﻿ВЫХАД.
28.
I ты наблізь да сябе Аарона, брата твайго, і сыноў ягоных з ім спасярод сыноў Ізраіля, каб яны былі сьвятарамі Маімі: Аарона і Надава, Авігу, Элеазара і Ітамара, сыноў Аарона. 
I зробіш сьвятыя адзеньні Аарону, брату твайму, дзеля славы і аздабленьня. 
I скажаш усім мудрым сэрцам, якіх Я напоўніў духам мудрасьці, каб яны зрабілі Аарону адзеньні для асьвячэньня яго, каб ён быў сьвятаром Маім. 
I вось адзеньні, якія яны маюць зрабіць: нагруднік і эфод, і верхняя шата, і хітон плецены, мітра і пояс. I зробяць сьвятыя адзеньні Аарону, брату твайму, і сынам ягоным, каб яны былі сьвятарамі Маімі. 
Няхай яны возьмуць золата, і блакіт, і пурпур, і барвовы кармазын, і вісон, 
і зробяць эфод з золата, блакіту, пурпуру, барвовага кармазыну і кручанага вісону мастацкай работаю. 
Два злучаныя нараменьнікі будзе ён мець на двух канцах сваіх, і так будзе злучаны. 
I пас эфоду, які падпярэзвае яго, мае быць аднолькавае з ім работы, з золата, блакіту, пурпуру, барвовага кармазыну і кручанага вісону. 
I возьмеш два камяні оніксу, і выражаш на іх імёны сыноў Ізраіля. 
Шэсьць імёнаў іхніх на адным камяні, і шэсьць імёнаў астатніх на другім камяні, паводле парадку нараджэньня іхняга. 
Як разьбяр на камяні выразае пячатку, так ты выражаш на двух камянях імёны сыноў Ізраіля; асаджанымі ў залатыя аправы зробіш іх. 
I паложыш абодва камяні гэтыя на нараменьнікі эфоду як камяні на ўспамін пра сыноў Ізраіля, і будзе насіць Аарон імёны іхнія перад абліччам ГОСПАДА на абодвух плячах сваіх як напамін. 
I зробіш аправы з золата, 
і два ланцужкі са шчырага золота, плеценымі зробіш іх, як зрабіў пас, і прымацуеш плеценыя ланцужкі да аправаў. 
І зробіш нагруднік судовы мастацкаю работаю, такою самаю работаю як эфод зробіш яго; з золата, блакіту, пурпуру, барвовага кармазыну і кручанага вісону зробіш яго. 
Чатырохкутны ён мае быць і падвойны, у пядзю даўжыня ягоная і ў пядзю шырыня ягоная. 
I напоўніш яго асаджанымі камянямі, чатырма шэрагамі камянёў. Рубін, тапаз і шмарагд — гэта шэраг адзін. 
А шэраг другі — гранат, шафір і дыямэнт. 
А шэраг трэці — яхонт, агат і амэтыст. 
А шэраг чацьвёрты — хрызаліт, онікс і ясьпіс. Яны маюць быць асаджаны ў золата ў асадах сваіх. 
I камяні будуць паводле імёнаў сыноў Ізраіля, дванаццаць паводле імёнаў іхніх, і на кожным будзе выразанае як пячатка імя паводле імёнаў дванаццаці. 
I зробіш для нагрудніку ланцужкі плеценыя вітою работаю, са шчырага золата. 
I зробіш для нагрудніку два колцы залатыя, і прымацуеш два колцы да двух канцоў нагрудніку. 
I ўкладзеш два плеценыя залатыя ланцужкі ў абодва колцы на канцах нагрудніку. 
А іншыя два канцы двух плеценых ланцужкоў прычэпіш да двух аправаў, і прымацуеш да нараменьнікаў эфоду з пярэдняга боку яго. 
I зробіш два колцы залатыя, і прымацуеш іх да двух канцоў нагрудніку на тым краі ягоным, які пры ўнутраным боку эфоду. 
I зробіш два колцы залатыя, і прымацуеш іх да двух нараменьнікаў эфоду зьнізу з пярэдняга боку ягонага, каля злучэньня ягонага, над пасам эфоду. 
I прымацуеш нагруднік з колцамі ягонымі колцамі ягонымі да колцаў эфоду шнурком з блакіту, каб ён быў над пасам эфоду, і каб не ссоваўся нагруднік з эфоду. 
I будзе насіць Аарон імёны сыноў Ізраіля на нагрудніку судовым на сэрцы сваім, калі будзе ўваходзіць у сьвятыню, як успамін перад абліччам ГОСПАДА заўсёды. 
I ўложыш у нагруднік судовы урым і тумім, і яны будуць каля сэрца Аарона, калі ён будзе ўваходзіць у сьвятыню перад аблічча ГОСПАДА; і будзе Аарон насіць суд сыноў Ізраіля каля сэрца свайго перад абліччам ГОСПАДА заўсёды. 
I зробіш верхнюю шату да эфоду, усю з блакіту. 
I будзе мець яна ў сярэдзіне адтуліну для галавы; абшыўка мае быць наўкола адтуліны, ткацкай работы, як пры адтуліне панцыра, каб не разьдзёрлася. 
I зробіш на прыполе ейным яблыкі гранатовыя з блакіту, пурпуру і барвовага кармазыну, на прыполе ейным наўкола; і званочкі залатыя пасярод іх наўкола, 
залаты званочак і гранатовы яблык, залаты званочак і гранатовы яблык, на прыполе верхняе шаты наўкола. 
I будзе гэта на Аароне ў часе служэньня ягонага, і чутны будзе голас ягоны, калі ён будзе ўваходзіць у сьвятыню перад аблічча ГОСПАДА, і калі будзе выходзіць, каб ён не памёр. 
I зробіш дыядэму са шчырага золата, і выражаш на ёй, як выразаюць на пячатцы: “Сьвятыня для ГОСПАДА!”, 
і прымацуеш шнурком з блакіту, і будзе яна на мітры, на пярэднім баку мітры яна будзе. 
I будзе яна на чале Аарона, і панясе Аарон беззаконьне, якое будзе ў асьвячоных рэчах, якія пасьвяцілі сыны Ізраіля, у-ва ўсіх дарах, якія пасьвяцілі яны. I будзе яна на чале ягоным заўсёды, каб былі дары даспадобы перад абліччам ГОСПАДА. 
I вытчаш хітон з вісону, і зробіш мітру з вісону, і пояс зробіш гафтаванае работы. 
I для сыноў Аарона зробіш хітоны, і зробіш для іх паясы, і турбаны зробіш для іх дзеля славы і аздабленьня. 
I апранеш у іх Аарона, брата свайго, і сыноў ягоных з ім, і памажаш іх, і напоўніш рукі іхнія, і пасьвяціш іх, і яны будуць сьвятарамі Маімі. 
I зробіш нагавіцы ільняныя, каб прыкрыць голасьць цела, ад сьцёгнаў да галёнкаў няхай будуць. 
I будуць яны на Аароне і на сынах ягоных, калі яны будуць уваходзіць у Намёт Спатканьня або набліжацца да ахвярніка, каб служыць у сьвятыні, і тады яны не панясуць беззаконьня і не памруць. Гэта пастанова вечная для яго і насеньня ягонага пасьля яго. 
