﻿ВЫХАД.
39.
А з блакіту, пурпуру і барвовага кармазыну зрабілі яны службовыя адзеньні для служэньня ў сьвятыні; і зрабілі адзеньні сьвятыя для Аарона, як загадаў ГОСПАД Майсею. 
I зрабіў Бэцалеэль эфод з золата, блакіту, пурпуру, барвовага кармазыну і кручанага вісону. 
I выкляпалі яны бляшкі залатыя, і павыціналі з іх ніткі, каб уплесьці іх у блакіт, пурпур, барвовы кармазын і вісон мастацкаю работаю. 
Нараменьнікі зрабілі да яго злучаныя; на двух канцах сваіх яны былі злучаныя. 
I пас эфоду, які падпярэзвае яго, аднолькавае з ім работы, з золата, блакіту, пурпуру, барвовага кармазыну і кручанага вісону, як загадаў ГОСПАД Майсею. 
I зрабілі камяні оніксу, асадзіўшы іх у аправы залатыя, і выразалі на іх, як выразаюць пячатку, імёны сыноў Ізраіля. 
I палажыў ён іх на нараменьнікі эфоду, як камяні на ўспамін пра сыноў Ізраіля, як загадаў ГОСПАД Майсею. 
I зрабіў нагруднік мастацкаю работаю, такою самаю работаю, як эфод, з золата, блакіту, пурпуру, барвовага кармазыну і кручанага вісону. 
Ён быў чатырохкутны; падвойным зрабілі яны нагруднік, у пядзю даўжыня ягоная і ў пядзю шырыня ягоная, ён падвойны. 
I напоўнілі яго чатырма шэрагамі камянёў у шэраг. Рубін, тапаз і шмарагд — шэраг адзін. 
А шэраг другі — гранат, шафір і дыямэнт. 
А шэраг трэці — яхонт, агат і амэтыст. 
А шэраг чацьвёрты — хрызаліт, онікс і ясьпіс. Яны асаджаныя ў золата ў аправах сваіх. 
I камяні паводле імёнаў імёнаў сыноў Ізраіля, іх дванаццаць паводле імёнаў іхніх, і выразанае як пячатка на кожным імя сваё паводле дванаццаці плямёнаў. 
I зрабілі для нагрудніку ланцужкі плеценыя вітою работаю, са шчырага золата. 
I зрабілі дзьве аправы залатыя і два колцы залатыя, і прымацавалі два колцы да двух канцоў нагрудніку. 
I ўклалі два плеценыя залатыя ланцужкі ў абодва колцы па канцах нагрудніку. 
А іншыя два канцы двух ланцужкоў прычапілі да двух аправаў і прымацавалі іх да нараменьнікаў эфоду з пярэдняга боку яго. 
I зрабілі два колцы залатыя, і прымацавалі да двух канцоў нагрудніку на тым краі ягоным, які пры ўнутраным боку эфоду. 
I зрабілі два колцы залатыя, і прымацавалі іх да двух нараменьнікаў эфоду зьнізу, з пярэдняга боку ягонага, каля злучэньня ягонага, над пасам эфоду. 
I прымацавалі нагруднік колцамі ягонымі да колцаў эфоду шнурком з блакіту, каб ён быў над пасам эфоду, і каб ня ссоваўся нагруднік з эфоду, як загадаў ГОСПАД Майсею. 
I зрабіў Бэцалеэль верхнюю шату да эфоду, тканую ўсю з блакіту, 
і адтуліну шаты ў сярэдзіне яе, як адтуліна панцыра, і абшыўку наўкола адтуліны, каб не разьдзёрлася. 
I зрабілі яны на прыполе верхняе шаты яблыкі гранатовыя з блакіту, пурпуру і барвовага кармазыну кручанага. 
I зрабілі званочкі са шчырага золата, і памясьцілі званочкі паміж гранатовых яблыкаў на прыполе верхняе шаты наўкола, паміж гранатовых яблыкаў, 
званочак і гранатовы яблык, званочак і гранатовы яблык, на прыполе верхняе шаты наўкола для служэньня, як загадаў ГОСПАД Майсею. 
I зрабілі хітоны з вісону, тканае работы, для Аарона і сыноў ягоных, 
і мітру з вісону, і турбаны аздобныя з вісону, і нагавіцы ільняныя з кручанага вісону, 
і пояс з кручанага вісону, блакіту, пурпуру і барвовага кармазыну, гафтаванае работы, як загадаў ГОСПАД Майсею. 
I зрабілі дыядэму вянца сьвятасьці са шчырага золата, і напісалі на ёй пісьмом, як выразаюць на пячатцы: “Сьвятыня для ГОСПАДА”, 
і прымацавалі да яе шнурок з блакіту, каб прывязваць яе да мітры зьверху, як загадаў ГОСПАД Майсею. 
I скончылася ўся праца пабудовы Сялібы, Намёту Спатканьня, і зрабілі сыны Ізраіля ўсё; як загадаў ГОСПАД Майсею, так і зрабілі. 
I прынесьлі да Майсея Сялібу, намёт і ўсе прыналежнасьці ягоныя, гачыкі ягоныя, дошкі ягоныя, жэрдкі ягоныя, слупы ягоныя і падстаўкі ягоныя, 
і пакрыцьцё са скураў бараноў, фарбаваных на чырвона, і пакрыцьцё са скураў тахаш, і заслону, якая вісіць, 
Каўчэг Сьведчаньня, і насілы ягоныя, і накрыўку ягоную, 
стол, усе начыньні ягоныя і хлябы пакладныя, 
сьвечнік чысты, лямпы ягоныя, лямпы ў шэрагах, і ўсё начыньне ягонае, і алей для асьвятленьня, 
і ахвярнік залаты, і алей памазаньня, і пахкае кадзіла, і заслону на ўваходзе ў намёт, 
ахвярнік мядзяны і крату мядзяную да яго, насілы ягоныя і ўсё начыньне ягонае, мыцельнік і падставу ягоную, 
заслоны панадворку, слупы ягоныя і падстаўкі ягоныя, заслону да брамы панадворку, вяроўкі ягоныя і калкі ягоныя, і ўсе прыналежнасьці да служэньня Сялібы ў Намёце Спатканьня, 
адзеньні службовыя да служэньня ў сьвятыні, адзеньні сьвятыя для Аарона сьвятара і адзеньні для сыноў ягоных да служэньня сьвятарскага. 
Усё, як загадаў ГОСПАД Майсею, так і зрабілі сыны Ізраіля, усю працу. 
I ўбачыў Майсей усё зробленае, і вось, яны зрабілі гэта; як загадаў ГОСПАД, так і зрабілі. I дабраславіў іх Майсей. 
