﻿ЛІКІ.
21.
І пачуў валадар Араду, Хананеец, які жыў у Нэгеве, што Ізраільцяне ідуць шляхам ад Атарыму, і напаў ён на Ізраіля, і ўзяў палонных. 
І шлюбаваў Ізраіль ГОСПАДУ, і сказаў: «Калі Ты, выдаючы, выдасі народ гэты ў рукі нашыя, мы паложым закляцьце на гарады ягоныя». 
І выслухаў ГОСПАД голас Ізраіля, і выдаў яму Хананейцаў, і яны палажылі закляцьце на іх і на гарады іхнія, і назвалі імя месцу гэтаму Харма. 
І выйшлі яны ад гары Гор шляхам да Мора Чырвонага, каб абыйсьці зямлю Эдом. І ў часе дарогі душа народу страціла цярплівасьць. 
І гаварыў народ супраць Бога і супраць Майсея: «Навошта вы вывелі нас з Эгіпту, каб мы памерлі ў пустыні? Няма хлеба, няма вады. І душы нашай абрыд гэты марны хлеб». 
І паслаў ГОСПАД на народ палючых зьмеяў, і яны кусалі народ, і памерла шмат народу ў Ізраілі. 
І прыйшоў народ да Майсея, і сказаў: «Саграшылі мы, бо гаварылі супраць ГОСПАДА і супраць цябе. Маліся да ГОСПАДА, каб забраў Ён ад нас гэтых зьмеяў». І маліўся Майсей за народ. 
І сказаў ГОСПАД Майсею: «Зрабі зьмея палючага і падымі яго як сьцяг. Кожны ўкушаны, калі гляне на яго, будзе жыць». 
І зрабіў Майсей зьмея мядзянага, і ўзьняў яго як сьцяг, і сталася, што калі зьмей укусіў чалавека, а ён глянуў на зьмея мядзянага, дык заставаўся жыць. 
І выйшлі ў дарогу сыны Із­раіля, і сталі табарам у Абоце. 
І выйшлі з Аботу, і сталі табарам пад Іе-Абарымам у пустыні, якая на ўсход ад Мааву. 
Адтуль выйшлі і сталі табарам каля ручая Зарэд. 
Адтуль выйшлі і сталі табарам за ракою Арнон, якая цячэ праз пустыню з межаў Амарэйцаў, бо Арнон — мяжа між Мааўлянамі і Амарэйцамі. 
Таму сказана ў Кнізе войнаў ГОСПАДА: «Вагэў каля Суфа і ручаёў Арнону. 
Схіл ручаёў сягае аж да мясцовасьці Ар і прылягае аж да межаў Мааву». 
Адтуль рушылі ў Бээр. Гэта тая студня, пра якую сказаў ГОСПАД Майсею: «Зьбяры народ, і Я дам яму вады». 
Тады засьпяваў Ізраіль гэты сьпеў: «Напаўняйся, студня, сьпявайце пра яе! 
Студня, якую выкапалі князі, начальнікі народу капалі скіпетрамі і кіямі сваімі». З пустыні яны вырушылі ў Матану, 
з Матаны — у Нахаліэль, з Нахаліэлю — у Бамот, 
з Бамоту — у лагчыну, якая на полі Мааву, каля вяршыні гары Пісга, што ўзвышаецца перад абліччам зямлі бязьлюднай. 
І паслаў Ізраіль пасланцоў да Сыгона, валадара Амарэйцаў, кажучы: 
«Дазволь мне прайсьці праз зямлю тваю; ня збочым мы на палі і на вінаграднікі, ня будзем піць са студняў, пойдзем шляхам валадарскім, пакуль ня пройдзем межы твае». 
Але Сыгон не дазволіў Ізраілю прайсьці праз межы свае, і сабраў Сыгон увесь народ свой, і пераняў Ізраіля ў пустыні, і прыйшоў у Ягцу, і напаў на Ізраіля. 
І перамог яго Ізраіль вострывам мяча, і заняў зямлю ягоную ад Арнону аж да Ябоку, аж да зямлі сыноў Амона, бо моцнымі былі межы сыноў Амона. 
І авалодаў Ізраіль усімі гарадамі тымі, і абжыўся Ізраіль у гарадах Амарэйцаў, у Хешбоне і ў-ва ўсіх ваколіцах ягоных. 
Хешбон быў горадам Сыгона, валадара Амарэйцаў, які ваяваў з папярэднім валадаром Мааву і забраў з рукі ягонай ўсю зямлю аж да Арнону. 
Таму гаворыцца ў прыказцы: «Ідзіце ў Хешбон! Няхай будзе адбудаваны і ўмацаваны горад Сыгона! 
Бо агонь выйшаў з Хешбону, полымя з гораду Сыгона, спаліў Ар-Мааў і ўладароў узгорышчаў Арнону. 
Гора табе, Мааў; прапаў ты, народ Хамоша! Змусіў ён сыноў тваіх да ўцёкаў, а дочак тваіх аддаў у палон Сыгону, валадару Амарэйцаў. 
Пусьцілі мы стрэлы ў іх, загінуў Хешбон аж да Дыбону. Зьнішчылі мы ўсё аж да Нофы і аж да Мэдэвы». 
І абжыўся Ізраіль у зямлі Амарэйцаў. 
І паслаў Майсей выведчыкаў у Язэр. І яны здабылі яго і ваколіцы ягоныя, і выгналі Амарэйцаў, якія былі там. 
І яны павярнулі, і пайшлі па шляху ў Башан. І выйшаў Ог, валадар Башану, насустрач ім на бітву з усім народам сваім у Эдрэі. 
І ГОСПАД сказаў Майсею: «Ня бойся яго, бо Я аддаў ў рукі твае яго і ўвесь народ ягоны, і зямлю ягоную, і ты зробіш з ім так, як зрабіў з Сыгонам, валадаром Амарэйцаў, які жыў у Хешбоне». 
І яны пабілі яго і сыноў ягоных, і ўвесь народ ягоны, аж нікога не засталося з іх, і авалодалі зямлёй ягонай. 
