﻿ЛЯВІТ.
7.
Вось закон адносна ахвяры аднагараджэньня. Гэта сьвятая рэч. 
На тым самым месцы, дзе забіваецца ахвяра цэласпаленьня, будуць забіваць ахвяру аднагараджэньня, і кроў яе выльюць вакол ахвярніка, 
але ўвесь тлушч з яе будзе складзены ў ахвяру: курдзюк, тлушч, які пакрывае нутро, 
абедзьве ныркі, а тлушч на вантробе разам з ныркамі няхай будзе аддзелены. 
Спаліць гэта ўсё сьвятар на ахвярніку на мілы пах ГОСПАДУ. Гэта ахвяра аднагараджэньня. 
Кожны мужчына з роду сьвятарскага будзе спажываць мяса гэтае на месцы сьвятым. Бо гэта сьвятое сьвятых. 
Для ахвяры за грэх і для ахвяры аднагараджэньня закон адзін. Яна належыць сьвятару, які складаў гэтую ахвяру. 
Сьвятар, які складае ахвяру цэласпаленьня, атрымоўвае скуру жывёлы, якую склаў у ахвяру. 
Таксама кожная ахвяра хлебная, смажаная ў печы, у гаршчку або на патэльні, належыць сьвятару, якім гэтая ахвяра складзена. 
Але кожная ахвяра хлебная з алеем або сухая нале­жыць усім сынам Аарона, як аднаму, так і другому. 
Вось закон адносна ахвяры мірнай, якую складаюць ГОСПАДУ. 
Калі хто складае ахвяру гэтую як падзяку, няхай далу­чыць да гэтай ахвяры падзякі таксама прэсныя аладкі з алеем, і прэсныя сухарыкі, запраўленыя алеем, і пшанічную муку з алеем. 
Таксама няхай прыносіць аладкі з цеста квашанага пры ахвяры мірнай ў падзяку. 
З усіх ахвяраў няхай адна будзе ахвяраваная як асаблівы дар ГОСПАДУ. Яна будзе належаць сьвятару, які вылье кроў ахвяры мірнай. 
Мяса ахвяраў мірных у падзяку мусіць быць зьедзена ў той самы дзень, нельга нічога з іх пакідаць да раніцы. 
Калі хто складае ахвяру як шлюбаваньне або з добрай волі, ахвяру ягоную трэба есьці ў дзень ахвяраваньня, але і на другі дзень можна есьці рэшту яе. 
Калі што застанецца на трэці дзень, тое трэба спаліць. 
Калі хто зьесьць штосьці з ахвяры мірнай на трэці дзень, такая ахвяра ня будзе прынятая; ня будзе яна залічана таму, хто яе склаў, бо гэта зьнявага; а той, хто будзе есьці яе, дапусьціцца грэху. 
Мяса, якое дакраналася чагосьці нячыстага, нельга есьці, але спальваецца яно ў агні; а мяса чыстае можа есьці кожны чысты. 
Калі нейкая душа, будучы ў нячыстасьці, будзе есьці мяса ахвяры мірнай, якая для ГОСПАДА, будзе выключана душа гэтая з народу свайго. 
Калі хто дакранецца нейкай нячыстасьці, нячыстасьці чалавечай, або нячыстасьці жывёлы, або нячыстага паўзуна, і будзе есьці мяса ахвяры мірнай, якая для ГОСПАДА, той будзе выключаны з народу свайго». 
І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы: 
«Скажы сынам Ізраіля: “Нельга вам есьці тлушч цялят, авечак і казлоў. 
Тлушчам зьвяроў мёртвых або разьдзёртых можна карыстацца ў кожнай патрэбе, але ня ешце яго. 
Калі хто будзе есьці тлушч жывёлаў, якіх прынесьлі на ахвяру агнявую для ГОСПАДА, той будзе выключаны з народу свайго. 
Дзе толькі будзеце жыць, нельга вам есьці ніякай крыві, ані крыві птушак, ані крыві быдла. 
Кожная душа, якая будзе есьці кроў, будзе выключана душа гэтая з народу свайго”». 
І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы: 
«Скажы сынам Ізраіля: “Хто складае ахвяру мірную для ГОСПАДА, няхай прынясе свой дар ГОСПАДУ з ахвяры мірнай. 
Сваімі рукамі няхай прынясе ён ахвяру агнявую для ГОСПАДА: тлушч з грудзіны і грудзіну, каб трэсьці імі перад ГОСПАДАМ. 
Тлушч спаліць сьвятар на ахвярніку, а грудзіна належыць Аарону і сынам ягоным. 
Таксама правую лапатку аддасьцё сьвятару як частку сьвятарскую з ахвяраў мірных. 
Які з сыноў Аарона складае ў ахвяру кроў і тлушч ахвяры мірнай, той як частку сваю атрымае правую лапатку, 
бо грудзіну патрасаную і лапатку ўздыманую Я бяру ад сыноў Ізраіля з іхніх ахвяраў мірных і даю іх Аарону сьвятару і сынам ягоным як вечны закон ад усяго народу Ізраіля”». 
Гэта ёсьць частка з ахвяраў, паленых для ГОСПАДА, якая належыць Аарону і сынам ягоным ад дня пасьвячэньня іх на сьвятароў ГОСПАДА. 
У дзень, калі іх ГОСПАД памазаў, загадаў Ізраілю даваць ім гэта. Гэта пастанова вечная ў пакаленьні іхнія. 
Гэта вось закон адносна ахвяры цэласпаленьня, ахвяры хлебнай, ахвяры за грэх, ахвяры аднагараджэньня, ахвяры пасьвячэньня і ахвяры мірнай. 
Гэта загадаў ГОСПАД Майсею на гары Сынай у дзень, калі загадаў сынам Ізраіля складаць ахвяры ГОСПАДУ ў пустыні Сынай. 
