﻿ВЫХАД.
29.
I вось тая рэч, якую зробіш для іх, каб пасьвяціць іх на сьвятароў для Мяне. Возьмеш аднаго маладога бычка і двух бараноў без заганы, 
і хлябы прэсныя, і печыва прэснае, рашчыненае на алеі, і аладкі прэсныя, памазаныя алеем; з найлепшае мукі зробіш іх. 
I паложыш іх у адзін кош, і прынясеш іх у кашы, і бычка, і двух бараноў. 
I Аарона і сыноў ягоных прывядзеш да ўваходу ў Намёт Спатканьня, і абмыеш іх у вадзе, 
і возьмеш адзеньні, і апранеш на Аарона хітон і верхнюю шату эфоду, і эфод, і нагруднік, і падпярэжаш яго поясам эфоду. 
I ўскладзеш мітру на галаву ягоную, і прымацуеш дыядэму сьвятасьці на мітру. 
I возьмеш алей памазаньня, і выльеш на галаву ягоную, і памажаш яго. 
I сыноў ягоных прывядзеш, і апранеш на іх хітоны, 
і падпярэжаш іх поясам, Аарона і сыноў ягоных, і адзенеш на іх турбаны, і будзе ім належаць сьвятарства паводле пастановы вечнае, і напоўніш рукі Аарона і сыноў ягоных. 
I прывядзеш бычка перад Намёт Спатканьня, і ўскладуць Аарон і сыны ягоныя рукі свае на галаву бычка. 
I зарэжаш бычка перад абліччам ГОСПАДА каля ўваходу ў Намёт Спатканьня. 
I возьмеш кроў бычка, і памажаш рогі ахвярніка пальцам тваім, і ўсю кроў выльеш на падставу ахвярніка. 
I возьмеш увесь тлушч, які пакрывае нутро, і лой з вантробаў, і абедзьве ныркі, і тлушч, які на іх, і спаліш на ахвярніку. 
А мяса бычка, і скуру ягоную, і гной ягоны спаліш на агні па-за табарам. Гэта ахвяра за грэх. 
I возьмеш аднаго з бараноў, і ўскладуць Аарон і сыны ягоныя рукі свае на галаву барана. 
I зарэжаш барана, і возьмеш кроў ягоную, і пакропіш на ахвярнік наўкола. 
I барана расьсячэш на кавалкі ягоныя, і вымыеш нутро ягонае і ногі ягоныя, і паложыш іх на расьсечаныя кавалкі ягоныя і на галаву ягоную. 
I спаліш усяго барана на ахвярніку. Гэта цэласпаленьне ГОСПАДУ, пах прыемны, ахвяра агню для ГОСПАДА. 
I возьмеш другога барана, і ўскладуць Аарон і сыны ягоныя рукі свае на галаву барана. 
I зарэжаш барана, і возьмеш кроў ягоную, і памажаш верх правага вуха Аарона і верх правага вуха сыноў ягоных, вялікі палец правай рукі іхняй, і вялікі палец правай нагі іхняй; і пакропіш крывёю ахвярнік наўкола. 
I возьмеш кроў, якая на ахвярніку, і алей памазаньня, і пакропіш Аарона і сыноў ягоных, і адзеньне ягонае, і адзеньні сыноў ягоных з ім; і будзе асьвячоны ён і адзеньне ягонае, і сыны ягоныя, і адзеньні сыноў ягоных з ім. 
I возьмеш тлушч барана і хвост, і тлушч, які пакрывае нутро, і лой з вантробаў, і абедзьве ныркі, і тлушч, які на іх, і правую лапатку, бо гэта баран пасьвячэньня, 
і адзін бохан хлеба, і адно печыва хлеба, зробленае на алеі, і адну аладку з каша праснакоў, які перад абліччам ГОСПАДА, 
і паложыш усё гэта на далоні Аарона і на далоні сыноў ягоных, і будзеш патрэсваць іх як ахвяру патрэсваньня перад абліччам ГОСПАДА. 
