﻿ЛІКІ.
14.
І ўстала ўся грамада, і ўзьняла голас свой, і плакаў народ у тую ноч, 
і наракалі на Майсея і Аарона ўсе сыны Ізраіля, і ўся грамада казала: «Лепш, каб мы памерлі ў Эгіпце, або ў пустыні гэтай. 
Навошта завёў нас ГОСПАД у зямлю гэтую, каб мы загінулі ад мяча, а жонкі нашыя і дзеці нашыя пайшлі ў палон? Ці ня лепш нам вярнуцца ў Эгіпет?» 
І казалі адзін аднаму: «Паставім сабе правадыра і вернемся ў Эгіпет». 
І ўпалі Майсей і Аарон на абліччы свае перад усёй царквою грамады сыноў Ізраіля. 
А Егошуа, сын Нуна, і Халеў, сын Ефунны, якія былі сярод выведнікаў зямлі, разь­дзёрлі шаты свае 
і сказалі ўсёй грамадзе сыноў Ізраіля, кажучы: «Зямля, якую мы абыйшлі, каб выве­даць яе, вельмі, вельмі добрая. 
Калі ласкавы будзе ГОСПАД, Ён увядзе нас у зямлю гэтую і дасьць нам зямлю, якая ацякае малаком і мёдам. 
Не бунтуйцеся супраць ГОСПАДА і ня бойцеся народу той зямлі, бо яны як хлеб для нас. Адыйшла абарона іхняя ад іх, а з намі ГОСПАД. Ня бойцеся іх». 
І казала ўся грамада, каб закідаць іх камянямі, але над Намётам Спатканьня зьявілася слава ГОСПАДА перад усімі сынамі Ізраіля. 
І сказаў ГОСПАД Майсею: «Дакуль будзе зьнева­жаць Мяне народ гэты? Дакуль ня будзе ён верыць усім знакам, якія Я ўчыніў сярод іх? 
Я наведаю яго пошасьцю і зьнішчу яго. А з цябе Я зраблю вялікі народ, мацнейшы за яго». 
І сказаў Майсей ГОСПАДУ: «І пачуюць Эгіпцяне, ад якіх Ты вывеў народ гэты магутнасьцю Тваёй, 
і скажуць жыхарам зямлі, якія чулі, што Ты, ГОСПА­ДЗЕ, пасярод народу гэтага, якому даеш бачыць Сябе вачамі, і воблака Тваё стаіць над імі, і Ты ідзеш перад імі ўдзень у слупе воблачным, а ўначы — у слупе вогненным. 
Калі народ гэты выб’еш да апошняга чалавека, скажуць народы, якія пра гэта пачу­юць, кажучы: 
“ГОСПАД ня змог увесьці народ у зямлю, якую ім запрысяг, дзеля таго Ён зьнішчыў іх у пустыні!” 
А цяпер няхай праславіцца моц Госпада, як Ты прамовіў, кажучы: 
“ГОСПАД павольны да гневу і бязьмежнай міласэрнасьці, Які прабачае правіны і беззаконьні і не пакідае без пакараньня, але карае беззаконьні бацькоў на сынах да трэцяга, а нават да чацьвёртага пакаленьня”. 
Даруй, прашу, правіну народу гэтаму дзеля вялікай міласэрнасьці Тваёй, як Ты насіў народ гэты ад Эгіпту аж дасюль». 
І сказаў ГОСПАД: «Я прабачаю паводле слова твайго. 
Але, як Я жывы, слава ГОСПАДА напоўніць усю зямлю! 
Усе людзі, якія бачылі славу Маю і знакі Мае, якія Я рабіў у Эгіпце і ў пустыні, але спакушалі Мяне ўжо дзесяць разоў і ня слухалі голасу Майго, 
не пабачаць яны зямлі, якую Я абяцаў бацькам іхнім, і ніхто з тых, хто зьневажаў Мяне, ня ўбачыць яе. 
Але слугу Майго Халева, бо ён напоўнены іншым духам, Я ўвяду ў тую зямлю, у якую ён ужо ўвайшоў, і насеньне ягонае авалодае ёю. 
Няхай Амалек і Хананейцы жывуць у далінах. Заўтра выйдзеце ў дарогу і вернецеся ў пустыню ў накірунку Мора Чырвонага». 
І прамовіў ГОСПАД да Майсея і Аарона, кажучы: 
«Дакуль гэтая грамада ліхая будзе наракаць на Мяне? Я пачуў нараканьні сыноў Ізраіля, якімі яны наракаюць супраць Мяне. 
Скажы ім: “Як жывы Я, кажа ГОСПАД. Як вы гаварылі, гэтак Я зраблю вам! 
У гэтай пустыні папада­юць трупы вашыя! Усе палічаныя, якія наракалі на Мяне, ад дваццаці гадоў і вышэй, паводле падліку. 
Ня ўвойдзеце вы ў зямлю, на якой Я, падымаючы руку Маю, запрысяг пасяліць вас, апрача Халева, сына Ефунны, і Егошуа, сына Нуна. 
А дзяцей вашых, пра якіх вы казалі, што яны будуць здабычай, Я ўвяду, і яны авалодаюць зямлёю, якою вы ўзгардзілі. 
А трупы вашыя будуць ляжаць у пустыні гэтай. 
І сыны вашыя будуць блукаць у пустыні сорак гадоў і будуць насіць нявернасьць вашую, пакуль ня счэзнуць трупы вашыя ў пустыні. 
Па ліку сарака дзён, на працягу якіх аглядалі вы зямлю, дзень будзе залічаны за год, сорак гадоў вы будзеце насіць беззаконьне вашае і даведаецеся, што такое, калі Я пакінуў вас. 
Я, ГОСПАД, прамовіў і гэтак зраблю гэтай грамадзе ліхой, якая бунтуецца супраць Мяне. У гэтай пустыні вы загінеце і памрацё”». 
І тыя людзі, якіх паслаў Майсей на выведваньне зямлі, і якія, вярнуўшыся, наракалі і схілілі ўсю грамаду да нараканьня, даючы ліхія весткі пра зямлю, 
тыя, што разносілі ліхія весткі пра зямлю тую, памерлі раптоўна перад абліччам ГОСПАДА. 
Але Егошуа, сын Нуна, і Халеў, сын Ефунны, засталіся жывымі з усіх тых людзей, якія хадзілі выведваць зямлю. 
І прамовіў Майсей усе гэтыя словы да ўсіх сыноў Ізраіля, і народ вельмі засмуціўся. 
І ўсталі яны раніцаю, і ўзыйшлі на вяршыню гары, кажучы: «Вось мы, і мы пойдзем на месца, пра якое казаў ГОСПАД, бо мы саграшылі». 
І сказаў Майсей: «Навошта вы пераступаеце слова з вуснаў ГОСПАДА? Гэта ня будзе мець посьпеху. 
Не ідзіце, бо няма ГОСПАДА з вамі, каб не пагінулі вы перад абліччам ворагаў вашых! 
Бо Амалек і Хананейцы перад вамі, ад мяча іхняга вы пагінеце, бо вы адвярнуліся ад ГОСПАДА, і ня будзе з вамі ГОСПАДА». 
Але яны вырашылі ўзыйсьці на вяршыню гары; а Каўчэг Запавету ГОСПАДА і Майсей ня выйшлі з табару. 
І зыйшлі Амалекцы і Хананейцы, якія жылі на гары, і разьбілі іх, і гналі іх аж да Хармы. 
