﻿ЛІКІ.
10.
І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы: 
«Зрабі сабе дзьве трубы срэбныя, кутыя, і будуць яны склікаць усю грамаду, каб рыхтаваць табар у дарогу. 
І затрубяць у трубы, і зьбя­рэцца да цябе ўся грамада да ўваходу ў Намёт Спатканьня. 
А калі ў адну затрубяць, зьбяруцца да цябе князі і начальнікі дружынаў Ізраіля. 
Калі затрубіш працягла, выйдзе ў дарогу табар, які з усходняга боку. 
Калі другі раз працягла затрубіш, выйдзе ў дарогу табар, які з паўднёвага боку. Знакам на вырушаньне табару будзе працяглае трубеньне. 
На зьбіраньне царквы затрубіце, але не працягла. 
Трубіць у трубы будуць сыны Аарона, сьвятары. Будзе гэта вам і нашчадкам вашым пастанова вечная. 
Калі будзеш ісьці на вайну ў зямлі вашай супраць ворага, які наступае на вас, будзеце трубіць у трубы. Гэта будзе кліч ваш перад абліччам ГОСПАДА, Бога вашага, і Ён збавіць вас ад ворагаў вашых. 
У дзень радасьці вашай, у сьвяты і ў маладзікі, пры вашых цэласпаленьнях і ахвярах мірных, будзеце тру­біць у трубы; і яны будуць нагадваньнем перад абліччам Бога вашага пра вас. Я — ГОСПАД, Бог ваш!» 
І сталася ў другі год, у другі месяц, у дваццаты дзень месяца, паднялося воблака з-над Сялібы Сьведчаньня. 
І вырушылі сыны Ізраіля ў дарогу сваю з пустыні Сынай, і спынілася воблака ў пустыні Паран. 
Першы раз паводле слова з вуснаў ГОСПАДА, дадзенага праз Майсея, вырушылі ў дарогу. 
Першым вырушыў сьцяг табару сыноў Юды з дружынамі сваімі, а над дружынамі ягонымі быў Нахшон, сын Амінадава. 
А над дружынамі пакаленьня сыноў Ісахара быў Натанаэль, сын Цуара. 
А над дружынамі пакаленьня сыноў Завулёна быў Эліяў, сын Хэлёна. 
І разабралі Сялібу, і вырушылі сыны Гершона і сыны Мэрары, несучы Сялібу. 
І выйшаў у дарогу сьцяг табару сыноў Рубэна з дружынамі сваімі, а над дружынамі ягонымі быў Эліцур, сын Шэдэура. 
А над дружынамі пакаленьня сыноў Сымона быў Шэлюміэль, сын Цурышадая. 
Над дружынамі пакаленьня сыноў Гада быў Эліясаф, сын Дэўэля. 
І выйшлі ў дарогу сыны Кегата, несучы рэчы сьвятыя, і пакуль яны прыйшлі, Сяліба была ўжо пастаўлена. 
І выйшаў у дарогу сьцяг табару сыноў Эфраіма з дружынамі сваімі, а над дружынамі ягонымі быў Элішама, сын Амігуда. 
А над дружынай пакаленьня сыноў Манасы быў Гамаліэль, сын Пэдагсура. 
А над дружынамі пакаленьня сыноў Бэн’яміна быў Абідан, сын Гідэоні. 
І выйшаў у дарогу сьцяг табару сыноў Дана з дружынамі сваімі, а над дружынамі ягонымі быў Ахіезэр, сын Амішадая. 
А над дружынамі пакаленьня сыноў Асэра быў Пагіэль, сын Акрана. 
А над дружынамі сыноў Нэфталі быў Ахіра, сын Энана. 
Вось такі быў парадак паходу сыноў Ізраіля з дружынамі сваімі, калі выходзілі ў дарогу. 
І сказаў Майсей Хававу, сыну Рэгуэля, Мадыянца, цесьця свайго: «Мы выходзім у месца, пра якое сказаў ГОСПАД: "Я дам яго вам". Хадзі з намі, і будзе табе добра, бо ГОСПАД абяцаў дабро Ізраілю». 
Той сказаў яму: «Не пайду, але пайду ў зямлю маю і да сваякоў маіх». 
І сказаў Майсей: «Не пакідай нас, бо ты ведаеш, як мы маем раскладацца табарам у пустыні, і будзеш для нас вачыма. 
Калі пойдзеш з намі, тады калі будзе нешта добрае, што дасьць нам ГОСПАД, мы дамо табе». 
І вырушылі яны з гары ГОСПАДА, і ішлі на працягу трох дзён. Каўчэг Запавету ГОСПАДА ішоў наперадзе іх на працягу трох дзён, каб знайсьці месца на табар. 
І воблака ГОСПАДА было над імі ўдзень, калі яны выхо­дзілі з табару. 
І было, калі вырушаў Каўчэг у дарогу, Майсей казаў: «Паўстань, ГОСПАДЗЕ, і няхай разьбягуцца ворагі Твае, і няхай паўцякаюць тыя, што ненавідзяць Цябе, перад абліччам Тваім». 
А калі ставілі Каўчэг, казаў: «Вярніся, ГОСПАДЗЕ, да шматлікага войска Ізраіля!» 
