﻿ЛІКІ.
4.
І прамовіў ГОСПАД да Майсея і Аарона, кажучы: 
«Аддзялі спаміж сыноў Левія сыноў Кегата, паводле сем’яў іхніх і паводле дамоў бацькоў іхніх, 
ад трыццаці гадоў і да пяцідзесяці гадоў, усіх, здольных да службы, каб выконвалі работу ў Намёце Спатканьня. 
Гэта вось служба сыноў Кегата ў Намёце Спатканьня — насіць сьвятое сьвятых. 
І ўвойдуць Аарон і сыны ягоныя, і здымуць заслону, што вісіць перад Каўчэгам, і накрыюць ёю Каўчэг Сьведчаньня. 
І паложаць на яго накрыцьцё са скуры тахаш, і над ім расьцягнуць тканіну, усю з блакіту, а потым укладуць насілы ягоныя. 
І стол хлябоў пакладных накрыюць тканінаю з блакіту, і паставяць на ім посуд, талеркі, чашы і кубкі на ахвяры вадкія; і хлябы пакладныя будуць на ім. 
І паложаць на іх тканіну кармазыновую, і накрыюць накрыцьцём са скураў тахаш, і ўкладуць насілы ягоныя. 
І возьмуць тканіну з блакіту, і накрыюць ёй сьвечнік асьвятленьня, лямпы ягоныя, нажніцы, пасудзіны на кнаты і ўсе пасудзіны для алею, ужываныя пры ім. 
І ўсё гэтае накрыюць накрыцьцём са скуры тахаш, і пакладуць на насілы. 
І на ахвярнік залаты пало­жаць тканіну з блакіту, і накрыюць яго накрыцьцём са ску­ры тахаш, і ўкладуць насілы. 
І возьмуць усе прыналежнасьці, ужываныя для службы ў сьвятыні, і накрыюць іх тканінай з блакіту і накрыцьцём са скуры тахаш, і пакладуць на насілы. 
І ачысьцяць ахвярнік ад попелу, і накрыюць яго тканінаю з пурпуру. 
І пакладуць на ім увесь посуд, ужываны для службы пры ахвярніку: папяльніцы, віл­кі, лапаткі, крапільнікі. Усе гэ­тыя прыналежнасьці ахвяр­ні­ка накрыюць накрыцьцём са скуры тахаш і ўкладуць насілы. 
Пры складваньні табару, калі Аарон і сыны ягоныя скончаць накрываць рэчы сьвятыя і ўсе прыналежнасьці сьвятыні, падыйдуць сыны Кегата, каб іх несьці. І нельга ім дакранацца рэчаў сьвятых, каб не памерлі. Такі вось цяжар сыноў Кегата пры Намёце Спатканьня. 
А Элеазар, сын Аарона сьвятара, будзе рупіцца пра алей на асьвятленьне, пра пахкія кадзілы, пра заўсёдную ахвяру хлебную, і пра алей памазаньня, і пра ўсё, патрэбнае для служэньня ў Сялібе, пра сьвя­тыню і прыналежнасьці ейныя». 
І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы: 
«Не дазвольце зьнікнуць сям’і Кегата сярод лявітаў, 
але рабіце так, каб яны жылі і не памерлі, калі будуць набліжацца да Сьвятога Сьвятых. Аарон і сыны ягоныя няхай прыйдуць і вызначаць кожнаму служэньне ягонае і цяжар, які маюць несьці. 
Але лявіты няхай не ўваходзяць у сьвятыню хоць на хвіліну, каб паглядзець, і не памруць». 
І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы: 
«Палічы сыноў Гершона паводле дамоў бацькоў іхніх і паводле сем’яў іхніх. 
Палічы ўсіх ад трыццаці гадоў і да пяцідзесяці гадоў, усіх, здольных да службы, каб выконвалі служэньне ў Намёце Спатканьня. 
Вось служэньне сям'і Гершона, якое яны будуць рабіць, і цяжары іхнія. 
