﻿ВЫХАД.
36.
I зробіць Бэцалеэль, і Агаліяў, і кожны мудры сэрцам, якому даў ГОСПАД мудрасьць і разумнасьць у нутры іхнім, каб маглі зрабіць усю працу для служэньня ў сьвятыні, усё, як загадаў ГОСПАД». 
I паклікаў Майсей Бэцалеэля, і Агаліява, і кожнага мудрага сэрцам, якому ГОСПАД даў мудрасьць у сэрца ягонае, усіх, каго прынукала сэрца ягонае ўзяцца за працу і зрабіць яе. 
I ўзялі яны ад аблічча Майсея ўсе дары, якія прынесьлі сыны Ізраіля на працы для служэньня ў сьвятыні, каб зрабіць яе. І яны прыносілі да яго яшчэ дабраахвотна кожную раніцу. 
I прыйшлі ўсе мудрыя, якія рабілі ўсялякія працы ў сьвятыні, кожны ад працы сваёй, якою яны займаліся, 
і сказалі Майсею, кажучы: «Народ вельмі шмат прыносіць, больш, чым патрэбна для працы, якую загадаў ГОСПАД зрабіць». 
I загадаў Майсей, і абвешчана было ўголас у табары, кажучы: «Ані мужчына, ані жанчына няхай ня робяць ужо нічога як дар для сьвятыні». І перастаў народ прыносіць дары. 
I прынесенага на работу было даволі на ўсялякую працу, якую належала зрабіць, і яшчэ заставалася. 
I зрабілі ўсе мудрыя сэрцам, якія займаліся працаю ў Сялібе, дзесяць палотнаў з кручанага вісону, блакіту, пурпуру і барвовага кармазыну, і херувімаў майстэрскай работай зрабілі на іх. 
Даўжыня аднаго палатна — дваццаць восем локцяў, а шырыня аднаго палатна — чатыры локці. Адна мера для ўсіх палотнаў. 
I злучыў Бэцалеэль пяць палотнаў адно з адным, і пяць іншых палотнаў злучыў адно з адным. 
I зрабіў пяцелькі з блакіту на краі аднаго палатна для спінаньня; гэтак зрабіў ён на краі апошняга палатна, для спінаньня з іншага боку. 
Пяцьдзясят пяцелек зрабіў ён на адным палатне, і пяцьдзясят пяцелек зрабіў на канцы палатна для спінаньня з другім; пяцелькі гэтыя — насупраць адна адной. 
I зрабіў пяцьдзясят гачыкаў залатых, і злучыў гачыкамі палотны адно з адным, і сталася Сяліба адным цэлым. 
I зрабіў палотны з казінае поўсьці для намёту Сялібы; адзінаццаць палотнаў зрабіў іх. 
Даўжыня аднаго палатна — трыццаць локцяў, і чатыры локці — шырыня аднаго палатна; мера адна для адзінаццаці палотнаў. 
I злучыў ён пяць палотнаў асобна, і шэсьць палотнаў асобна. 
I зрабіў пяцьдзясят пяцелек на краі палатна на канцы для спінаньня, і пяцьдзясят пяцелек зрабіў на краі палатна для спінаньня з іншага боку. 
I зрабіў пяцьдзясят гачыкаў мядзяных для злучэньня намёту, каб быў адным цэлым. 
I зрабіў пакрыцьцё на намёт са скураў бараноў, фарбаваных на чырвона, і пакрыцьцё на верх са скураў тахаш. 
I зрабіў дошкі для Сялібы, якія будуць стаяць проста, з дрэва акацыі. 
Дзесяць локцяў — даўжыня дошкі, і паўтары локці — шырыня адной дошкі. 
Па два шыпы ў кожнай дошцы, асаджаныя адзін насупраць другога; гэтак зрабіў ён у-ва ўсіх дошках Сялібы. 
I зрабіў дошкі для Сялібы — дваццаць дошак для паўднёвага боку, што глядзіць на поўдзень. 
I сорак срэбных падставак зрабіў пад дваццаць дошак: дзьве падстаўкі пад адну дошку да двух шыпоў ейных, і дзьве падстаўкі пад другую дошку да двух шыпоў ейных. 
I да другога боку сялібы, што глядзіць на поўнач, зрабіў дваццаць дошак, 
і сорак падставак для іх срэбных: дзьве падстаўкі пад адну дошку, і дзьве падстаўкі пад другую дошку. 
I да задняга боку Сялібы, што глядзіць на захад, зрабіў шэсьць дошак. 
I дзьве дошкі зрабіў для вуглоў Сялібы пры заходнім боку. 
I яны былі злучаныя ўнізе, і разам злучаныя ўгары адным колцам. Гэтак зрабіў ён з імі абедзьвума на абодвух вуглах. 
I так было восем дошак, і падставак іхніх срэбных шаснаццаць, дзьве падстаўкі пад адну дошку, і дзьве падстаўкі пад другую дошку. 
I зрабіў ён жэрдкі з дрэва акацыі, пяць жэрдак да дошак аднаго боку сялібы, 
і пяць жэрдак да дошак другога боку сялібы, і пяць жэрдак да дошак задняга боку сялібы. 
I зрабіў сярэднюю жэрдку, што праходзіла пасярэдзіне дошак ад аднаго канца да другога. 
I дошкі пакрыў золатам; і колцы на іх для ўкладаньня жэрдак зрабіў з золата, і жэрдкі пакрыў золатам. 
I зрабіў заслону з блакіту, пурпуру, барвовага кармазыну і кручанага вісону; і мастацкай работай зрабіў на ёй херувімаў. 
I зрабіў да яе чатыры слупы з акацыі, і пакрыў іх золатам, і кручкі на іх — залатыя, і выліў да іх чатыры падстаўкі срэбныя. 
I зрабіў заслону на ўваходзе намёту з блакіту, пурпуру, барвовага кармазыну і кручанага вісону, гафтаванае работы, 
і слупоў для яе пяць з кручкамі да іх, і пакрыў вярхі іхнія і клямкі іхнія золатам, і выліў да іх пяць падставак мядзяных. 
