﻿ЛЯВІТ.
16.
І прамовіў ГОСПАД да Майсея пасьля сьмер­ці двух сыноў Аарона, калі яны прыйшлі перад аблічча ГОСПАДА і памерлі, 
і сказаў ГОСПАД Майсею: «Скажы Аарону, брату твайму, каб ня ў кожны час ён уваходзіў у Месца Сьвятое за заслону перад накрыўкай, якая на Каўчэгу, каб ён не памёр, калі Я буду аб’яўляцца ў воблаку над накрыўкай. 
Вось, будзе ён уваходзіць у Месца Сьвятое, узяўшы маладое цяля ў ахвяру за грэх і барана ў ахвяру цэласпаленьня. 
І няхай апранецца ён у шату льняную сьвятую, і сподні льняныя будуць на целе ягоным, і перапаяшацца паясом ільняным, а на галаву ўскладзе ільняны кідар; гэта шаты сьвятыя. Няхай ён абмые цела сваё ў вадзе і апране іх. 
І возьме ад грамады сыноў Ізраіля двух казлоў: аднаго — у ахвяру за грэх, а другога — у ахвяру цэласпаленьня. 
І Аарон прывядзе цяля ў ахвяру за грэх за сябе і перапросіць за сябе і за дом свой. 
І возьме двух казлоў, і паставіць іх перад абліччам ГОСПАДА перад уваходам у Намёт Спатканьня. 
І кіне Аарон жэрабя на гэтых казлоў: адно жэрабя — для ГОСПАДА, а другое жэрабя — для Азазэля. 
І прывядзе Аарон таго казла, на якога выпала жэрабя для ГОСПАДА, і складзе яго ў ахвяру за грэх, 
а казла, на якога выпала жэрабя для Азазэля, паставіць жывога перад абліччам ГОСПАДА, каб выканаць перамаленьне і каб выгнаць яго для Азазэля ў пустыню. 
І прывядзе Аарон цяля ў ахвяру за грэх за сябе і на перамаленьне за сябе і за свой дом, і заб’е цяля ў ахвяру за грэх за сябе. 
І возьме поўную кадзільніцу напаленых вуглёў з ахвярніка, які перад абліччам ГОСПАДА, і поўныя жмені пахкага тоўчанага кадзіла, і занясе за заслону; 
і кіне кадзіла на агонь перад абліччам ГОСПАДА. Воблака кадзіла закрые накрыўку, якая над Каўчэгам Сьведчаньня, і ён не памрэ. 
І возьме крыві цяляці, і пакрапіць пальцам сваім перад накрыўкай з усходу. Сем разоў пакрапіць перад накрыўкай пальцам, змочаным у крыві. 
І заб’е казла за грэх народу, і ўнясе кроў яго за заслону, і зробіць з крывёй яго тое самае, што зрабіў з крывёй цяляці, і пакрапіць ёю накрыўку зьверху і сьпераду, 
і перапросіць за Месца Сьвятое, за нячыстасьць сыноў Ізраіля і за злачынствы іх паводле ўсіх грахоў іхніх. Гэтак сама зробіць ён з Намётам Спатканьня, які знаходзіцца ў іх сярод нячыстасьці іхняй. 
Ніводзін чалавек не павінен быць у Намёце Спатканьня, калі Аарон увойдзе, каб выканаць перамаленьне ў Месцы Сьвятым, аж пакуль ён ня выйдзе. І ён перапро­сіць за сябе, за дом свой і за ўсю царкву Ізраіля. 
І выйдзе да ахвярніка, які перад абліччам ГОСПАДА, і ўчыніць перамольваньне над ім, і возьме крыві бычка і крыві казла, і памажа ёю рогі ахвярніка з усіх бакоў, 
і пакропіць сем разоў яго пальцам, умочаным у крыві, і ачысьціць яго ад нячыстасьці сыноў Ізраіля, і асьвяціць яго. 
І скончыць перамольваньне над Месцам Сьвятым, Намётам Спатканьня і ахвярні­кам, і прывядзе жывога казла. 
І ўскладзе Аарон абедзьве рукі свае на галаву жывога казла, і выкажа над ім усе правіны сыноў Ізраіля, усе злачынствы іхнія і ўсе грахі іхнія, і ўзло­жыць іх на галаву казла, і выганіць яго праз прызначанага чалавека ў пустыню. 
І панясе казёл з сабой усе пра­віны іхнія ў зямлю бязьлюдную, і выганіць ён казла ў пустыню. 
І Аарон увойдзе ў Намёт Спатканьня, здыме шаты льняныя, якія апрануў, увахо­­дзячы ў Месца Сьвятое, і пакладзе іх там. 
І абмые цела вадою ў месцы сьвятым, і апране адзеньне сваё, і выйдзе, і складзе ахвяру цэласпаленьня за сябе і за народ, і перапросіць за сябе і за народ. 
І тлушч ахвяры за грэх спаліць на ахвярніку. 
А чалавек, які выгнаў казла для Азазэля, памые адзеньне сваё, абмые цела сваё ў вадзе, і вернецца ў табар. 
А бычка ахвяры за грэх і казла ахвяры за грэх, кроў якіх унесена была для перамаленьня за Месца Сьвятое, вынясуць па-за табар і спаляць разам са скураю, мясам і нячыстасьцю іхняй. 
Той, хто спаліць іх, памые адзеньне сваё і абмые цела сваё ў вадзе, і вернецца ў табар. 
Гэта будзе для вас пастановай вечнай. У сёмы месяц, у дзясяты дзень месяца пры­гня­тайце душы вашыя пакутаю, не выконвайце ніякай працы ані тутэйшы, ані прыхадзень, які паселіцца паміж вамі. 
У той дзень будзе перамаленьне за вас дзеля ачышчэньня ад усіх грахоў вашых, каб былі вы чыстымі перад абліччам ГОСПАДА. 
Гэта для вас супачынак супачынку, прыгнятайце душы вашыя. Гэта пастанова вечная. 
І будзе перамольваць сьвятар, які быў памазаны і пасьвя­чоны на сьвятарства на месца бацькі свайго. І ўскла­дзе ён на сябе шаты льняныя, шаты сьвятыя, 
і ўчыніць перамольваньне за Сьвятое Сьвятых і Намёт Спатканьня, ахвярнік, і за сьвятароў і за ўвесь народ царквы. 
Гэта будзе для вас пастанова вечная, каб раз у год перамольваць за сыноў Ізраіля за ўсе грахі іхнія». І зрабіў ён, як загадаў ГОСПАД Майсею. 
