﻿ЛІКІ.
15.
І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы: 
«Прамоў да сыноў Ізраіля і скажы ім: “Калі ўвойдзеце ў зямлю пражываньня вашага, якую Я даю вам, 
і будзеце складаць ахвяры ГОСПАДУ, цэласпаленьні або ахвяры крывавыя, або як спаўненьне шлюбаваньняў, або дабраахвотныя, або пры ўрачыстасьцях вашых, каб прынесьці мілы пах ГОСПАДУ з валоў ці з авечак, 
тады той, хто прыносіць дар ахвярны ГОСПАДУ, прынясе ў ахвяру хлебную адну дзясятую эфы пшанічнай мукі, запраўленай адной чацьвёртай гіну алею. 
І віна як ахвяру вадкую дасьць разам з ахвярай цэласпаленьня або з ахвярай крывавай чацьвёртую частку гіну на кожнае ягня. 
А разам з ахвярай з барана складзеш як ахвяру хлебную дзьве трэці эфы пшанічнай мукі, запраўленай адной трэцяй гіну алею, 
і віна як ахвяру вадкую адну траціну гіну прынясеш на мілы пах ГОСПАДУ. 
Калі складаеш у ахвяру цяля на цэласпаленьне або ў ахвяру крывавую як спаўненьне шлюбаваньня, або ў ахвяру мірную для ГОСПАДА, 
дасі разам з цялём у ахвяру хлебную тры дзясятыя часткі эфы пшанічнай мукі, запраўленай паловай гіну алею, 
а ў ахвяру вадкую дасі палову гіну віна. Гэта ахвяра агнявая на мілы пах ГОСПАДУ. 
Так трэба рабіць пры кожнай ахвяры з цяляці, або барана, або ягняці як з авечак, так і з козаў. 
Паводле ліку ахвяраў, якія вы складаеце, так рабіце пры кожнай, паводле лічбы іх. 
Кожны тутэйшы так павінен рабіць гэта, складаючы ахвяру агнявую на мілы пах ГОСПАДУ. 
А калі нейкі прыхадзень, які ў вас, або які шмат пакаленьняў сярод вас, складзе ахвяру агнявую на мілы пах ГОСПАДУ, павінен складаць яе, як і вы. 
Пастанова царкоўная адна і для вас, і для прыхадняў у-ва ўсе пакаленьні вашыя; як вы, так і прыхадзень будзе перад абліччам ГОСПАДА. 
Адзін закон і адзін суд будзе як для вас, так і для прыхадняў, якія жывуць у вас”». 
І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы: 
«Прамоў да сыноў Ізраіля і скажы ім: “Калі вы прыйдзеце ў зямлю, у якую Я заводжу вас, 
і калі будзеце есьці хлеб той зямлі, выдзяліце дар для ГОСПАДА. 
Пяршыны цеста вашага печыва прынясіце як дар, як дар з току прынясіце яго. 
Будзеце складаць пяршыны цеста вашага як дар для ГОСПАДА ў-ва ўсе пакаленьні вашыя. 
Калі праз няведаньне вы ня споўніце ўсіх гэтых прыказаньняў, якія прамовіў ГОСПАД да Майсея, 
таго ўсяго, што загадаў вам ГОСПАД праз Майсея, ад дня, у які ГОСПАД загадаў гэта, і праз усе пакаленьні вашыя, 
і станецца, што перад вачыма грамады будзе зроблена гэта занядбаньне, павінна ўся грамада скласьці цяля ў ахвяру цэласпаленьня на мілы пах ГОСПАДУ, адпаведную ахвяру хлебную і ахвяру вадкую, і казла ў ахвяру за грэх. 
І перамоліць сьвятар за ўсю грамаду сыноў Ізраіля, і бу­дзе ім адпушчана, бо было гэта зроблена па няведаньні, і яны прынесьлі свой дар ахвярны, ахвяру агнявую для ГОСПАДА, і ахвяру за грэх перад абліччам ГОСПАДА за занядбаньне сваё. 
І будзе адпушчана ўсёй грамадзе сыноў Ізраіля і прыхадням, якія жывуць сярод іх, бо гэта занядбаньне ўсяго народу. 
Калі адна душа саграшыць занядбаньнем, няхай прынясе аднагадовую казу ў ахвяру за грэх. 
І сьвятар перапросіць за душу, якая праз занядбаньне саграшыла перад абліччам ГОСПАДА, і будзе за яе перапрошана, і будзе адпушчана ёй. 
Адзін закон будзе для ўсіх, як для тутэйшых спасярод сыноў Ізраіля, так і для прыхадняў, якія жывуць сярод вас, адносна таго, што рабіць пры занядбаньні. 
А калі душа з тутэйшых або з прыхадняў зробіць з узьнятай рукой зьнявагу ГОСПАДУ, будзе вынішчана душа тая спаміж народу свайго, 
бо яна пагардзіла словам ГОСПАДА і парушыла прыказаньне Ягонае. Такая душа будзе вынішчаная, і беззаконьне ейнае будзе на ёй”». 
І былі сыны Ізраіля ў пустыні, і знайшлі яны чалавека, які зьбіраў дровы ў дзень суботы. 
І прывялі яго тыя, кія знайшлі яго, да Майсея і Аарона, і да ўсёй грамады. 
Яны пакінулі яго пад вартай, бо ня ведалі, што з ім зрабіць. 
І сказаў ГОСПАД Майсею: «Гэты чалавек сьмерцю памрэ. Няхай уся грамада ўкамянуе яго па-за табарам». 
І вывела яго ўся грамада па-за табар, і ўкаменавалі яго, як загадаў ГОСПАД Майсею, і ён памёр. 
І сказаў ГОСПАД Майсею, кажучы: 
«Прамоў да сыноў Ізраіля і скажы ім, каб яны зрабілі сабе фрэнзьлі на краях шатаў сваіх і нашчадкаў сваіх і ўклалі ў іх ніткі з блакіту. 
І будзе, калі ўбачыце фрэнзлі вашыя, узгадаеце ўсе прыказаньні ГОСПАДА, каб выканаць іх і каб не ісьці вам за пажаданьнямі сэрца вашага і вачэй вашых, якія валакуць вас у распуснасьць, 
каб вы памяталі і каб выконвалі ўсе прыказаньні Мае, і будзеце сьвятымі перад Богам вашым. 
Я — ГОСПАД, Бог ваш, Які вывеў вас з зямлі Эгіпецкай, каб быць Богам вашым. Я — ГОСПАД, Бог ваш!» 
