﻿ЛІКІ.
5.
І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы: 
«Загадай сынам Ізраіля выдаліць з табару ўсіх пракажоных, хворых на выцёкі і апаганеных ад нябожчыка. 
Як мужчыну, так і жанчыну выдаліце па-за табар, каб не паганілі табару, дзе Я жыву сярод вас». 
І зрабілі так сыны Ізраіля, і выдалілі іх па-за табар; як прамовіў ГОСПАД да Майсея, так і зрабілі сыны Ізраіля. 
І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы: 
«Прамоў да сыноў Ізраіля: “Калі мужчына або жанчына дапусьціцца нейкага грэху адносна людзей, і парушыць загад ГОСПАДА, будзе вінаватая душа гэтая. 
Няхай яны вызнаюць грэх свой, які ўчынілі, і аддадуць аднагароджаньне таму, перад кім саграшылі, з дадаткам пятай часткі. 
Калі ў яго няма чалавека, якому мог бы зьвярнуць, аднагарадзжэньне будзе для ГОСПАДА, аднагараджэньне гэта будзе для сьвятара, апрача барана перамольваньня, якім будзе перамольваць за грэх. 
Усе сьвятыя дары, якія прыносяць сьвятару сыны Ізраіля, яму належаць. 
Сьвятыя дары кожнагачалавека, якія нехта прынясе сьвятару, будуць належаць сьвятару”». 
І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы: 
«Прамоў да сыноў Ізраіля і скажы ім: “Муж, жонка якога здрадзіць яму, і будзе няверная яму нявернасьцю, 
і ляжа з ёй чужы мужчына, і вылье насеньне, і гэта будзе схавана ад мужа ейнага, і яна будзе нячыстай, але няма сьведкаў і яе не злавілі на распусьце, 
і дух рэўнасьці зый­дзе на мужа, і ён будзе рэўна­ваць жонку сваю, што яна занячысьцілася, або зыйдзе на яго дух рэўнасьці, і ён будзе рэўна­ваць жонку сваю, а яна не занячысьцілася, 
няхай прывядзе муж жонку сваю да сьвятара і складзе ў ахвяру за яе дзясятую частку эфы мукі ячменнай, але ня вылье на яе алею і не пакладзе кадзіла, бо гэта ахвяра рэўнасьці, ахвяра выяўленьня, якая мае выявіць віну. 
І няхай прывядзе сьвятар жанчыну, і паставіць яе перад абліччам ГОСПАДА. 
І возьме сьвятар асьвячонай вады ў посуд гліняны, і возьме сьвятар пыл з падлогі Сялібы, і ўсыпле ў ваду. 
І паставіць сьвятар жанчыну перад абліччам ГОСПАДА, і адкрые валасы на галаве жанчыны, і паложыць на яе далоні ахвяру выяўленьня, ахвяру рэўнасьці; і ў руцэ сьвятара будзе вада горкая, якая нясе праклён. 
І запрысягне сьвятар жанчыну, і скажа ёй: “Калі ніво­дзін мужчына не ляжаў з табой, і калі з іншым ты не занячысьцілася адносна мужа твайго, тады вада горкая, якая нясе праклён, ачысьціць цябе. 
А калі ты здрадзіла мужу свайму і сталася нячыстая, і іншы мужчына, а ня муж твой ляжаў з табой, выліваючы насеньне,” — 
і сьвятар запрысягне жанчыну прысягай праклёну, і скажа сьвятар жанчыне: “Няхай аддасьць цябе ГОСПАД на праклён і закляцьце ў народзе тваім, і няхай зробіць ГОСПАД, што ўпадзе сьцягно тваё і апухне жывот твой. 
І ўвойдзе вада праклёну ў нутро тваё, каб апух жывот твой і ўпала сьцягно тваё”. І скажа жанчына: “Амэн, амэн”. 
І напіша сьвятар на скрутку словы праклёну, і змые іх вадою горкаю, 
і напоіць жанчыну вадою горкаю, якая нясе праклён, і вада праклёну ўвойдзе ў яе і спрычыніць горкі боль. 
І возьме сьвятар з рук жанчыны ахвяру рэўнасьці, і патрасе перад абліччам ГОСПАДА як ахвяру хлебную, і складзе яе на ахвярніку. 
І возьме жменяй частку ахвяры хлебнай як памятную частку, і спаліць яе на ахвярніку, а пасьля дасьць жанчыне выпіць вады. 
І вып’е жанчына ваду і калі была яна нячыстай і нявернай мужу свайму, вада праклёну ўвойдзе ў яе, і справіць горкі боль, ўпадзе сьцягно ейнае і жывот ейны апухне, і станецца тая жанчына праклятаю ў народзе сваім. 
А калі тая жанчына не была нячыстай, але яна чыстая, будзе ачышчаная і наро­дзіць нашчадкаў”. 
Гэта закон адносна рэўнасьці, калі жонка здра­дзіць мужу свайму і станецца нячыстай. 
Або калі на мужа зыйдзе дух рэўнасьці і ён будзе рэўнаваць жонку сваю, і ён паставіць яе перад абліччам ГОСПАДА, і сьвятар зробіць усё паводле закону гэтага. 
І будзе муж чысты ад віны, а тая жонка панясе віну сваю». 
