﻿ЛІКІ.
17.
І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы: 
«Прамоў да сыноў Ізраіля і вазьмі ад іх па кію, кій паводле дому бацькоў іхніх, ад усіх князёў паводле дому бацькоў іхніх, дванаццаць кіёў. Імя кожнага напішы на кіі ягоным. 
А на кіі Левія напішы імя Аарона, бо павінна быць па адным кіі на князя дому бацькоў сваіх. 
І палажы іх у Намёце Спатканьня перад Каўчэгам Сьведчаньня, дзе Я сустракаюся з табою. 
І станецца, што каго з іх Я абяру, таго кій заквітнее, і Я спыню нараканьні сыноў Ізраіля супраць Мяне, якімі яны наракаюць вам». 
І прамовіў Майсей да сыноў Ізраіля, і далі яму ўсе князі кіі ад князя дому бацькоў сваіх, адзін кій ад князя, дванаццаць кіёў, і кій Аарона паміж іх. 
Гэтыя кіі палажыў Майсей перад абліччам ГОСПАДА ў Намёце Спатканьня. 
І сталася назаўтра, і ўвайшоў Майсей у Намёт Спатканьня, і вось, заквітнеў кій Аарона з дому Левія, і выпусьціў пупышкі, закрасаваў і вырасьлі сьпелыя мігдалы. 
І вынес Майсей ад аблічча ГОСПАДА ўсе кіі да ўсіх сыноў Ізраіля, і яны ўбачылі, і кожны ўзяў кій свой. 
І сказаў ГОСПАД Майсею: «Кій Аарона палажы назад перад Каўчэгам Сьведчаньня, каб захаваўся як знак суп­раць сыноў бунту і каб спыніліся нараканьні супраць Мяне, і яны не памруць». 
І зрабіў Майсей, як загадаў яму ГОСПАД, так і зрабіў. 
І сказалі сыны Ізраіля Майсею, кажучы: «Вось, мы гінем, паміраем, усе паміраем! 
Усе, хто набліжаюцца да Сялібы ГОСПАДА, паміраюць. Ці ж мы, паміраючы, будзем вынішчаны?» 
