﻿ЛІКІ.
18.
І сказаў ГОСПАД Ааро­ну: «Ты і сыны твае, і дом бацькі твайго з табой будзеце насіць віну за беззаконьні адносна Сялібы. Ты і сыны твае будзеце насіць віну за беззаконьні адносна сьвятарства вашага. 
Таксама браты твае, пакаленьне Левія, племя бацькі твайго, няхай наблізяцца да цябе і дапамагаюць табе; а ты і сыны твае з табою будзеце пры Намёце Спатканьня. 
І будуць яны захоўваць тое, што патрэбнае для цябе і для Сялібы, але да сьвятых рэчаў і да ахвярніка ня будуць яны набліжацца, каб не памерлі ані яны, ані вы. 
І будуць яны пры табе і будуць захоўваць усё адносна Намёту Спатканьня, усю службу пры Сялібе, але ніводзін чужынец ня будзе набліжацца да вас. 
І вы будзеце захоўваць службу пры сьвятыні і пры ахвярніку, каб не было больш гневу на сыноў Ізраіля. 
Вось, Я ўзяў братоў вашых, лявітаў, спасярод сыноў Ізраіля і даў іх як дар ГОСПАДУ, каб яны выконвалі служэньне ў Намёце Спатканьня. 
А ты і сыны твае з табою будзеце захоўваць сьвятарства вашае і ўсё, што належыць да ахвярніка і месца за заслонай. Я даю вам як дар сьвятарства вашае, а калі чужынец наблізіцца да яго, памрэ». 
І прамовіў ГОСПАД да Аарона: «Вось, Я даю табе нагляд за дарамі Маімі. Усе дары, якія пасьвячаюць Мне сыны Ізраіля, Я даю табе і сынам тваім за служэньне сьвятарскае як пастанову вечную. 
Гэта будзе табе са сьвятога сьвятых, з ахвяраў агнявых: возьмеш кожны дар ахвярны, ахвяру хлебную, ахвяру за грэх і ахвяру аднагараджэньня, якія Мне прыносяць; як сьвятое сьвятых будуць яны для цябе і для сыноў тваіх. 
У Сьвятым Сьвятых бу­дзеш іх есьці; кожны мужчына можа есьці гэта, бо гэта сьвятыня для цябе. 
А ўсе дары ахвярныя, якія патрэсваюць, складаючы, сыны Ізраіля, Я даю табе, і сынам тваім, і дочкам тваім як пастанову вечную; кожны чысты ў доме тваім будзе есьці іх. 
Табе Я даю ўсю тлус­тасьць алею, і ўсю тлустасьць віна і збожжа, якое сыны Ізраіля прыносяць ГОСПАДУ як першыя плады. 
І пяршыны, якія яны прыносяць ГОСПАДУ з усёй зямлі іхняй, будуць твае. Кожны чысты ў доме тваім, будзе есьці іх. 
Усё, што пад закляцьцем у Ізраілі, будзе тваім. 
Усе першародныя ўлоньня кожнага цела, якія прыносяцца ГОСПАДУ, ці з людзей, ці з жывёлы, будуць тваімі. Але людзей першародных і кожнай жывёлы, якая нячыстая, выкупіш, выкупляючы. 
Выкупіш іх праз месяц пасьля нараджэньня за пяць сыкляў срэбра паводле сыклю сьвятыні; сыкль мае дваццаць гераў. 
Першародных каровы, першародных авечкі і першародных казы ня будзеш выкупляць, бо яны сьвятыя. Кроў іхнюю выльеш на ахвярнік, а тлушч іхні спаліш у агні на мілы пах ГОСПАДУ. 
Мяса іхняе будзе тваім, таксама грудзіна патрасаная і правая лапатка будуць тваімі. 
Усе дары сьвятыя, якія прыносяць сыны Ізраіля ГОСПАДУ, Я даю табе, і сынам тваім, і дочкам тваім з табою як пастанову вечную. Гэта вечны запавет солі перад абліччам ГОСПАДА для цябе і насеньня твайго з табою». 
І сказаў ГОСПАД Аарону: «У зямлі іхняй ня будзеш мець спадчыны і ня будзеш мець між імі часткі зямлі. Я — частка твая і спадчына твая між сынамі Ізраіля. 
Вось, сынам Левія Я даю як спадчыну ўсе дзесяціны ў Ізраілі за служэньне, якое яны выконваюць у Намёце Спатканьня. 
А сыны Ізраіля ня бу­дуць больш набліжацца да Намёту Спатканьня, каб не ўчыніць грэху, які вядзе да сьмерці. 
Толькі лявіты будуць выконваць служэньне ў Намёце Спатканьня, і яны самі бу­дуць несьці правіну сваю. Гэта пастанова вечная для пакаленьняў вашых. І ня бу­дуць лявіты мець спадчыны між сынамі Ізраіля, 
бо Я даў лявітам у спадчыну дзесяціны, якія сыны Ізраіля ахвяроўваюць ГОСПАДУ. Дзеля таго Я сказаў ім: “Між сыноў Ізраіля ня будзеце вы мець спадчыны”». 
І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы: 
«Прамоў да лявітаў і скажы ім: “Калі вы атрымаеце дзесяціны ад сыноў Ізраіля, якія Я даў вам у спадчыну, дзесяціну з дзесяціны маеце прынесьці ў дар ГОСПАДУ. 
І будзе гэта вам залічана як дар ад збожжа з току або ад таго, што напаўняе тоўчню. 
І вы таксама павінны складаць ахвяры ГОСПАДУ з усіх дзесяцінаў вашых, якія вы атрымліваеце ад сыноў Ізраіля; прынясіце іх ГОСПАДУ і дайце Аарону сьвятару як дар. 
З усяго, што атрымліваеце, прыносьце ўсялякія дары ГОСПАДУ, і з усяго найлепшага як сьвятой часткі гэтага”. 
І скажы ім: “Калі вы зложыце з дзесяцінаў ў ахвяру тлустасьць дароў, гэта будзе вам залічана як ахвяра з току і ахвяра з тоўчні. 
І будзеце гэта есьці на кожным месцы вы і дом ваш, бо гэта плата за службу вашую ў Намёце Спатканьня. 
І вы не панясеце на сабе грэху, калі ахвяруеце тлустасьць іхнюю, і не зьняважыце сьвятых дароў Ізраіля, і не памрацё”». 
