﻿ЛІКІ.
31.
І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы: 
«Помстай адпомсьці за сыноў Ізраіля Мадыянцам, а потым будзеш далучаны да народу свайго». 
І прамовіў Майсей да народу, кажучы: «Узбройце спаміж сябе мужчынаў на вайну, і няхай яны выйдуць супраць Мадыянцаў, і выканаюць помсту ГОСПАДА над Мадыянцамі. 
Выбярыце па тысячы з пакаленьня, з кожнага пакаленьня Ізраіля і пашліце на вайну». 
І выдзелена было па тысячы з кожнага пакаленьня Ізраіля, дванаццаць тысячаў узброеных да бою. 
І паслаў іх Майсей па тысячы з пакаленьня, і Пінхас, сын Элеазара сьвятара, на вайну. І посуд сьвяты, і трубы былі ў руцэ ягонай. 
І ваявалі яны супраць Мадыянцаў, як загадаў ГОСПАД Майсею, і выбілі ўсіх мужчынаў, 
і валадароў Мадыяну пазабвалі, акрамя тых, якія загінулі ў бітве: Эвія, Рэкема, Цура, Хура, Рэву, пяць валадароў Мадыяну; і Білеама, сына Бэора, забілі мячом. 
І ўзялі ў палон сыны Ізраіля жанчынаў Мадыянскіх і дзяцей іхніх. І ўсю жывёлу іхнюю, і ўсе статкі іхнія, і ўсю маёмасьць іхнюю забралі, 
а ўсе гарады іхнія, усе паселішчы іхнія і ўсе мястэчкі іхнія спалілі агнём. 
І забралі яны здабычу сваю, як людзей, так і жывёлу. 
І прывялі яны палонных, і здабычу, і нарабаванае да Майсея і Элеазара сьвятара, і да ўсёй грамады сыноў Ізраіля ў табар на раўнінах Мааву над Ярданам насупраць Ерыхону. 
І выйшлі Майсей і Элеазар сьвятар, і ўсе князі грамады на сустрэчу ім па-за табар. 
І загневаўся Майсей на начальнікаў войска, на тысячнікаў і сотнікаў, якія вярталіся з вайны. 
І сказаў ім Майсей: «Чаму вы пакінулі пры жыцьці ўсіх жанчынаў? 
Ці ж не яны за намовай Білеама сыноў Ізраіля зрабілі нявернымі перад ГОСПАДАМ праз Пэора, і была пляга сярод грамады ГОСПАДА? 
І цяпер забіце ўсіх дзяцей мужчынскага роду і ўсіх жанчынаў, якія пазналі мужчынаў. 
А ўсіх дзяўчат, якія не пазналі мужчынаў, пакіньце пры жыцьці. 
І вы будзеце па-за табарам сем дзён. Усе, хто забіў душу або дакрануўся да забітага, мусіць ачысьціцца ў трэці і ў сёмы дзень, вы і палонныя вашыя. 
І ўсё адзеньне, і ўсе вырабы са скуры, і ўсё, што зроблена з воўны казінай, і ўсе драўляныя рэчы будуць ачышчаны». 
І сказаў Элеазар сьвятар ваярам, якія былі на вайне: «Гэта пастанова закону, якую загадаў ГОСПАД Майсею. 
Золата, срэбра, медзь, жалеза, цына, волава 
і ўсе рэчы, якія мо­гуць прайсьці праз агонь, няхай пройдуць праз агонь і будуць чыстымі. Тое, што ня можа прайсьці праз агонь, няхай пройдзе праз ваду, і будзе ачышчана нячыстасьць. 
І ў сёмы дзень вы памыеце адзеньне вашае, і будзеце ачышчаныя, і ўвойдзеце ў табар». 
І сказаў ГОСПАД Майсею, кажучы: 
«Палічыце здабычу, якая здабытая, ад чалавека да жывёлы, ты і Элеазар сьвятар, і галовы дамоў грамады. 
І падзеліш здабычу паміж тымі, што ваявалі і выйшлі на вайну, і паміж усёй грамадой. 
І выдзеліш частку ГОСПАДУ ад ваяроў, якія былі на вайне — адну душу на пяцьсот, як з людзей, так і з валоў, аслоў і авечак. 
І з гэтай паловы возьмеш і дасі Элеазару сьвятару як ахвярны дар ГОСПАДУ. 
А з паловы сыноў Ізраіля вазьмі адну частку з пяцідзесяці: з людзей, валоў, аслоў і авечак, з усяго быдла, і дасі гэта лявітам, якія служаць пры Сялібе ГОСПАДА». 
І зрабілі Майсей і Элеазар сьвятар, як загадаў ГОСПАД Майсею. 
І была здабыча, якую народ здабыў на вайне, — шэсьцьсот семдзясят пяць тысячаў авечак, 
семдзясят дзьве тысячы валоў, 
шэсьцьдзясят адна тысяча аслоў, 
а душаў людзкіх, жанчынаў, якія не пазналі мужчынаў, было разам трыццаць дзьве тысячы. 
І была палова дадзена тым, якія былі на вайне: трыста трыццаць сем тысячаў пяцьсот авечак. 
І была частка ГОСПАДУ з авечак — шэсьцьсот семдзясят пяць авечак. 
І было валоў трыццаць шэсьць тысячаў, а частка ГОСПАДУ была семдзясят два валы. 
І было трыццаць тысячаў пяцьсот аслоў, а частка ГОСПАДУ была шэсьцьдзясят адзін асёл. 
І было шаснаццаць тысячаў душаў людзкіх, а частка ГОСПАДУ была трыццаць дзьве душы. 
І аддаў Майсей Элеазару сьвятару частку гэтую як дар ахвярны ГОСПАДУ, як загадаў ГОСПАД Майсею. 
А палова для сыноў Ізраіля, якую ўзяў Майсей у ваяроў, была: 
трыста трыццаць сем тысячаў пяцьсот авечак, 
трыццаць шэсьць тысячаў валоў, 
трыццаць тысячаў пяцьсот аслоў 
і шаснаццаць тысячаў душаў людзкіх. 
І ўзяў Майсей з паловы сыноў Ізраіля адну пяцідзясятую частку з людзей і жывёлы, і аддаў яе лявітам, якія служаць пры Сялібе ГОСПАДА, як загадаў ГОСПАД Майсею. 
І прыйшлі да Майсея правадыры, начальнікі дружынаў войска, тысячнікі і сотнікі, 
і сказалі Майсею: «Мы, слугі твае, палічылі ваяроў, якія пад рукой нашай, і не загінуў ніводзін з іх. 
І прынесьлі мы як дар ахвярны ГОСПАДУ знойдзеныя вырабы з золата: ланцужкі, бранзалеты, пярсьцёнкі, завушніцы і нашыйнікі, каб перапрасіць за душы нашыя перад абліччам ГОСПАДА». 
І ўзялі Майсей і Элеазар сьвятар золата і ўсе вырабы з яго. 
І было золата, аддадзенага тысячнікамі і сотнікамі ў ахвяру ГОСПАДУ, шаснац­цаць тысячаў семсот пяцьдзясят сыкляў. 
А кожны з ваяроў меў яшчэ сваю здабычу. 
І ўзялі Майсей і Элеазар сьвятар золата ад тысячнікаў і сотнікаў, і занесьлі ў Намёт Спатканьня як памятны дар сыноў Ізраіля перад абліччам ГОСПАДА. 
