﻿ВЫХАД.
37.
I зрабіў Бэцалеэль каўчэг з дрэва акацыі; два локці з паловаю даўжыня яго, і паўтары локці шырыня яго, і паўтары локці вышыня яго. 
I пакрыў яго шчырым золатам унутры і звонку, і зрабіў наўкола яго вянок залаты. 
I выліў да яго чатыры колцы залатыя, на чатырох кутах яго, два колцы на адным баку яго, і два колцы на другім баку яго. 
I зрабіў насілы з дрэва акацыі, і пакрыў іх золатам. 
I ўлажыў насілы ў колцы па баках каўчэга, каб насіць каўчэг. 
I зрабіў накрыўку са шчырага золата; два локці з паловаю даўжыня яе, і паўтары локці шырыня яе. 
I зрабіў двух херувімаў з золата; каванымі зрабіў іх з абодвух бакоў накрыўкі: 
аднаго херувіма з гэтага канца, і аднаго херувіма з другога канца; разам з накрыўкай зрабіў херувімаў на абодвух баках яе. 
I былі херувімы распусьціўшы крылы ўгару, і захіналі крыламі сваімі накрыўку, а абліччамі сваімі былі зьвернуты адзін да аднаго; да накрыўкі былі зьвернуты абліччы херувімаў. 
I зрабіў стол з дрэва акацыі, два локці даўжыня яго, і локаць шырыня яго, і паўтары локці вышыня яго. 
I пакрыў яго шчырым золатам, і зрабіў яму вянок залаты наўкола. 
I зрабіў яму наўкола ліштву шырынёю ў далонь, і зрабіў вянок залаты для ліштвы ягонай. 
I выліў для яго чатыры колцы залатыя, і прыладзіў колцы да чатырох рагоў, якія пры чатырох ножках ягоных. 
Пры ліштвах былі колцы, каб укладаць насілы і насіць стол. 
I зрабіў насілы з дрэва акацыі для нашэньня стала, і пакрыў іх золатам. 
I зрабіў са шчырага золата начыньне, што на стале: місы ягоныя, і чашы ягоныя, кубкі ягоныя і збаны, каб наліваць імі. 
I зрабіў сьвечнік са шчырага золата, каваным зрабіў сьвечнік; падстава яго, і сьця­бло яго, чарачкі яго, яблыкі яго і кветкі яго выходзілі з яго. 
I шэсьць сьцяблінаў выходзіла з бакоў яго: тры сьцябліны сьвечніка з аднаго боку яго, і тры сьцябліны сьвечніка з другога боку яго. 
Тры чарачкі, падобныя да мігдалу, з яблыкам і кветкаю, былі на адной сьцябліне, і тры чарачкі, падобныя да мігдалу, з яблыкам і кветкаю, былі на другой сьцябліне. Гэтак на шасьці сьцяблінах, што выходзяць са сьвечніка, 
А на камлі сьвечніка былі чатыры чарачкі, падобныя да мігдалу, з яблыкам і кветкаю. 
I яблык пад двума сьцяблінамі, што выходзяць з яго, і яблык пад двума сьцяблінамі, што выходзяць з яго, і яблык пад двума галінамі, што выходзяць з яго, на шасьці сьцяблінах, што выходзяць з яго. 
Яблыкі іхнія і сьцябліны іхнія выходзілі з яго; ён увесь суцэльна каваны са шчырага золата. 
I зрабіў сем лямпаў для яго, і абцужкі да яго, і папяльнічку да яго са шчырага золата. 
З таленту золата шчырага зрабіў яго з усімі прыладамі ягонымі. 
I зрабіў ахвярнік каджэньня з дрэва акацыі; локаць — даўжыня яго, і локаць — шырыня яго, ён чатырохкутны; і два локці — вышыня ягоная; з яго выходзілі рогі ягоныя. 
I пакрыў яго шчырым золатам, верх ягоны і сьценкі ягоныя наўкола, і рогі ягоныя, і зрабіў да яго вянок залаты наўкола. 
I два колцы залатыя зрабіў пад вянком ягоным на двух вуглах ягоных; з двух бакоў ягоных зрабіў месцы да насілаў, каб насіць яго на іх. 
I зрабіў насілы з дрэва акацыі, і пакрыў іх золатам. 
I зрабіў алей памазаньня сьвятога і пахкае кадзіла чыстае, работы мяшальніка масьцяў. 
