﻿ЛІКІ.
3.
Вось такі радавод Аарона і Майсея ў дні, калі прамаўляў ГОСПАД да Майсея на гары Сынай. 
Вось гэта імёны сыноў Аарона: першародны Надаў, Абігу, Элеазар і Ітамар. 
Вось гэта імёны сыноў Аарона, памазаных сьвятароў, якім напоўнілі рукі іхнія, каб былі сьвятарамі. 
Але Надаў і Абігу памерлі перад абліччам ГОСПАДА ў пустыні Сынай, калі наблізіліся з чужым агнём перад аблічча ГОСПАДА, і не было ў іх сыноў. І былі сьвятарамі Элеазар і Ітамар перад абліччам Аарона, бацькі свайго. 
І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы: 
«Прывядзі пакаленьне Ле­вія, і пастаў яго перад абліччам Аарона сьвятара, і няхай яны паслугуюць яму. 
Няхай захоўваюць усё, што пад вартай яго і пад вартай ўсёй грамады адносна Намёту Спатканьня, каб выконваць службу пры Сялібе, 
і няхай захоўваюць усе прыналежнасьці Намёту Спатканьня, спаўняючы абавязкі сыноў Ізраіля, каб выконваць службу пры Сялібе. 
Аддай лявітаў Аарону і сынам ягоным, няхай яны будуць дадзеныя яму з сыноў Ізраіля. 
А Аарона і сыноў ягоных пастаў, каб яны захоўвалі службу сьвятарскую. А калі нехта чужы наблізіцца да службы, мае памерці». 
І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы: 
«Вось, Я ўзяў лявітаў спасярод сыноў Ізраіля замест усіх першародных, якія адчыня­юць улоньне, і лявіты будуць Маімі. 
Бо Мой кожны першародны. У той дзень, калі ў зямлі Эгіпецкай Я выбіў усё першароднае, Я пасьвяціў для Сябе ўсё першароднае ў Ізраілі, ад чалавека аж да жывёлы. Яны Мае! Я — ГОСПАД!» 
І прамовіў ГОСПАД да Май­сея ў пустыні Сынай, кажучы: 
«Палічы сыноў Левія паводле дамоў бацькоў іхніх, і паводле сем’яў іхніх, усіх мужчынскага роду ад аднаго месяца і вышэй». 
І палічыў іх Майсей паводле слова з вуснаў ГОСПАДА, як Ён загадаў яму. 
І вось імёны сыноў Левія: Гершон, Кегат і Мэрары. 
А вось імёны сыноў Гершона паводле сем’яў іхніх: Лібні і Шымэй. 
Сыны Кегата паводле сем’яў іхніх: Амрам, Іцгар, Хеўрон і Узіэль. 
Сыны Мэрары паводле сем’яў іхніх: Махлі і Мушы. Вось гэта сем'і Левія паводле дамоў бацькоў іхніх. 
Ад Гершона паходзяць сям’я Лібні і сям’я Шымэя. Гэта сем’і Гершона 
Лік палічаных мужчынаў ад аднаго месяца і вышэй — сем тысячаў пяцьсот. 
Сем’і Гершона разложацца табарам за Сялібай з захаду. 
Князем дому бацькоў Гершона быў Эліясаф, сын Ляэля. 
Сынам Гершона ў Намёце Спатканьня даручана Сяліба, Намёт і пакрыцьцё ягонае, заслона пры ўваходзе ў Намёт Спатканьня, 
заслоны панадворку, заслона пры выхадзе на панадворак, які пры Сялібе і ахвярніку, і вяроўкі, патрэбныя для ўсялякай службы. 
Ад Кегата паходзяць сем’і Амрама, Іцгара, Хеўрона і Узіэля. Гэта сем’і Кегата. 
Лік усіх мужчынаў ад аднаго месяца і вышэй — восем тысячаў шэсьцьсот. Яны ма­юць вартаваць Сялібу. 
Сем’і сыноў Кегата разложацца табарам з паўднёвага боку Сялібы. 
Князем дому бацькоў Кегата быў Эліцафан, сын Узіэля. 
Яны мелі рупіцца пра каўчэг, стол, сьвечнік, ахвярнікі, пра прылады сьвятыні, прызначаныя для служэньня, пра заслону і абслугу яе. 
А князем князёў лявітаў быў Элеазар, сын Аарона сьвятара. Ён наглядаў за тымі, што спаўнялі служэньне ў сьвятыні. 
Ад Мэрары паходзяць сем’і Махлі і Мушы. Гэта сем’і Мэрары. 
Лік палічаных мужчынаў ад аднаго месяца і вышэй — шэсьць тысячаў дзьвесьце. 
А князем дамоў бацькоў Мэрары быў Цурыэль, сын Абігаіля. Яны разложацца табарам з паўночнага боку Сялібы. 
Сынам Мэрары даручаны былі дошкі Сялібы, жэрдкі іхнія, слупкі, падставы і ўсе рэчы для абслугі яе, 
і слупкі панадворку з усіх бакоў, і падставы іхнія, і колцы іхнія з вяроўкамі іхнімі. 
А з пярэдняга боку Сялібы, з усходу, перад Намётам Спатканьня разложацца табарам Майсей, і Аарон, і сыны ягоныя, якім даручана Сяліба ад імя сыноў Ізраіля. Калі хто наблізіцца чужы, будзе забіты. 
Поўны лік лявітаў, якіх палічылі Майсей і Аарон паводле слова з вуснаў ГОСПАДА, усіх мужчынаў ад аднаго месяца і вышэй — дваццаць дзьве тысячы. 
І сказаў ГОСПАД Майсею: «Падлічы ўсіх першародных мужчынаў сыноў Ізраіля ад аднаго месяца і вышэй, і палічы іх паіменна, 
і вазьмі лявітаў для Мяне як замену ўсіх першародных сярод сыноў Ізраіля. Я — ГОСПАД. І вазьмі жывёлу лявітаў замест усёй першароднай жывёлы сыноў Ізраіля». 
І палічыў Майсей, як загадаў яму ГОСПАД, усіх першародных сыноў Ізраіля. 
І было ўсіх першародных мужчынаў па ліку імёнаў, ад аднаго месяца і вышэй, паводле падліку — дваццаць дзьве тысячы дзьвесьце семдзясят тры. 
І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы: 
«Вазьмі лявітаў замест усіх першародных сыноў Ізраіля і жывёлу лявітаў замест жывёлы іхняй. І лявіты будуць Маімі. Я — ГОСПАД. 
Як выкуп за гэтых дзьвесьце семдзясят трох з першародных сыноў Ізраіля, што перавышаюць лік лявітаў, 
вазьмі па пяць сыкляў ад галавы, паводле сыкля сьвятыні; сыкль мае дваццаць гераў. 
І дасі срэбра Аарону і сынам ягоным як выкуп за тых, што перавышаюць лік». 
І ўзяў Майсей срэбра выкупу за тых, што перавышалі лік выкупленых лявітамі. 
Ад першародных сыноў Ізраіля атрымаў Майсей срэбра тысячу трыста шэсьцьдзясят пяць сыкляў паводле сыкля сьвятыні. 
І аддаў Майсей срэбра выкупу Аарону і сынам ягоным паводле слова з вуснаў ГОСПАДА, як загадаў ГОСПАД Майсею. 
