﻿КНІГА ЛІКІ.
1.
 І прамовіў ГОСПАД да Майсея ў пустыні Сынай у Намёце Спатканьня ў першы дзень другога месяца, у другім годзе пасьля выхаду з Эгіпту, кажучы: 
«Пералічыце ўсю грамаду сыноў Ізраіля паводле сем'яў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх, усіх мужчынаў паводле імёнаў па галовах. 
Ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здатных да бою ў Ізраілі палічыце паводле дружынаў іхніх ты і Аарон. 
З кожнага пакаленьня павінен быць з вамі чалавек, князь роду бацькоў сваіх. 
Вось імёны тых мужоў, якія будуць з вамі: для Рубэна — Эліцур, сын Шэдэура, 
для Сымона — Шэлюміэль, сын Цурышадая, 
для Юды — Нахшон, сын Амінадава, 
для Ісахара — Натанаэль, сын Цуара, 
для Завулёна — Эліяў, сын Гэлёна, 
для сыноў Язэпа: для Эфраіма — Элішама, сын Амігуда; для Манасы — Гамаліэль, сын Пэдагсура; 
для Бэн’яміна — Абідан, сын Гідэоні, 
для Дана — Ахіезэр, сын Амішадая, 
для Асэра — Пагіэль, сын Акрана, 
для Гада — Эліясаф, сын Дэўэля, 
для Нэфталі — Ахіра, сын Энана». 
Гэтыя пакліканыя з усёй грамады, князі пакаленьняў бацькоў сваіх і начальнікі тысячаў Ізраіля. 
Іх узяў Майсей і Аарон, тых мужоў, якія былі паіменна названыя. 
У першы дзень другога месяца сабралі яны ўсю грамаду дзеля сьпісу іх паходжаньня паводле сем'яў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх і лічылі кожнага па імені ад дваццаці гадоў і вышэй. 
Як загадаў ГОСПАД Майсею, быў зроблены перапіс у пустыні Сынай. 
Сыноў Рубэна, першароднага Ізраіля, паводле радаводу іхняга, паводле сем'яў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх, па ліку імёнаў, усіх мужчынаў ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх, здольных да бою, 
тых, якіх палічылі з пакаленьня Рубэна, было сорак шэсьць тысячаў пяцьсот. 
Сыноў Сымона паводле радаводу іхняга, паводле сем'яў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх, па ліку імёнаў, усіх мужчынаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх, здольных да бою, 
тых, якіх палічылі з пака­леньня Сымона, было пяць­дзясят дзевяць тысячаў трыста. 
Сыноў Гада паводле радаводу іхняга, паводле сем'яў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх, па ліку імёнаў, усіх мужчынаў ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх, здольных да бою, 
тых, якіх палічылі з пакаленьня Гада, было сорак пяць тысячаў шэсьцьсот пяцьдзясят. 
Сыноў Юды паводле радаводу іхняга, паводле сем'яў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх, па ліку імёнаў, усіх мужчынаў ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх, здольных да бою, 
тых, якіх палічылі з пакаленьня Юды, было семдзясят чатыры тысячы шэсьцьсот. 
Сыноў Ісахара паводле радаводу іхняга, паводле сем'яў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх, па ліку імёнаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх, здольных да бою, 
тых, якіх палічылі з пакаленьня Ісахара, было пяцьдзясят чатыры тысячы чатырыста. 
Сыноў Завулёна паводле радаводу іхняга, паводле сем'яў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх, па ліку імёнаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх, здольных да бою, 
тых, якіх палічылі з пакаленьня Завулёна, было пяць­дзясят сем тысячаў чатырыста. 
Сыноў Язэпа, сыноў Эфраіма паводле радаводу іхняга, паводле сем'яў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх, па ліку імёнаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх, здольных да бою, 
тых, якіх палічылі з пакаленьня Эфраіма, было сорак тысячаў пяцьсот. 
Сыноў Манасы паводле радаводу іхняга, паводле сем'яў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх, па ліку імёнаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх, здольных да бою, 
тых, якіх палічылі з пакаленьня Манасы, было трыц­цаць дзьве тысячы дзьвесьце. 
Сыноў Бэн’яміна паводле радаводу іхняга, паводле сем'яў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх, па ліку імёнаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх, здольных да бою, 
тых, якіх палічылі з пакаленьня Бэн’яміна, было трыццаць пяць тысячаў чатырыста. 
Сыноў Дана паводле радаводу іхняга, паводле сем'яў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх, па ліку імёнаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх, здольных да бою, 
тых, якіх палічылі з пакаленьня Дана, было шэсьцьдзясят дзьве тысячы семсот. 
Сыноў Асэра паводле радаводу іхняга, паводле сем'яў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх, па ліку імёнаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх, здольных да бою, 
тых, якіх палічылі з пакаленьня Асэра, было сорак адна тысяча пяцьсот. 
Сыноў Нэфталі паводле радаводу іхняга, паводле сем'яў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх, па ліку імёнаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх, здольных да бою, 
тых, якіх палічылі з пакаленьня Нэфталі, было пяцьдзясят тры тысячы чатырыста. 
Гэта палічаныя, якіх палічылі Майсей і Аарон, і князі Ізраіля, дванаццаць мужоў, па адным з кожнага дому бацькоў сваіх. 
І было ўсіх палічаных сыноў Ізраіля паводле дамоў бацькоў іхніх, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх, здольных да бою ў Ізраілі, 
шэсьцьсот тры тысячы пяцьсот пяцьдзясят. 
Лявіты паводле пакаленьняў бацькоў сваіх не былі палічаны сярод іх, 
бо ГОСПАД прамовіў да Майсея, кажучы: 
«Не перапісвай пакаленьня Левія і не лічы іх разам з сынамі Ізраіля, 
але даручы лявітам Сялібу Сьведчаньня, усе прылады яе і ўсё, што да яе належыць. Яны будуць насіць Сялібу і ўсе прылады яе, будуць пры ёй служыць і вакол Сялібы разложаць табар свой. 
Калі трэба рушыць Сялібе ў дарогу, разьбяруць яе лявіты, а калі трэба затрымацца Сялібе, паставяць яе лявіты. Калі нехта чужы наблізіцца да яе, будзе забіты. 
Сыны Ізраіля разложацца табарам, кожны на месцы сваім, кожны пад сьцягам сваім, паводле дружынаў сваіх. 
А лявіты разложацца табарам вакол Сялібы Сьведчаньня; і кара не спадзе на грамаду сыноў Ізраіля. Лявіты будуць вартаваць каля Сялібы Сьведчаньня». 
І зрабілі сыны Ізраіля ўсё; як ГОСПАД загадаў Майсею, так і зрабілі. 
