﻿ЛЯВІТ.
9.
У восьмы дзень паклікаў Майсей Аарона, сыноў ягоных і старшыняў Ізраіля і сказаў Аарону: 
«Вазьмі са статку бычка ў ахвяру за грэх і барана ў ахвяру цэласпаленьня, абодвух без заганы, і прынясі перад аблічча ГОСПАДА. 
А сынам Ізраіля скажы: “Вазьміце казла ў ахвяру за грэх, і цяля, і барана аднагадовага без заганы ў ахвяру цэласпаленьня, 
і вала і барана ў ахвяру мірную, каб ахвяраваць іх перад абліччам ГОСПАДА, і ахвяру хлебную, запраўленую алеем, бо сёньня ГОСПАД зьявіцца вам”». 
І прынесьлі ўсё тое, што загадаў ім Майсей, да ўваходу ў Намёт Спатканьня, і прыйшла ўся грамада, і стала перад абліччам ГОСПАДА. 
І сказаў Майсей: «Вось слова, якое загадаў ГОСПАД. Зрабіце гэта, і зьявіцца вам слава ГОСПАДА!» 
І сказаў Майсей Аарону: «Наблізься да ахвярніка, і складзі ахвяру за грэх і ахвяру цэласпаленьня, і ачысьці сябе і народ. І складзі ахвяру за народ, і ачысьці яго, як загадаў ГОСПАД”. 
І наблізіўся Аарон да ахвярніка, і забіў цяля за грэх свой. 
І сыны ягоныя далі яму кроў цяляці, і ён, памачыўшы палец у крыві, памазаў ёю рагі ахвярніку, а рэшту выліў на падставу ахвярніка. 
Тлушч, ныркі і тлушч на вантробе з ахвяры за грэх спаліў ён на ахвярніку, як загадаў ГОСПАД Майсею, 
а мяса і скуру ягоную спаліў на агні па-за табарам. 
І забіў ахвяру цэласпаленьня; і сыны ягоныя далі яму кроў, і ён выліў яе кругом ахвярніка. 
Далі яму таксама ахвяру цэласпаленьня, падзеленую на часткі, і галаву яе, і ён спаліў гэта на ахвярніку. 
І абмыў ён нутро і ногі, і спаліў як цэласпаленьне на ахвярніку. 
І склаў ён ахвяру за народ, і ўзяў казла, які быў прызначаны ў ахвяру за грэх народу, і забіў яго, і ахвяраваў за грэх, як і першага. 
І ўзяў ахвяру цэласпаленьня, і ахвяраваў яе паводле пастановы. 
І прынёс ён ахвяру хлебную, і напоўніў ёю руку сваю, і спаліў на ахвярніку, апрача ранішняй ахвяры цэласпаленьня. 
І забіў вала і барана, ахвяры мірныя ад народу; і сыны ягоныя далі яму кроў, якую ён выліў кругом ахвярніка. 
А тлушч вала і хвост барана, і ныркі з лоем, і тлушч на вантробе 
палажылі на грудзіну; і тлушч быў спалены на ахвярніку; 
а грудзіну і правае плячо Аарон прынёс, патрасаючы перад абліччам ГОСПАДА, як загадаў яму Майсей. 
І падняў Аарон рукі ў бок народу, і дабраславіў яго, і, склаўшы ахвяры за грэх, ахвяры цэласпаленьня і ахвяры мірныя, зыйшоў уніз. 
І ўвайшлі Майсей і Аарон у Намёт Спатканьня і, выйшаўшы адтуль, дабраславілі народ. І зьявілася слава ГОСПАДА ўсяму народу. 
І выйшаў агонь ад аблічча ГОСПАДА, і спаліў ахвяру цэласпаленьня і тлушч, якія былі на ахвярніку. І ўбачыў гэта ўвесь народ, і ўзрадаваліся, і ўпалі на абліччы свае. 
