﻿ВЫХАД.
30.
I зробіш ахвярнік для каджэньня кадзіла; з дрэва акацыі зробіш яго. 
Локаць — даўжыня ягоная, і локаць — шырыня ягоная; ён мае быць чатырохкутны; і два локці — вышыня ягоная; з яго маюць выходзіць рогі. 
I пакрыеш яго шчырым золатам, верх ягоны і сьценкі ягоныя наўкола, і рогі ягоныя; і зробіш да яго залаты вянок наўкола. 
I два колцы залатыя зробіш да яго, пад вянком ягоным, на двух вуглах ягоных; зробіш іх з двух бакоў ягоных; і будуць яны месцам для насілаў, каб насіць яго на іх. 
I зробіш насілы з дрэва акацыі, і пакрыеш іх золатам. 
I паставіш яго перад заслонаю, якая перад Каўчэгам Сьведчаньня, перад накрыўкаю, якая над Сьведчаньнем, дзе Я буду сустракацца з табою. 
I будзе паліць на ім Аарон пахкае кадзіла кожную раніцу. Калі ён будзе папраўляць лямпы, будзе паліць кадзіла. 
I калі Аарон будзе запальваць лямпы ўвечары, ён будзе паліць кадзіла. Гэта заўсёднае каджэньне перад ГОСПАДАМ у пакаленьнях вашых. 
Не паліце на ім ніякага кадзіла чужога, ані цэласпаленьня, ані дару; і ўзьліваньня не ўзьлівайце на яго. 
I будзе спраўляць Аарон перамольваньне над рогамі яго раз у год. Крывёю ахвяры за грэх раз у год перамольваньнем будзе перамольваць на ім за пакаленьні вашыя. Гэта сьвятое сьвятых для ГОСПАДА». 
I прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы: 
«Калі будзеш зьбіраць падатак з галавы ў сыноў Ізраіля пры лічэньні іх, няхай дасьць кожны мужчына выкуп душы сваёй ГОСПАДУ пры лічэньні іх, і ня будзе між імі плягі, калі будуць лічыць іх. 
Гэта павінны даць усе, хто падлягае лічэньню — палову сыкля, паводле сыкля сьвятыні, у якім дваццаць гер у сыклі; палова сыкля — дар для ГОСПАДА. 
Усе, хто падлягае лічэньню, ад дваццаці гадоў і вышэй, маюць даць дар ГОСПАДУ. 
Багаты ня будзе павялічваць, і бедны ня будзе памяншаць ад паловы сыкля, што маюць даваць як дар ГОСПАДУ дзеля перамольваньня за душы вашыя. 
I возьмеш срэбра перамольваньня ад сыноў Ізраіля, і дасі яго на служэньне ў Намёце Спатканьня; і будзе гэта сынам Ізраіля на памяць перад абліччам ГОСПАДА дзеля перамольваньня за душы вашыя». 
I прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы: 
«І зробіш мыцельнік мядзяны і падставу мядзяную да ўмываньня, і паставіш яго паміж Намётам Спатканьня і ахвярнікам, і нальеш у яго вады. 
I будуць Аарон і сыны ягоныя мыць у ім рукі свае і ногі свае. 
Калі яны будуць уваходзіць у Намёт Спатканьня, няхай яны абмыюцца вадою, і яны не памруць; таксама калі яны будуць набліжацца да ахвярніка дзеля служэньня, дзеля ахвяраваньня вогненнага для ГОСПАДА, 
І будуць яны абмываць рукі свае і ногі свае, і не памруць. I будзе гэта ім пастанова вечная, яму і насеньню ягонаму ў пакаленьнях іхніх». 
I прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы: 
«І ты вазьмі сабе найлепшых пахошчаў: міра найчысьцейшага пяцьсот сыкляў, цынамону пахкага палову гэтага, дзьвесьце пяцьдзясят сыкляў, трысьнёгу пахкага дзьвесьце пяцьдзясят сыкляў, 
і касіі пяцьсот сыкляў, паводле сыклю сьвятыні, і алею аліўкавага гін. 
I зробіш з гэтага алей сьвятога памазаньня, масьць мяшаную работы мяшальніка масьцяў. Алей сьвятога памазаньня гэта будзе. 
I памажаш ім Намёт Спатканьня, і Каўчэг Сьведчаньня, 
і стол, і ўсе начыньні ягоныя, і сьвечнік, і ўсе начыньні ягоныя, і ахвярнік каджэньня, 
і ахвярнік цэласпаленьня, і ўсе начыньні ягоныя, і мыцельнік, і падставу ягоную. 
I асьвяціш іх, і будуць яны сьвятое сьвятых; усё, што дакранецца да іх, будзе сьвятым. 
I Аарона і сыноў ягоных памажаш і асьвяціш іх, каб былі сьвятарамі Маімі. 
А да сыноў Ізраіля прамоў, кажучы: “Гэта будзе для Мяне алей сьвятога памазаньня ў пакаленьнях вашых. 
На цела чалавека ня будуць узьліваць яго, і паводле складу ягонага не рабіце падобнага да яго. Ён — сьвяты, сьвятым мае быць для вас. 
Чалавек, які зробіць работай мяшальніка масьцяў алей, падобны да яго, і які памажа ім чужынца, будзе выгублены з народу свайго”». 
I сказаў ГОСПАД Майсею: «Вазьмі сабе пахошчы: бальзам, і жывіцу, і галбан пахкі, і ладан чысты, кожнае ў роўнай частцы. 
I зробіш з гэтага кадзіла мяшанае работай мяшальніка масьцяў, пасоленае, чыстае, сьвятое. 
I стаўчэш яго дробна, і паложыш перад Сьведчаньнем у Намёце Спатканьня, дзе Я буду сустракацца з табою. Гэта сьвятое сьвятых будзе для вас. 
I кадзіла, якое зробіш, падобнага да яго паводле складу ягонага не рабіце сабе. Сьвятое яно будзе ў цябе для ГОСПАДА. 
Чалавек, які зробіць падобнае да яго, каб адчуваць пах ягоны, будзе выгублены з народу свайго». 