I возьмеш іх з рук іхніх, і спаліш на ахвярніку як цэласпаленьне, пах прыемны перад абліччам ГОСПАДА. Гэта ахвяра вагню для ГОСПАДА. 
I возьмеш грудзіну барана пасьвячэньня, які быў для Аарона, і будзеш патрэсваць ёю як ахвярай патрэсваньня перад абліччам ГОСПАДА, і гэта будзе частка твая. 
I асьвяціш грудзіну патрасаную і лапатку ўзьнесеную, якія былі патрэсваныя і якія былі ўзьнесеныя з барана пасьвячэньня, які быў для Аарона і які быў для сыноў ягоных. 
I будуць яны для Аарона і сыноў ягоных паводле пастановы вечнай ад сыноў Ізраіля, бо гэта ўзьнясеньне, і гэтае ўзьнясеньне мае быць ад сыноў Ізраіля з іхніх ахвяраў мірных, узьнясеньне іхняе для ГОСПАДА. 
I адзеньні сьвятыя, якія належаць Аарону, будуць належаць сынам ягоным пасьля яго, каб у іх памазваць іх і напаўняць рукі іхнія. 
Сем дзён мае апранацца ў іх сьвятар з сыноў ягоных, які будзе замест яго, які будзе ўваходзіць у Намёт Спатканьня, каб служыць у сьвятыні. 
I барана пасьвячэньня возьмеш, і зварыш мяса ягонае на месцы сьвятым. 
I будзе есьці Аарон і сыны ягоныя мяса барана гэтага і хлеб, які ў кашы, каля ўваходу ў Намёт Спатканьня. 
I будуць яны есьці тое, што было перамаленьнем за іх, каб напоўніць рукі іхнія і асьвяціць іх; а чужы ня будзе есьці гэта, бо гэта сьвятое. 
I калі застанецца мяса пасьвячэньня і хлеб да раніцы, спаліш астачу на агні, нельга есьці яго, бо гэта сьвятое. 
I ўсё зробіш Аарону і сынам ягоным паводле таго, што Я загадаў табе: сем дзён будзеш напаўняць рукі іхнія. 
I бычка як ахвяру за грэх будзеш складаць кожны дзень дзеля перамольваньня, і ачысьціш ахвярнік ад грэху, учыніўшы перамольваньне за яго, і памажаш яго, і асьвяціш яго. 
Сем дзён будзеш зьдзяйсьняць перамольваньне за ахвярнік і будзеш асьвячаць яго, і будзе ахвярнік сьвятое сьвятых; усё, што дакранецца да ахвярніка, будзе сьвятым. 
Вось што будзеш складаць у ахвяру на ахвярніку: двух ягнятаў аднагодак кожны дзень заўсёды. 
Адно ягня складзеш у ахвяру раніцай, а другое ягня складзеш у ахвяру вечарам. 
I на адно ягня возьмеш дзясятую частку эфы найлепшае мукі, зьмяшанай з алеем выціснутым, якога чвэрць гіну, і на ўзьліваньне — чвэрць гіну віна. 
А другое ягня складзеш у ахвяру ўвечары, падобна як ахвяраваньне раніцаю і ўзьліваньне пры ёй складзеш яго на пах прыемны, на ахвяру агню для ГОСПАДА. 
Гэта цэласпаленьне, якое будзе заўсёды ў пакаленьнях вашых перад уваходам у Намёт Спатканьня перад абліччам ГОСПАДА, дзе буду сустракацца з вамі, каб размаўляць там з табою. 
I буду сустракацца там з сынамі Ізраіля, і будзе асьвячонае тое месца славаю Маёю. 
I Я асьвячу Намёт Спатканьня і ахвярнік; і Аарона і сыноў ягоных асьвячу, каб яны былі сьвятарамі Маімі. 
I буду жыць сярод сыноў Ізраіля, і буду ім Богам. 
I пазнаюць, што Я — ГОСПАД, Бог іхні, Які вывеў іх з зямлі Эгіпецкай, каб Мне жыць сярод іх. Я — ГОСПАД, Бог іхні. 
