
І выбраў я тады з начальнікаў каленаў вашых мужоў справядлівых і выспрабаваных, і паставіў іх начальнікамі над вамі: тысячнікамі, сотнікамі, пяцідзясятнікамі, дзясятнікамі і загадчыкамі працы для каленаў вашых. 
І загадаў я судзьдзям вашым, кажучы: “Слухайце справу братоў вашых і судзіце справядліва між чалавекам і братам ягоным, і прыхаднем. 
Не глядзіце на аблічча ў судзе, выслухайце як малога, так і вялікага. Ня бойцеся аблічча чалавека, бо гэта суд Божы. А справу, якая для вас будзе цяжкай, прынясіце да мяне, і я выслухаю яе”. 
І я загадаў вам пра ўсе рэчы, якія вы маеце рабіць. 
І вырушылі мы ад Харэву і прайшлі ўсю пустыню гэтую, вялікую і страшную, якую вы бачылі, па шляху да гор Амарэйскіх, як загадаў нам ГОСПАД, Бог наш, і прыйшлі ў Кадэш-Барнэа. 
І я сказаў вам: “Вы прыйшлі да гор Амарэйскіх, якія ГОСПАД, Бог наш, дае нам. 
Глядзі, ГОСПАД, Бог ваш, даў зямлю перад абліччам вашым, увайдзі і вазьмі яе ў валоданьне, як сказаў табе ГОСПАД, Бог бацькоў тваіх; ня бойся і не палохайся”. 
І падыйшлі вы ўсе да мяне, і сказалі: “Пашлём людзей перад абліччам нашым, каб агледзелі зямлю і паведамілі пра дарогу, якою маем ісьці, і пра гарады, у якія маем увайсьці”. 
І было добрым у вачах маіх слова гэтае, і я выбраў спаміж вас дванаццаць мужоў, па адным з кожнага калена. 
І яны выйшлі, і скіраваліся ў горы, і дайшлі да даліны Эшколь, і агледзелі яе. 
І ўзялі яны ў рукі свае плады той зямлі, і прынесьлі нам, і паведамілі нам, і сказалі: “Добрая тая зямля, якую дае нам ГОСПАД, Бог наш”. 
Але вы не хацелі ісьці і не паслухалі слова ГОСПАДА, Бога нашага. 
І наракалі ў намётах сваіх, і казалі: “З нянавісьці да нас вывеў нас ГОСПАД з зямлі Эгіпецкай, каб выдаць нас у рукі Амарэйцаў на загубу. 
Куды пойдзем? Браты нашыя напалохалі сэрцы нашыя, кажучы: “Народ той шматлікі і большы за нас, гарады там вялікія і аж у неба ўмацаваныя; і бачылі мы таксама там сыноў Анака”. 
І сказаў я вам: “Не дрыжыце і ня бойцеся іх. 
ГОСПАД, Бог наш, Які ідзе перад намі, будзе ваяваць за нас, як зрабіў Ён у Эгіпце на вачах нашых, 
і ў пустыні, дзе ты бачыў, як ГОСПАД, Бог твой, насіў цябе, як носіць чалавек сына свайго, на ўсім шляху, якім вы ішлі, аж пакуль не прыйшлі вы ў месца гэтае. 
Але вы так і не паверылі слову ГОСПАДА, Бога вашага, 
Які ішоў перад вамі ў дарозе, каб шукаць вам месца для табару вашага — ноччу ў агні, каб асьвятляць вам шлях, якім маеце ісьці, а ўдзень — у воблаку”. 
І пачуў ГОСПАД голас словаў вашых, і разгневаўся, і прысягнуў, кажучы: 
“Ня ўбачыць ніводзін чалавек з гэтага пакаленьня ліхога тую добрую зямлю, якую Я прысягнуў даць бацькам вашым, 
акрамя Халева, сына Ефунны. Ён яе ўбачыць, яму і сынам яго дам Я зямлю гэтую, па якой ён хадзіў, бо ён спаўняў слова ГОСПАДА”. 
Таксама на мяне загневаўся ГОСПАД з-за вас, кажучы: “І ты туды ня ўвойдзеш. 
Егошуа, сын Нуна, які стаіць перад абліччам тваім, ён туды ўвойдзе. Яго падбадзёрвай, бо ён дасьць Ізраілю ў валоданьне зямлю. 
Дзеці вашыя, пра якіх вы гаварылі, што павядуць іх у палон, і сыны вашыя, якія сёньня не разумеюць, што добрае, а што ліхое, яны ўвойдуць туды; ім Я дам зямлю гэтую, і яны завалодаюць ёю. 
А вы павярніце і рушце ў пустыню шляхам да Мора Чырвонага”. 
І адказалі вы мне, і сказалі: “Саграшылі мы перад ГОСПАДАМ, мы пойдзем і будзем ваяваць, як загадаў нам ГОСПАД, Бог наш”. І вы перапаясаліся зброяй баявой і адважыліся пайсьці на гару. 
І сказаў ГОСПАД мне: “Скажы ім: "Не ўзыходзьце і не ваюйце, бо няма Мяне сярод вас, каб не пабілі вас ворагі вашыя"”. 
І я прамаўляў да вас, і вы не паслухалі, і супрацівіліся слову ГОСПАДА, і, гнаныя пыхаю, узыйшлі на гару. 
І выйшлі супраць вас Амарэйцы, якія жылі на той гары, і пагналі вас, як робяць пчолы, і білі вас ад Сэіру аж да Хармы. 
І вярнуліся вы, і плакалі перад абліччам ГОСПАДА, але ГОСПАД ня выслухаў голасу вашага і не прыхіліў вуха да вас. 
І былі вы ў Кадэшы шмат дзён, столькі дзён, колькі там заставаліся. 
