﻿ЛЯВІТ.
19.
І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы: 
«Прамоў да ўсёй грамады сыноў Ізраіля і скажы ім: “Будзьце сьвятымі, бо сьвяты Я, ГОСПАД, Бог ваш. 
Няхай кожны баіцца маці сваю і бацьку свайго. І захоўвайце суботы Мае. Я — ГОСПАД, Бог ваш! 
Не зьвяртайцеся да ідалаў і не вылівайце сабе багоў з мэталю. Я — ГОСПАД, Бог ваш! 
Калі будзеце складаць ГОСПАДУ ахвяру мірную, складайце так, каб была яна Яму прыемнай. 
Будзеце есьці яе ў сам дзень ахвяры вашай і ў наступны дзень. Тое, што застанецца на трэці дзень, будзе спалена агнём. 
Калі хто гэта будзе есьці на трэці дзень, паганым гэта будзе і ня будзе прыемным Госпаду. 
Хто будзе яе есьці, учыніць беззаконьне, бо спаганіў сьвятасьць ГОСПАДА, і зьнішчана будзе душа тая спасярод народу свайго. 
Калі будзеце жаць збожжа зямлі вашай, не выжынай аж да канца поля і не зьбірай каласоў, што засталіся. 
Не абірай вінаградніка твайго да рэшты і ягадаў, што пападалі ў вінаградніку, не падбірай; пакінь гэта бедным і прыхадням. Я — ГОСПАД, Бог ваш! 
Не крадзіце, і не хлусіце, і не ашуквайце адзін аднаго. 
Не прысягайце на імя Маё дзеля хлусьні, і не зьневажай імя Бога твайго. Я — ГОСПАД! 
Не прыгнятай бліжняга твайго і ня крыўдзі яго. І няхай не застаецца ў цябе плата найміта аж да раніцы. 
Не праклінай глухога і перад сьляпым не кладзі перашкоды, але бойся Бога твайго. Я — ГОСПАД! 
Не дапускайцеся несправядлівасьці на судзе. Не пагарджай бедным і не патурай багатаму. Праведна судзі бліжняга твайго. 
Ня будзь паклёпнікам у народзе сваім. Не цікуй на кроў бліжняга твайго. Я — ГОСПАД! 
Ня мей у сэрцы тваім нянавісьці да брата твайго. Дакараючы, дакарай бліжняга твайго, і ня будзеш мець грэху з прычыны яго. 
Ня помсьці і не насі крыўду на сыноў народу твайго. Любі бліжняга твайго як самога сябе. Я — ГОСПАД! 
Захоўвай пастановы Мае. Жывёлы тваёй не лучы з жывёлай другой пароды; поля твайго не засявай двума гатункамі насеньня. Не апранай адзеньня з двух матэрыялаў. 
Калі хто ўвойдзе да жанчы­ны, выліваючы насеньне, а яна ёсьць нявольніцай, прызначанай для іншага мужа, але яшчэ ня выкуплена і не надзелена свабодай, абодва будуць пакараныя, але не карай сьмерцю, бо не была яна свабоднай. 
І ён складзе ахвяру аднагараджэньня ГОСПАДУ каля ўваходу ў Намёт Спатканьня, барана ў ахвяру аднагараджэньня. 
І перапросіць за яго сьвятар бараном ахвяры аднагараджэньня за грэх ягоны, якім саграшыў перад абліччам ГОСПАДА, і будзе адпушчаны яму грэх, якім саграшыў. 
Калі прыйдзеце вы ў зямлю і пасадзіце дрэвы пладовыя ўсякіх гатункаў, будзеце ўважаць плады іхнія за неабрэзаныя; тры гады будуць яны для вас неабрэзаныя, і нельга іх есьці. 
У чацьвёртым годзе ўсе плады іхнія будуць пасьвячоныя як дар для ГОСПАДА. 
А ў пяты год будзеце есьці плады іхнія, каб павялічыўся для вас ураджай з іх. Я — ГОСПАД, Бог ваш! 
Ня ешце нічога з крывёй. Не варажыце і не займайцеся чараваньнем. 
Не стрыжы валасоў кругом галавы, і не калеч край барады сваёй. 
Не рабіце нарэзы на целе вашым на знак жалобы па памерлых і не наколвайце надпісы на скуры. Я — ГОСПАД! 
Не выдавай на ганьбу дачку тваю, робячы з яе распусьніцу, каб не апаганілася зямля і не напоўнілася распустай. 
Захоўвайце суботы Мае і шануйце сьвятыню Маю. Я — ГОСПАД! 
Не зьвяртайцеся ані да тых, што выклікаюць духаў памерлых, ані да варажбітоў, каб у іх раіцца, каб праз іх не апаганіліся. Я — ГОСПАД, Бог ваш! 
Перад сівой галавой устань, і шануй аблічча старога, і бойся Бога твайго. Я — ГОСПАД. 
Калі ў зямлі вашай паселіцца прыхадзень, ня крыўдзі яго, 
але няхай будзе ён пасярод вас як тутэйшы, і любі яго як самога сябе, бо і вы былі прыхаднямі ў зямлі Эгіпецкай. Я — ГОСПАД, Бог ваш! 
Не дапускайцеся несправядлівасьці на судзе, у меры, у вазе і ў вымярэньнях. 
Няхай будуць у вас вагі праведныя, эфа праведная і гін праведны. Я — ГОСПАД, Бог ваш, Які вывеў вас з зямлі Эгіпецкай. 
І вы будзеце захоўваць усе пастановы Мае і ўсе пысуды Мае, і выконваць іх. Я — ГОСПАД”». 