Яны будуць насіць заслоны Сялібы і Намёт Спатканьня, і накрыцьцё ягонае, і накрыцьцё са скуры тахаш, якое на ім, і заслону, што каля ўваходу ў Намёт Спатканьня, 
і заслоны панадворку, і заслону каля ўваходу ў панадворак, які вакол Сялібы і ахвярніка, і вяроўкі, і ўсе прыналежнасьці, патрэбныя для служэньня, і ўсё, што зроблена для іх і служэньня іхняга. 
Паводле слова з вуснаў Аарона і сыноў ягоных будзе праходзіць усё служэньне сыноў Гершона пры пераносцы цяжараў і пры ўсякім служэньні іхнім. Даручы ім пільнаваць усё, што яны носяць. 
Гэта служэньне сыноў Гершона ў Намёце Спатканьня. Будуць яны пад наглядам Ітамара, сына Аарона сьвятара. 
Палічы сыноў Мэрары паводле сем’яў іхніх і паводле дамоў бацькоў іхніх, 
ад трыццаці да пяцідзесяці гадоў, усіх, здольных да службы, каб служыць у Намёце Спатканьня. 
І гэта абавязкі іхнія ў-ва ўсім служэньні ў Намёце Спатканьня: насіць дошкі Сялібы і жэрдкі яе, слупкі яе і падставы іх, 
і слупкі панадворку з усіх бакоў і падставы іхнія, калкі намёту і вяроўкі іхнія, і ўсе рэчы пры іх, і ўсе прыналежнасьці іхнія, і запішыце ўсе рэчы, якія яны павінны насіць. 
Гэта служэньне сем'яў сыноў Мэрары адносна служэньня іх у Намёце Спатканьня. Будуць яны пад наглядам Ітамара, сына Аарона сьвятара». 
І Майсей, і Аарон, і князі грамады палічылі сыноў Кегата паводле сем’яў іхніх і паводле дамоў бацькоў іхніх, 
ад трыццаці гадоў і аж да пяцідзесяці гадоў, усіх, здольных да службы, каб служыць у Намёце Спатканьня. 
І было налічана іх паводле сем’яў іхніх дзьве тысячы семсот пяцьдзясят. 
Гэта палічаныя сем'і Кегата, усе, якія служаць у Намёце Спатканьня, якіх палічыў Майсей і Аарон паводле слова з вуснаў ГОСПАДА, дадзенага праз Майсея. 
І былі палічаны сыны Гершона паводле сем’яў іхніх і паводле дамоў бацькоў іхніх, 
ад трыццаці гадоў і аж да пяцідзесяці гадоў, усе, здольныя да службы, каб служыць у Намёце Спатканьня. 
І было налічана іх паводле сем’яў іхніх і паводле дамоў бацькоў іхніх дзьве тысячы шэсьцьсот трыццаць. 
Гэта палічаныя сем'і сыноў Гершона, усе, якія слу­жаць у Намёце Спатканьня, якіх палічылі Майсей і Аарон паводле слова з вуснаў ГОСПАДА. 
І былі палічаны сем'і сыноў Мэрары паводле сем’яў іхніх і паводле дамоў бацькоў іхніх, 
ад трыццаці гадоў і да пяцідзесяці гадоў, усе, здольныя да службы, каб служыць у Намёце Спатканьня. 
І было налічана іх паводле сем’яў іхніх тры тысячы дзьвесьце. 
Гэта палічаныя сем'і сыноў Мэрары, якіх палічылі Майсей і Аарон паводле слова з вуснаў ГОСПАДА, дадзенага праз Майсея. 
Былі палічаныя ўсе лявіты, якіх палічылі Майсей, і Аарон, і князі Ізраіля паводле сем’яў іхніх і паводле дамоў бацькоў іхніх, 
ад трыццаці гадоў і да пяцідзесяці гадоў, усіх, здольных да спаўненьня службы ў Сялібе і да працаў пры нашэньні цяжараў у Намёце Спатканьня. 
І было налічана іх восем тысячаў пяцьсот восемдзясят. 
Паводле слова з вуснаў ГОСПАДА, дадзенага Майсею, прызначаны яны кожны да свайго служэньня і для нашэньня цяжару свайго. І былі яны палічаны, як загадаў ГОСПАД Майсею. 
