﻿ВЫХАД.
35.
I сабраў Майсей усю грамаду сыноў Ізраіля, і сказаў: «Вось словы, якія загадаў ГОСПАД, каб выконваць іх. 
Шэсьць дзён будзеш рабіць работу, а ў сёмы дзень будзе ў вас сьвята, супачынак супачынку для ГОСПАДА; кожны, хто будзе рабіць у ім работу, памрэ. 
Не паліце агню ў-ва ўсіх сядзібах вашых у дзень супачынку». 
I сказаў Майсей усёй грамадзе сыноў Ізраіля: «Гэта слова, якое загадаў ГОСПАД, кажучы: 
“Зьбярыце ад сябе дар ГОСПАДУ. Кожны шляхетнага сэрца няхай прынясе дар ГОСПАДУ: золата, срэбра і медзь, 
і блакіт, і пурпур, і барвовы кармазын, і вісон, і казіную поўсьць, 
і скуры бараноў, фарбаваныя на чырвона, і скуры тахаш, і дрэва акацыі, 
і алей для асьвятленьня, і пахошчы для алею памазаньня і для пахкага каджэньня, 
і камяні оніксу, і камяні для аздабленьня эфоду і нагрудніку. 
I ўсе з вас, хто мудры сэрцам, няхай прыйдуць і зробяць усё, што загадаў ГОСПАД: 
Сялібу і намёт для яе, і пакрыцьцё для яе, гачыкі для яе і дошкі для яе, насілы яе, слупы яе і падстаўкі яе, 
Каўчэг Сьведчаньня і насілы для яго, накрыўку і заслону, якая вісіць, 
стол і насілы для яго, і ўсё начыньне ягонае, і хлябы пакладныя, 
і сьвечнік для асьвятленьня з начыньнямі ягонымі, і лямпы для яго, і алей для асьвятленьня, 
і ахвярнік каджэньня, і насілы для яго, і алей памазаньня і пахкае кадзіла, і заслону на ўваходзе ў Сялібу, 
ахвярнік цэласпаленьня і крату мядзяную для яго, і насілы для яго, і ўсё начыньне ягонае, мыцельнік і падставу ягоную, 
заслоны панадворку, слупы ягоныя і падстаўкі іхнія, і заслону на ўваходзе ў панадворак, 
калкі Сялібы і калкі панадворку, і вяроўкі да іх, 
адзеньні службовыя для служэньня ў сьвятыні, і адзеньні сьвятыя для Аарона сьвятара, і адзеньні для сыноў ягоных для служэньня сьвятарскага”». 
I адыйшла ўся грамада сыноў Ізраіля ад аблічча Майсея. 
I прыходзіў кожны чалавек, якога прынукала да гэтага сэрца ягонае, і кожны, якога заахвочваў дух ягоны, і прыносілі дар ГОСПАДУ на вырабленьне Намёту Спатканьня, і на ўсё служэньне ў ім, і на адзеньні сьвятыя. 
I прыходзілі мужчыны і жанчыны, усе ахвотнага сэрца, і прыносілі кольцы і завушніцы, і пярсьцёнкі, і бранзалеты, і ўсялякія рэчы залатыя, і кожны, патрэсваючы, складаў золата для ГОСПАДА як ахвяру патрэсваньня. 
I кожны, у каго быў блакіт і пурпур, і барвовы кармазын, і вісон, і казіная поўсьць, і скуры бараноў, фарбаваныя на чырвона, і скуры тахаш, прыносіў іх. 
I кожны, хто ахвяроўваў дар срэбра і медзі, прыносіў гэты дар для ГОСПАДА. І кожны, у каго знайшлося дрэва акацыі, прыносіў яго на ўсялякую патрэбу служэньня. 
I ўсе жанчыны, мудрыя сэрцам, пралі рукамі сваімі і прыносілі пражу блакіту, пурпуру і барвовага кармазыну, і вісону. 
I ўсе жанчыны, якіх прынукала сэрца іхняе, пралі ў мудрасьці казіную поўсьць. 
А начальнікі прыносілі камяні оніксу і камяні для аздабленьня эфоду і нагрудніку, 
і пахошчы, і алей для асьвятленьня, і алей памазаньня, і пахкае кадзіла. 
Кожны мужчына і жанчына з сыноў Ізраіля, якіх заахвочвала сэрца іхняе прынесьці на ўсялякую работу, якую ГОСПАД загадаў зрабіць рукою Майсея, прыносілі дабраахвотна для ГОСПАДА. 
I сказаў Майсей сынам Ізраіля: «Глядзіце, ГОСПАД паклікаў па іменьні Бэцалеэля, сына Урыя, сына Хура, з калена Юды, 
і напоўніў яго Духам Божым, мудрасьцю, разумнасьцю, веданьнем і ўменьнем да ўсялякай працы, 
і мастацкімі здольнасьцямі рабіць з золата, срэбра і медзі, 
і абрабляць камяні для асаджэньня іх, і абрабляць дрэва, і рабіць з ім усялякую мастацкую работу. 
I здольнасьць вучыць даў у сэрца яго і Агаліява, сына Ахісамаха, з калена Дана. 
І Ён напоўніў іх мудрасьцю сэрца, каб яны рабілі ўсякую працу разьбяра, і мастака, і вышывальніка на блакіце, пурпуры, барвовым кармазыне і вісоне, і ткача, які робіць усякую працу і мастацкі аздабляе тканіну. 
