﻿ЛІКІ.
28.
І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы: 
«Загадай сынам Ізраіля і скажы ім: “Няхай пільну­юць, каб у свой час складаць дары ахвярныя Мне і хлеб Мой, ахвяру агнявую на мілы пах Мне”. 
І скажаш ім: “Гэта ахвяра агнявая, якую вы павінны складаць ГОСПАДУ: два аднагадовыя ягняты штодзень у ахвяру цэласпаленьня заўсёды. 
Адно ягня складзіцё ў ахвяру раніцай, а другое скла­дзіцё ўвечары, 
і дзясятую частку эфы пшанічнай мукі, запраўленай чацьвёртай часткай гіну най­чысьцейшага алею як ахвяру хлебную. 
Гэта цэласпаленьне заўсёднае, якое склалі вы на гары Сынай на мілы пах, ахвяра агнявая ГОСПАДУ. 
І як ахвяру вадкую чацьвёртую частку гіну віна на кожнае ягня. На сьвятым месцы вылівайце ахвяру вадкую, сікеру для ГОСПАДА. 
А другое ягня складзіцё ў ахвяру ўвечары, і ахвяру хлебную, і ахвяру вадкую, як раніцаю. Гэта ахвяра агнявая, мілы пах ГОСПАДУ. 
А ў дзень суботы ахвяруеце двух аднагадовых ягнятаў без заганы і дзьве дзясятыя эфы мукі, запраўленай алеем, як ахвяру хлебную, і ахвяру вадкую. 
Гэта суботняя ахвяра цэласпаленьня на кожную суботу, апрача заўсёднай ахвяры цэласпаленьня і ахвяры вадкай. 
А ў кожны першы дзень вашага месяца складайце ГОСПАДУ ахвяру цэласпаленьня: два бычкі, аднаго барана і сем аднагадовых ягнят без заганы. 
На кожнага бычка палажыце тры дзясятыя эфы пшанічнай мукі, запраўленай алеем, як ахвяру хлебную, і на кожнага барана — дзьве дзясятыя эфы пшанічнай мукі, запраўленай алеем, як ахвяру хлебную, 
і на кожнае ягня як ахвяру хлебную палажыце дзясятую частку эфы пшанічнай мукі, запраўленай алеем. Гэта цэла­спаленьне, мілы пах, ахвяра агнявая ГОСПАДУ. 
І ахвяра вадкая: палова гіну віна на бычка, адна трэцяя гіну на барана і адна чацьвёртая гіну на ягня. Гэта цэласпаленьне ў кожны першы дзень месяца на ўсе месяцы году. 
І адзін казёл будзе складзены ГОСПАДУ ў ахвяру за грэх, апрача заўсёднай ахвяры цэласпаленьня і належная ахвяра вадкая. 
А ў першы месяц, у чатырнаццаты дзень месяца — Пасха ГОСПАДА. 
У пятнаццаты дзень гэтага месяца будзе сьвята. Сем дзён будзеце есьці толькі праснакі. 
У першы дзень будзе сьвяты сход, ніякай працы, ніякай работы ў той дзень не рабіце. 
І складзіце ахвяру агнявую, цэласпаленьне ГОСПАДУ: два бычкі, аднаго барана і сем аднагадовых ягнят без заганы; 
і ахвяру хлебную з пшанічнай мукі, запраўленай алеем: тры дзясятыя эфы на бычка, дзьве дзясятыя на барана, 
і адна дзясятая на кожнага з сямі ягнят, 
і аднаго казла ў ахвяру за грэх, каб перапрасіць за вас. 
Апрача ранішняга цэла­спаленьня, якое цэласпаленьне заўсёднае, складайце гэтыя ахвяры. 
Такія ахвяры будзеце складаць штодзень сем дзён, як спажыву, ахвяру агнявую, мілы пах ГОСПАДУ. Апрача цэласпаленьня заўсёднага і ахвяры вадкай будуць складацца гэтыя ахвяры. 
А ў дзень сёмы будзе для вас сьвяты сход, ніякай працы, ніякай работы не рабіце. 
У дзень пяршынаў, калі складаеце ГОСПАДУ ахвяру з новага збожжа ў сьвята Тыдняў, будзе сьвяты сход, і ніякай працы, ніякай работы не рабіце. 
І складзіце цэласпаленьне на мілы пах ГОСПАДУ: двух бычкоў, аднаго барана і сем аднагадовых ягнят, 
і ахвяру хлебную: пшанічную муку, запраўленую алеем; тры дзясятыя эфы на аднаго бычка, дзьве дзясятыя на барана 
і адна дзясятая на кожнага з сямі ягнят. 
І аднаго казла, каб перапрасіць за вас. 
Апрача цэласпаленьня заўсёднага, і ахвяры хлебнай, і ахвяры вадкай, складайце гэта ў ахвяру; ахвяры маюць быць без заганы. 
