﻿ВЫХАД.
40.
I прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы: 
«У першы месяц, у першы дзень месяца паставіш Сялібу Намёту Спатканьня. 
I паставіш там Каўчэг Сьведчаньня, і закрыеш Каўчэг заслонаю. 
I ўнясеш стол, і разложыш на ім тое, што належыць, і ўнясеш сьвечнік, і запаліш лямпы ягоныя. 
I паставіш ахвярнік залаты для каджэньня перад Каўчэгам Сьведчаньня; і завесіш заслону на ўваходзе ў Сялібу. 
I паставіш ахвярнік цэласпаленьня перад уваходам у Сялібу Намёту Спатканьня. 
I паставіш мыцельнік паміж Намётам Спатканьня і ахвярнікам, і нальеш у яго вады. 
I паставіш панадворак наўкола, і завесіш заслону ў браме панадворку. 
I возьмеш алей памазаньня, і памажаш Сялібу і ўсё, што ў ёй, і асьвяціш яе і ўсе прыналежнасьці ейныя, і бу­дзе Сьвятой. 
I памажаш ахвярнік цэласпаленьня і ўсё начыньне ягонае, і асьвяціш ахвярнік, і будзе ахвярнік Сьвятым Сьвятых. 
I памажаш мыцельнік і падставу ягоную, і асьвяціш яго. 
I наблізіш Аарона і сыноў ягоных да ўваходу ў Намёт Спатканьня, і абмыеш іх вадою. 
I апранеш Аарона ў адзеньні сьвятыя, і памажаш яго, і асьвяціш яго, і ён будзе сьвятаром Маім. 
I сыноў ягоных наблізіш, і апранеш іх у хітоны, 
і памажаш іх, як ты памазаў бацьку іхняга, і яны будуць сьвятарамі Маімі, і будзе ім памазаньне іхняе на сьвятарства вечнае ў пакаленьнях іхніх». 
I зрабіў Майсей усё; як загадаў яму ГОСПАД, так і зрабіў. 
I сталася, у першы месяц другога году, у першы дзень месяца была пастаўлена Сяліба. 
I паставіў Майсей Сялібу, і палажыў падстаўкі яе, і паставіў дошкі яе, і палажыў жэрдкі яе, і паставіў слупы яе, 
і расьцягнуў намёт над Сялібай, і палажыў пакрыцьцё намёту зьверху над ім, як загадаў ГОСПАД Майсею. 
I ўзяў, і палажыў Сьведчаньне ў Каўчэг, і ўлажыў насілы ў Каўчэг, і палажыў накрыўку на Каўчэг зьверху. 
I ўнёс Каўчэг у Сялібу, і завесіў заслону, якая вісіць, і засланіў ёю Каўчэг Сьведчаньня, як загадаў ГОСПАД Майсею. 
I паставіў стол у Намёт Спатканьня, на паўночным баку Сялібы, звонку ад заслоны. 
I разлажыў шэрагі хлябоў перад абліччам ГОСПАДА, як загадаў ГОСПАД Майсею. 
I паставіў сьвечнік у Намёт Спатканьня насупраць стала, на паўднёвым баку Сялібы. 
I запаліў лямпы перад абліччам ГОСПАДА, як загадаў ГОСПАД Майсею. 
I паставіў ахвярнік залаты ў Намёце Спатканьня перад заслонаю. 
I кадзіў на ім пахкім кадзілам, як загадаў ГОСПАД Майсею. 
I завесіў заслону на ўваходзе ў Сялібу. 
I ахвярнік цэласпаленьня паставіў каля ўваходу ў Сялібу Намёту Спатканьня, і ахвяраваў на ім цэласпаленьне і ахвяру хлебную, як загадаў ГОСПАД Майсею. 
I паставіў мыцельнік паміж Намётам Спатканьня і ахвярнікам, і наліў у яго вады для абмываньня. 
I абмывалі ў ім Майсей і Аарон, і сыны ягоныя рукі свае і ногі свае. 
Калі ўваходзілі ў Намёт Спатканьня і калі набліжаліся да ахвярніка, яны абмываліся, як загадаў ГОСПАД Майсею. 
I паставіў панадворак вакол Сялібы і ахвярніка, і завесіў заслону ў браме панадворку. I скончыў Майсей работу. 
І закрыла воблака Намёт Спатканьня, і слава ГОСПАДА напоўніла Сялібу. 
I ня мог Майсей увайсьці ў Намёт Спатканьня, бо ляжала на ім воблака, і слава ГОСПАДА напаўняла Сялібу. 
I калі падымалася воблака па-над Сялібаю, тады вырушалі сыны Ізраіля ў-ва ўсе падарожжы свае. 
А калі не падымалася воблака, тады не вырушалі, аж да дня, калі яно падымалася. 
Бо воблака ГОСПАДА было над Сялібай удзень, і агонь быў над ёй уначы перад вачыма ўсяго дому Ізраіля ў-ва ўсіх падарожжах іхніх.
