﻿КНІГА ЛЯВІТ.
1.
 І паклікаў ГОСПАД Майсея, і прамовіў да яго з Намёту Спатканьня, кажучы: 
«Прамоў да сыноў Ізраіля і скажы ім: “Калі хто з вас захоча скласьці ахвяру з хатняе жывёлы, няхай складае ахвяру з валоў або жывёл драбнейшых. 
Калі ён захоча скласьці ахвяру цэласпаленьня з быдла, няхай ахвяруе самца без заганы і прывядзе яго да ўваходу Намёту Спатканьня, каб ГОСПАД прыняў яго ласкава, 
і паложыць руку на галаву ахвяры, каб была прынята як перамаленьне за яго. 
Потым заб’е цяля перад ГОСПАДАМ, а сыны Аарона, сьвятары, ахвяруюць кроў і пакрапяць ёю кругом ахвярнік, які стаіць перад уваходам у Намёт Спатканьня; 
а пасьля здыме ён скуру з ахвяры цэласпаленьня і пасячэ ахвяру на часткі. 
Сыны ж Аарона, сьвятары, прынясуць агонь на ахвярнік і паложаць дровы на агні. 
Потым сыны Аарона, сьвятары, паложаць часткі разам з галавой і тлушчам на дровах, што ляжаць на агні на ахвярніку. 
А нутро ахвяры і ногі яе вымые ён вадою, і спаліць сьвятар усё гэта на ахвярніку; гэта цэласпаленьне, ахвяра агнявая, мілы пах ГОСПАДУ. 
Калі вось хто хоча скласьці ахвяру цэласпаленьня з дробнай жывёлы, з авечак або козаў, няхай возьме самца без заганы, 
і заб’е яго перад ГОСПАДАМ на паўночным баку ахвярніка, а сыны Аарона, сьвятары, пакропяць крывёй яго ахвярнік наўкола. 
І расьсячэ яго на часткі, а сьвятар паложыць іх разам з галавой і тлушчам на дровы, што ляжаць на агні на ахвярніку, 
а нутро і ногі вымые ён вадой; і сьвятар зложыць гэта ўсё на ахвярніку і спаліць; гэта цэласпаленьне, ахвяра агнявая, мілы пах ГОСПАДУ. 
А калі хто захоча скласьці ў ахвяру ГОСПАДУ птушку на цэласпаленьне, няхай ахвяруе туркаўку або маладога галуба. 
І сьвятар прынясе яго на ахвярнік, зломіць яму галаву і спаліць на ахвярніку, а кроў яго выцісьне на сьцяну ахвярніка; 
і возьме валяк з пер’ем, і выкіне каля ахвярніку на ўсходнім баку, дзе попел; 
і надломіць яго паміж крыламі, не аддзяляючы іх, і спаліць іх сьвятар на ахвярніку, на дровах, што ляжаць на агні; гэта цэласпаленьне, ахвяра агнявая, мілы пах ГОСПАДУ. 
