﻿ЛЯВІТ.
25.
І прамовіў ГОСПАД да Майсея на гары Сынай, кажучы: 
«Прамоў да сыноў Ізраіля і скажы ім: “Калі вы ўвойдзеце ў зямлю, якую Я дам вам, зямля таксама павінна супачы­ваць у супачынкі ГОСПАДА. 
Шэсьць гадоў будзеш засяваць поле сваё і шэсьць гадоў будзеш абразаць вінаграднік свой і зьбіраць з іх плады, 
але ў сёмы год няхай будзе супачынак супачынкаў, для зямлі будзе супачынак ГОСПАДА. Ня будзеш засяваць поля твайго і падразаць вінаграднік твой. 
Таго, што само вырасьце на пожні тваёй, ня будзеш жаць, і ня будзеш зьбіраць вінаграду неабрэзанага. Гэта будзе год супачынку для зямлі. 
Што само вырасьце падчас супачынку зямлі, будзе вам на ежу, табе, слузе твайму, служцы тваёй, парабку твайму і пасяленцу твайму, які жыве ў цябе, 
і жывёле тваёй, і зьвярам, якія жывуць на зямлі тваёй, увесь ураджай будзе на ежу. 
І палічыш сем гадоў суботніх, сем разоў па сем гадоў, і будзе дзён сямі гадоў суботніх сорак дзевяць гадоў. 
У дзясяты дзень сёмага месяца затрубіш у рог, у Дзень Перамольваньня няхай разыйдзецца гук рогу па ўсёй зямлі вашай. 
І будзеце сьвяціць пяці­дзясяты год, і абвесьціце свабоду на зямлі ўсім жыхарам ейным. Гэта будзе для вас юбілей. Кожны з вас вернецца да уласнасьці сваёй, і кожны вернецца ў сям’ю сваю. 
Гэты пяцідзясяты год будзе для вас годам юбілейным; ня будзеце сеяць, ня будзеце жаць таго, што вырасьце, і ня будзеце зьбіраць неабрэзанага вінаграду, 
бо гэта будзе для вас юбілей, гэта будзе для вас сьвяты час. Будзеце есьці тое, што вырасьце на полі. 
У гэты год юбілейны кожны з вас вернецца да ўласнасьці сваёй. 
Калі што будзеш прадаваць бліжняму свайму або купляць з рукі бліжняга свайго, ня крыўдзіце адзін аднаго. 
Паводле ліку гадоў пасьля юбілею ты павінен купляць у бліжняга свайго, і паводле ліку гадоў ураджаю ён павінен прадаваць табе. 
Чым больш гадоў застаецца да юбілею, тым большую цану заплаціш; а чым менш гадоў застаецца, тым меншую цану заплаціш, бо колькасьць ураджаяў ён прадае табе. 
Ня крыўдзіце адзін аднаго, але бойцеся Бога свайго, бо Я — ГОСПАД, Бог ваш! 
Выконвайце пастановы Мае і прысуды Мае захоўвайце і выконвайце іх, і будзеце жыць на зямлі гэтай у бясьпецы. 
І будзе зямля даваць плод свой, і вы будзеце есьці ўдосталь, і будзеце жыць на зямлі ў бясьпецы. 
А калі скажаце: “Што мы будзем есьці ў сёмым годзе, калі ня будзем ані сеяць, ані зьбі­раць ураджаю нашага?” 
Я спашлю на вас дабраславенства ў шостым годзе, і хо­піць вам ураджаю на тры гады. 
У восьмым годзе будзеце сеяць і будзеце есьці са старога ўраджаю аж да дзявятага году, аж да новага ўраджаю будзеце есьці даўнія плады. 
Зямлю ня будзеце прада­ваць назаўсёды, бо Мая зямля, а вы — прыхадні і пасяленцы ў Мяне. 
Таму ўся зямля, якая ў валоданьні вашым, будзе прадавацца вамі пад умовай выкупу. 
Калі зьбяднее брат твой і прадасьць частку маёмасьці сваёй, няхай прыйдзе адкупіцель, сваяк ягоны, і выку­піць маёмасьць, прададзеную братам ягоным. 
Калі ж хто ня мае адкупіцеля, але рука ягоная знойдзе належныя сродкі на выкуп, 
няхай падлічыць ён гады ад часу продажу і зьверне рэш­ту таму, каму прадаў зямлю, і вернецца да маёмасьці сваёй. 
Калі не здабудзе рука ягоная належных сродкаў на выкуп, маёмасьць застанецца ў валоданьні таго, хто купіў, аж да юбілейнага году. А ў юбілейны год яна выйдзе ад яго, і вернецца ранейшы ўладальнік да маёмасьці сваёй. 
