﻿ВЫХАД.
32.
I бачыў народ, што Майсей затрымліваецца, каб зыйсьці з гары, і сабраўся народ перад Ааронам, і сказалі яму: «Устань, зрабі нам багоў, якія будуць ісьці перад намі, бо з гэтым Майсеем, гэтым чалавекам, які вывеў нас з зямлі Эгіпецкай, ня ведаем, што сталася з ім». 
I сказаў ім Аарон: «Зьніміце завушніцы залатыя, якія ў вушах жонак вашых, сыноў вашых і дочак вашых, і прынясіце да мяне». 
I зьняў увесь народ завушніцы залатыя, якія ў вушах іхніх, і прынесьлі да Аарона. 
І ён узяў гэта з рук іхніх, і ўфармаваў яго разцом, і зрабіў з яго цяля літое. I сказалі яны: «Вось бог твой, Ізраілю, які вывеў цябе з зямлі Эгіпецкай». 
I ўбачыў Аарон, і збудаваў перад ім ахвярнік, і ўсклікнуў Аарон, і сказаў: «Сьвята для ГОСПАДА заўтра». 
I яны ўсталі рана назаўтра, і ахвяроўвалі цэласпаленьні, і прынесьлі ахвяры мірныя; і сеў народ есьці і піць, і ўсталі гуляць. 
I прамовіў ГОСПАД да Майсея: «Ідзі, зыйдзі, бо сапсаваўся народ твой, які ты вывеў з зямлі Эгіпецкай. 
Хутка зьвярнулі яны са шляху, які Я загадаў ім, зрабілі сабе цяля літое, і пакланіліся яму, і ахвяроўвалі яму, і сказалі: “Вось бог твой, Ізраілю, які вывеў цябе з зямлі Эгіпецкай”». 
I сказаў ГОСПАД Майсею: «Я бачыў народ гэты, і вось, ён — народ з цьвёрдым каркам. 
I цяпер пакінь Мяне, і ўзгарыцца гнеў Мой на іх, і Я выгублю іх, і зраблю з цябе народ вялікі». 
I маліў Майсей аблічча ГОСПАДА, Бога свайго, і сказаў: «Дзеля чаго, ГОСПАДЗЕ, палае гнеў Твой на народ Твой, які Ты вывеў з зямлі Эгіпецкай сілаю вялікай і рукою моцнай? 
Навошта маюць казаць Эгіпцяне, кажучы: “На ліха вывеў іх, каб забіць іх у гарах і вынішчыць іх з аблічча зямлі”. Адвярніся ад ярасьці гневу Твайго і пашкадуй рабіць ліха народу Твайму. 
Узгадай Абрагама, Ісаака і Ізраіля, слугаў Тваіх, якім Ты прысягаў на Сябе Самога, і прамовіў да іх: “Памножу насеньне вашае, як зоркі ў небе, і ўсю зямлю гэтую, пра якую Я сказаў, дам насенню вашаму, і яны ўспадкаемяць яе на вякі”». 
I пашкадаваў ГОСПАД рабіць ліха, пра якое Ён казаў, што ўчыніць яго народу Свайму. 
I павярнуўся, і зыйшоў Майсей з гары; і дзьве табліцы Сьведчаньня былі ў руцэ ягонай, табліцы, на якіх было напісана з абодвух бакоў, на адным і на другім баку было напісана на іх. 
I табліцы былі творам Бога, і пісьмо было пісьмом Божым, высечаным на табліцах. 
I пачуў Егошуа голас народу, які ўсклікаў, і сказаў Майсею: «Голас вайны ў табары». 
I сказаў Майсей: «Гэта ані голас крыку перамогі, ані голас крыку паразы, але я чую голас пяяньня». 
I сталася, калі ён наблізіўся да табару і ўбачыў цяля і танцы, узгарэўся гнеў Майсея, і ён кінуў з рук сваіх табліцы, і разьбіў іх пад гарою. 
I ўзяў ён цяля, якое яны зрабілі, і спаліў яго ў агні, і сьцёр на попел, і рассыпаў на абліччы вады, і даў яго піць сынам Ізраіля. 
I сказаў Майсей Аарону: «Што зрабіў табе народ гэты, што ты ўвёў яго ў грэх вялікі?» 
I сказаў Аарон: «Няхай не ўзгараецца гнеў пана майго; ты ведаеш народ гэты, што ён поўны ліха. 
I яны сказалі мне: “Зрабі нам багоў, якія будуць ісьці перад намі, бо з гэтым Майсеем, чалавекам, які вывеў нас з зямлі Эгіпецкай, ня ведаем, што сталася з ім”. 
I я сказаў ім: “Хто мае золата, няхай здыме яго”. I яны далі мне, я кінуў яго ў агонь, і выйшла гэта цяля». 
I ўбачыў Майсей народ, што ён неакелзаны, бо Аарон раскелзаў яго на паганьбеньне перад ворагамі ягонымі. 
I стаў Майсей у браме табару, і сказаў: «Хто за ГОСПАДА — да мяне!» I сабраліся да яго ўсе сыны Левія. 
I ён сказаў ім: «Гэтак кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля: “Падперажыце кожны меч свой да сьцягна свайго, перайдзіце і зьвярніцеся ад брамы да брамы праз табар, і забівайце кожны брата свайго, кожны сябра свайго, кожны бліжняга свайго”». 
I зрабілі сыны Левія паводле слова Майсея, і палегла з народу ў той дзень каля трох тысячаў чалавек. 
I сказаў Майсей: «Напоўніце рукі свае сёньня для ГОСПАДА, бо кожны быў супраць сына свайго і супраць брата свайго, каб Ён даў вам сёньня дабраслаўленьне». 
I сталася назаўтра, і сказаў Майсей народу: «Вы саграшылі грахом вялікім, і цяпер я ўзыйду да ГОСПАДА, можа, змагу перамаліць Яго за грэх ваш». 
I вярнуўся Майсей да ГОСПАДА, і сказаў: «Прашу, саграшыў народ гэты грэхам вялікім, і зрабілі сабе багоў залатых. 
I цяпер, ці можаш дараваць ім грэх іхні? А калі не, вытры мяне, прашу, з кнігі Тваёй, якую Ты напісаў». 
I сказаў ГОСПАД Майсею: «Таго, хто саграшыў перада Мною, Я вытру з кнігі Маёй. 
I цяпер ідзі, вядзі народ гэты, куды Я казаў табе. Вось, анёл Мой пойдзе перад табою, і ў дзень наведваньня Майго Я наведаю іх за грэх іхні». 
I ўдарыў ГОСПАД народ за тое, што зрабілі цяля, якога зрабіў Аарон. 
