﻿ЛІКІ.
11.
І сталася, што народ наракаў, і кепска гэта было ў вушах ГОСПАДА. І пачуў гэта ГОСПАД, і разгневаўся, і ўзгарэўся на іх агонь ГОСПАДА, і зьнішчыў крайнюю частку табара. 
І народ стаў клікаць Майсея, і Майсей маліў ГОСПАДА, і агонь спыніўся. 
І назвалі тое месца Табэра, бо там узгарэўся супраць іх агонь ГОСПАДА. 
Іншапляменьнікі, якія былі паміж імі, зажадалі пажаданьнем і захацелі вярнуцца, і разам з імі сыны Ізраіля плакалі і казалі: «Хто дасьць нам есьці мяса? 
Мы памятаем, як у Эгіпце мы елі дарма рыбу, і агуркі, дыні, салат, цыбулю і часнык. 
А цяпер душа нашая ссохла, нічога іншага ня бачаць вочы нашыя, апрача манны». 
А манна была падобная да насеньня каляндры і мела выгляд як бдалах. 
Людзі выходзілі і зьбіралі яе, і малолі ў жорнах або таўклі ў ступе і варылі ў гаршчках, і рабілі з яе аладкі; і смак іх быў падобны да аладак з алеем. 
Калі ноччу раса ападала на табар, адначасова ападала і манна. 
І пачуў Майсей, як народ плача сем’ямі сваімі, кожны каля ўваходу ў намёт свой. І вельмі ўзгарэўся гнеў ГОСПАДА, і гэта кепскім было ў вачах Майсея. 
І сказаў Майсей ГОСПАДУ: «Чаму Ты мучыш слугу Твайго? Чаму не магу я знайсьці ласкі ў вачах Тваіх? Чаму Ты ўсклаў на мяне цяжар усяго народу гэтага? 
Ці ж з мяне пачаўся ўвесь народ гэты, або я нарадзіў яго, што Ты кажаш мне: “Насі яго на ўлоньні тваім, як носіць карміцелька дзіцятка, і занясі ў зямлю, якую запрысяг бацькам іхнім”? 
Адкуль у мяне мяса, каб даць усяму народу гэтаму? З плачам наракаюць на мяне, кажучы: “Дай нам мяса, каб мы наеліся!” 
Не магу я сам насіць увесь народ гэты, бо ён зацяжкі для мяне. 
Калі Ты такім чынам робіш са мною, прашу, забі мяне, калі я знайшоў ласку ў вачах Тваіх, каб ня бачыў я няшчасьця майго!» 
І сказаў ГОСПАД Майсею: «Скліч Мне семдзясят чалавек спасярод старшыняў Ізраіля, пра якіх ты ведаеш, што яны паважаныя ў народзе і наглядаюць за ім, і прывядзі іх у Намёт Спатканьня, і няхай там яны стануць разам з табою. 
А Я зыйду і буду гава­рыць з табою, і вазьму з духа, які на табе, і дам ім, каб яны разам з табою насілі цяжар народу, а ня толькі ты насіў цяжар гэты. 
А народу скажы: “Ачысьціцеся назаўтра і будзеце есьці мяса, бо вы плакалі на вачах ГОСПАДА, кажучы: ‘Хто дасьць нам есьці мяса? Добра было нам у Эгіпце’. І дасьць вам ГОСПАД мяса, і будзеце есьці, 
і не адзін дзень будзеце есьці, і ня два або пяць, або дзе­сяць, або дваццаць, 
але ўвесь месяц, аж пакуль вам ня выйдзе мяса праз ноздры вашыя і не абрыдзіць вам, бо вы адвярнуліся ад ГОСПАДА, Які сярод вас, і наракалі перад абліччам Ягоным, кажучы: ‘Навошта выйшлі мы з Эгіпту?’”» 
І сказаў Майсей: «Шэсьцьсот тысячаў пешых у народзе гэтым, пасярод якога я жыву, а Ты кажаш: “Я дам ім мяса, і будуць есьці цэлы месяц”? 
Ці ж усе авечкі і валы будуць забітыя для іх, каб ім хапіла? Або ці ўсе рыбы ў моры будуць сабраныя для іх, каб ім хапіла?» 
І сказаў ГОСПАД Майсею: «Ці ж рука ГОСПАДА скарацілася? Цяпер убачыш, ці слова Маё споўніцца, ці не». 
І выйшаў Майсей, і прамовіў да народу словы ГОСПАДА, і склікаў семдзясят старшыняў народу, і паставіў іх вакол Намёту. 
І ГОСПАД зыйшоў у воблаку, і гаварыў з ім, і ўзяў з духа, які быў на Майсею, і даў сямідзесяці старшыням. І сталася, што дух супачыў на іх, і яны прарочылі, і перасталі. 
А два чалавекі засталіся ў табары, імя аднаго Эльдад, а другога — Мэдад. І на іх зыйшоў дух, бо былі яны пакліканыя, але не пайшлі ў Намёт. І яны прарочылі ў табары. 
І прыбег юнак, і паведаміў Майсею, і сказаў: «Эльдад і Мэдад прарочаць у табары». 
І адказаў Егошуа, сын Нуна, які ад юнацтва свайго быў на паслузе ў Майсея: «Гаспадару мой, Майсей, забарані ім!» 
Але Майсей сказаў яму: «Ці не зайздросны ты замест мяне? Каб жа ўвесь народ так прарочыў, калі дасьць ім ГОСПАД Духа Свайго!» 
І вярнуліся ў табар Майсей і старшыні Ізраіля. 
І зыйшоў вецер ад ГОСПАДА, і прынёс ад мора перапёлак, і кінуў іх на табар з абодвух бакоў на дзень дарогі, і пакрылі яны аблічча зямлю на два локці вышыні. 
І ўстаў народ, і ўвесь той дзень і ўсю ноч, і ўвесь наступны дзень зьбіралі перапёлак; хто мала сабраў, прынёс ня менш дзесяці гомараў; і разлажылі іх навакол табару. 
Яшчэ мяса было ў зубах іхніх і не было яшчэ зьедзена, калі ўзгарэўся гнеў ГОСПАДА супраць народу і ўдарыў ГОСПАД народ плягаю вельмі вялікай. 
І назвалі імя таго месца Кіброт-Гатава, бо там пахавалі прагавіты народ. 
З Кіброт-Гатавы выйшаў народ у Хацэрот і былі там. 