Калі хто прадасьць дом жылы ў горадзе, які акружаны мурам, той будзе мець права выкупу аж да канца году продажу; столькі дзён будзе права выкупу. 
Калі дом ня выкупяць на працягу году, дом у горадзе, акружаным мурам, застанецца назаўсёды ўласнасьцю таго, хто купіў, і нашчадкаў яго. Ня выйдзе з рук іхніх у юбілейны год. 
А дамы ў вёсках, якія не акружаныя мурам, бу­дуць лічыцца на роўні з зямлёю; будуць яны падлягаць выкупу, а ў юбілейным годзе выйдуць з валоданьня таго, хто купіў. 
Што да гарадоў лявітаў і дамоў у гарадах, якія яны маюць на ўласнасьць, дык лявіты заўсёды могуць выкупіць дамы свае. 
Калі хто купіць у лявітаў дом у горадзе, маёмасьць гэтая выйдзе з рук ягоных у юбілейным годзе, бо дамы лявітаў — гэта маёмасьць іхняя сярод сыноў Ізраіля. 
Таксама палёў вакол гарадоў іхніх нельга прадаваць, бо гэта іх маёмасьць вечная. 
Калі брат твой зьбяднее і аслабее рука ягоная, ты падтрымай яго, каб ён мог жыць з табою як прыхадзень або пасяленец. 
Не бяры ад яго ані адсоткаў, ані ліхвы. Бойся Бога твайго, каб брат твой мог жыць у цябе. 
Не давай яму грошы твае на адсоткі і не вымагай ад яго ліхвы за ежу тваю. 
Я — ГОСПАД, Бог ваш, Які вывеў вас з зямлі Эгіпецкай, каб даць вам зямлю Ханаан і каб быць вашым Богам! 
Калі брат твой з убогасьці змушаны будзе прадацца табе, не прыціскай яго працаю нявольнічай, 
але будзеш з ім абыходзіцца як з парабкам і пасяленцам. Будзе ён табе служыць да юбілейнага году, 
а тады выйдзе ён, і сыны ягоныя з ім і вернецца да сям'і сваёй, і вернецца ў валоданьне бацькоў сваіх. 
Бо яны — нявольнікі Мае, якіх Я вывеў з зямлі Эгіпецкай; не павінны яны быць прадаваныя як нявольнікі. 
Ня будзеш уціскаць іх сурова, але будзеш баяцца Бога твайго. 
Нявольнік твой або нявольніца твая няхай будуць купленыя ў народаў, якія вакол цябе, у іх купляй нявольніка і нявольніцу. 
Таксама купляйце дзяцей пасяленцаў, якія пасяліліся ў вас, і з сем’яў іхніх, якія жывуць у вас, і якія нарадзіліся ў зямлі вашай. Яны будуць уласнасьцю вашай, 
і як спадчыну перадавайце іх сынам вашым, і мейце іх назаўсёды як нявольнікаў. Але над братамі сваімі, сынамі Ізраіля, не пануйце сурова. 
Калі прыхадзень або пасяленец твой разбагацее, а брат твой зьбяднее і прадасьць сябе прыхадню, які пасяліўся ў цябе, або нашчадку сям’і прыхадня, 
пасьля продажу можа ён быць выкуплены. Няхай адзін з братоў ягоных выкупіць яго. 
Або дзядзька ягоны, або сын дзядзькі, або нехта са сваякоў з сям'і ягонай няхай выкупіць яго. Або калі знойдзе сілу рука ягоная, няхай выкупіць сам сябе. 
І ён разьлічыцца з тым, хто купіў яго, пачынаючы з таго году, калі ён прадаў сябе, да юбілейнага году, і грошы, за якія ён прадаў сябе, належыць аддаць яму паводле ліку гадоў; як дні найміта, колькі ён павінен быць у яго. 
Калі да юбілейнага году застаецца шмат гадоў, адпаведна ліку іх няхай верне ён срэбра як выкуп свой. 
А калі застаецца мала гадоў да юбілейнага году, ён палі­чыць іх і, адпаведна ліку тых гадоў, заплаціць выкуп свой. 
Ён будзе ў прыхадня як найміт, з году на год. Няхай ён не ўціскае яго строга на вачах тваіх. 
Калі ж такім чынам выкупіцца ня зможа, у юбілейным годзе выйдзе вольны ён і сыны ягоныя з ім. 
Бо сыны Ізраіля — гэта нявольнікі Мае, якіх Я вывеў з зямлі Эгіпецкай. Я — ГОСПАД, Бог ваш! 
