﻿ЛІКІ.
34.
І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы: 
«Загадай сынам Ізраіля і скажы ім: “Калі ўвойдзеце ў зямлю Ханаан, вось зямля, якая будзе вам у спадчыну, зямля Ханаан у межах ейных. 
Паўднёвая мяжа будзе ад пустыні Сін да ваколіц Эдому, і будзе паўднёвая мяжа з усходу ад краю Мора Салёнага. 
І зьверне мяжа вашая на поўдзень да ўзвышша Акраббім, і пойдзе праз Сін на поў­дзень да Кадэш-Барнэа, і пойдзе да Хацар-Адару, і дойдзе да Ацмону. 
Ад Ацмону паверне мяжа да ручаю Эгіпецкага і спыніцца на беразе мора. 
Вашай мяжой заходняй будзе для вас Мора Вялікае, гэта будзе ваша мяжа заходняя. 
На поўначы будзе ў вас мяжа ад Мора Вялікага пачынаючы і аж да гары Гор, 
і ад гары Гор павядзіце мяжу да ўваходу ў Хамат і далей, да мяжы Цэдаду. 
І пойдзе мяжа да Зіфрону, і дойдзе да Гацар-Энану. Гэта будзе для вас мяжа паўночная. 
Усходнюю мяжу правядзіце ад Гацар-Энану да Шэфамы, 
і ад Шэфамы пойдзе мяжа да Рыўлі на ўсход да Аіну, і зыйдзе мяжа далей, і прой­дзе праз горы на ўсход ад мора Кінэрэт, 
і зыйдзе мяжа ўздоўж Ярдану, і спыніцца пры Моры Салёным. Гэта будзе зямля вашая з межамі сваімі наўкола”». 
І загадаў Майсей сынам Ізраіля, кажучы: «Вось зямля, якую маеце падзяліць жэрабям і якую загадаў ГОСПАД даць дзевяці пакаленьням і палове пакаленьня. 
Бо пакаленьне сыноў Рубэна паводле дамоў бацькоў сваіх, і пакаленьне сыноў Гада паводле дамоў бацькоў сваіх, і палова пакаленьня Манасы атрымалі спадчыну сваю. 
Гэтыя два пакаленьні і палова пакаленьня ўзялі спадчыну сваю з таго боку Ярдану насупраць Ерыхону на ўсход». 
І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы: 
«Гэта імёны людзей, якія падзеляць вам зямлю: Элеазар сьвятар і Егошуа, сын Нуна. 
І возьмеце па адным князі з кожнага пакаленьня, каб падзяліць зямлю на ўласнасьць. 
Вось імёны тых людзей: з пакаленьня Юды — Халеў, сын Ефунны, 
з пакаленьня сыноў Сымона — Шэмюэль, сын Амігуда, 
з пакаленьня Бэн’яміна — Элідад, сын Кісьлёна, 
з пакаленьня сыноў Дана — Букі, сын Ёглі, 
з сыноў Язэпа, з пакаленьня сыноў Манасы — Ханіэль, сын Эфода, 
з пакаленьня сыноў Эфраіма — Кэмуэль, сын Шыфтана, 
з пакаленьня сыноў Завулёна — Эліцафан, сын Парнаха, 
з пакаленьня сыноў Ісахара — Пальтыэль, сын Азана, 
з пакаленьня сыноў Асэра — Эхігуд, сын Шэломіі, 
з пакаленьня сыноў Нэфталі — Пэдагель, сын Амігуда». 
Гэта тыя, якім загадаў ГОСПАД падзяліць зямлю Ханаан між сыноў Ізраіля. 
