﻿ЛІКІ.
9.
І прамовіў ГОСПАД да Майсея ў першы месяц другога году пасьля выхаду з Эгіпту ў пустыні Сынай, кажучы: 
«У вызначаны час сыны Ізраіля павінны спраўляць Пасху. 
У чатырнаццаты дзень гэтага месяца вечарам справіце яе паводле ўсіх адносна яе пастановаў і звычаяў». 
І прамовіў Майсей да сыноў Ізраіля, каб яны справілі Пасху. 
І яны спраўлялі Пасху ў чатырнаццаты дзень месяца вечарам у пустыні Сынай. Усё, што загадаў ГОСПАД Майсею, зрабілі сыны Ізраіля. 
І былі людзі, якія дзеля дакрананьня да нябожчыка сталіся нячыстымі і не маглі ў той дзень спраўляць Пасху, і прыйшлі яны да Майсея і Аарона, 
і сказалі ім: «Мы нячыстыя дзеля дакрананьня да нябожчыка, але дзеля чаго мы пазбаўлены таго, каб сярод сыноў Ізраіля ў вызначаны час скласьці дар ахвярны ГОСПАДУ?» 
І сказаў ім Майсей: «Пачакайце, і я паслухаю, што адносна вас загадае ГОСПАД». 
І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы: 
«Прамоў да сыноў Ізраіля, кажучы: “Чалавек з вас ці з нашчадкаў вашых, які стаўся нячыстым дзеля нябожчыка або дзеля далёкай дарогі, павінен спраўляць Пасху ГОСПАДА. 
У чатырнаццаты дзень другога месяца вечарам будзе спраўляць яе. Праснакі і горкія травы няхай спажывае. 
Няхай не пакідаюць з яе анічога да раніцы, і косткі яе ня будуць ламаць. Няхай спраўляюць яе паводле ўсіх пастановаў Пасхі. 
А калі хто чысты і не ў дарозе, а Пасхі не спраўляе, вынішчана будзе душа тая з народу свайго, бо ён не склаў дару ахвярнаго ГОСПАДУ ў свой час. Грэх свой панясе чалавек гэты. 
А калі прыхадзень, які жыве ў вас, справіць Пасху паводле пастановаў і звычаяў Пасхі, парадак той самы будзе ў вас і для чужынца, і для тутэйшага на зямлі гэтай”». 
У дзень, у які была пастаўлена Сяліба, воблака накрыла Сялібу з Намётам Сьведчаньня, і ад вечара да раніцы заставалася над Сялібай у бляску агню. 
І так было заўсёды: днём пакрывала яе воблака, а ноччу — нібы бляск агню. 
Калі воблака падымалася над Намётам, тады сыны Ізраіля выходзілі ў дарогу, а на тым месцы, дзе затрымоўвалася воблака, там раскладаліся табарам сыны Ізраіля. 
Паводле слова з вуснаў ГОСПАДА выходзілі ў дарогу сыны Ізраіля, і паводле слова з вуснаў ГОСПАДА раскладаліся табарам. Усе дні, у якія воблака стаяла над Сялібай, яны стаялі табарам. 
І калі воблака доўгі час стаяла над Сялібай, шмат дзён, сыны Ізраіля захоўвалі волю ГОСПАДА і не выходзілі ў дарогу. 
І здаралася, што мала дзён стаяла над Сялібай, і сыны Ізраіля паводле слова з вуснаў ГОСПАДА раскладаліся табарам і паводле слова з вуснаў ГОСПАДА выходзілі ў дарогу. 
І здаралася, што воблака стаяла ад вечара да раніцы, а раніцаю падымалася, і яны выходзілі ў дарогу. Або стаяла воблака дзень і ноч, і воблака падымалася, і яны выхо­дзілі ў дарогу. 
Або два дні, або месяц, або некалькі дзён стаяла воблака над Сялібай, і сыны Ізраіля стаялі табарам і не выходзілі ў дарогу. 
Паводле слова з вуснаў ГОСПАДА яны раскладаліся табарам, і паводле слова з вуснаў ГОСПАДА выходзілі ў дарогу. Яны захоўвалі волю ГОСПАДА паводле слова з вуснаў ГОСПАДА праз Майсея. 
