﻿ЛІКІ.
23.
І сказаў Білеам Балаку: «Пастаў мне тут сем ахвярнікаў і падрыхтуй мне сем бычкоў і сем бараноў». 
І Балак зрабіў так, як прамовіў Білеам, і склалі ў ахвяру Балак і Білеам бычка і барана на кожным ахвярніку. 
І сказаў Білеам Балаку: «Застанься каля цэласпаленьня твайго, а я пайду, можа, мяне спаткае ГОСПАД, і слова, якое Ён мне зьявіць, я паведамлю табе». І ён узыйшоў на лысы ўзгорак. 
І сустрэў Бог Білеама, і той сказаў Яму: «Паставіў я сем ахвярнікаў, і на кожным ахвярніку склалі ў ахвяру бычка і барана». 
І ўлажыў ГОСПАД слова ў вусны Білеама, і сказаў: «Вярніся да Балака і гэта скажы». 
І вярнуўся Білеам, і вось, Балак стаіць каля цэласпаленьня свайго, ён і ўсе князі Мааву. 
І абвясьціў ён прароцтва сваё, і сказаў: «З Араму прывёў мяне Балак, валадар Мааву, з гор усходніх, кажучы: “Прыйдзі і пракляні мне Якуба! Прыйдзі і навядзі няшчасьце на Ізраіля!” 
Як магу я праклінаць таго, каго не праклінае Бог? Як магу навесьці на каго няшчасьце, калі ГОСПАД не наводзіць яго? 
Бо я бачу яго з вяршыні скалаў і з узгорышчаў гляджу на яго. Вось, народ, які жыве асобна і сярод народаў ня лічыцца. 
Хто можа палічыць пыл Якуба, і лік чацьвёртай часткі Ізраіля? Няхай памрэ душа мая сьмерцю справядлівых, і няхай будзе канец мой падобны іхняму». 
І сказаў Балак Білеаму: «Што ты робіш? Я цябе паклікаў праклінаць ворагаў маіх, а ты, вось, дабраслаўляючы, дабраслаўляеш іх!» 
І адказаў Білеам, і сказаў: «Хіба ня тое, што ўложыць ГОСПАД у вусны мае, я павінен прамаўляць?» 
І сказаў яму Балак: «Ха­дзі са мной на іншае месца, з якога толькі частку Ізраіля ўбачыш, а ўсяго ня будзеш бачыць, і адтуль яго пракляні». 
І завёў ён яго на Поле Вартаўнікоў, на вяршыню Пісгі, і пабудаваў сем ахвярнікаў, і ахвяраваў на кожным ахвярніку бычка і барана. 
І сказаў Білеам Балаку: «Застанься тут каля цэласпаленьня твайго, а я спаткаюся з Госпадам». 
І сустрэў ГОСПАД Білеама, і ўлажыў словы ў вусны ягоныя, і сказаў: «Вяртайся да Балака і гэта прамовіш». 
І вярнуўся Білеам, і вось, Балак стаіць каля цэласпаленьня свайго, і князі Мааву з ім, і сказаў яму Балак: «Што прамовіў ГОСПАД?» 
І ён абвясьціў прароцтва сваё, і сказаў: «Устань, Балак, і слухай, і прыхілі вуха, сыне Цыпора! 
Бог — гэта не чалавек, каб Ён падманваў, і ня сын чалавечы, каб памыляўся. Ці ж Ён кажа і ня робіць? Ці ж Ён прамовіў і ня споўніў? 
Вось, дабраслаўляць прывёў Ён мяне, і Ён дабраславіў, і я не стрымаю гэтага. 
Не заўважна беззаконьня ў Якуба і ня бачна гора ў Ізраіля. ГОСПАД, Бог ягоны, з ім, і гоман у яго на славу валадара ягонага. 
Бог вывеў яго з Эгіпту. Ён для іх — як рог аднарога. 
Няма варажбы ў Якуба, ані прадказаньняў у Ізраіля. У свой час будзе сказана Якубу і Ізраілю, што ўчыніць Бог. 
Вось, народ, як ільвіца, падымаецца і, як леў, становіцца; ён ня ляжа, пакуль ня зьесьць здабычы і пакуль не нап’ецца крыві забітых». 
І сказаў Балак Білеаму: «Калі ты праклёнам не праклянеш яго, дык не дабраслаўляй яго, дабраслаўляючы!» 
І адказаў Білеам, і сказаў Балаку: «Ці ж я табе не прамаўляў, кажучы: "Усё тое, што мне ГОСПАД прамовіць, я зраблю"?» 
І сказаў Балак Білеаму: «Хадзі, я завяду цябе на іншае месца. Можа, спадабаецца ў вачах Бога, і ты адтуль праклянеш яго?» 
І завёў Балак Білеама на вяршыню гары Пэор, што ўзвышаецца перад абліччам зямлі бязьлюднай. 
І сказаў Білеам Балаку: «Пабудуй мне тут сем ахвярнікаў і падрыхтуй мне тут сем бычкоў і сем бараноў». 
І зрабіў Балак, як яму сказаў Білеам, і ахвяраваў бычка і барана на кожным ахвярніку. 
