﻿ВЫХАД.
25.
І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы: 
«Прамоў да сыноў Ізраіля, і няхай яны зьбяруць для Мяне дары. Ад кожнага чалавека, у якога сэрца ягонае дабраахвотна пажадае даць, бярыце дар Мой. 
I вось дары, якія вы будзеце зьбіраць ад іх: золата, срэбра і медзь, 
і блакіт, і пурпур, і барвовы кармазын, і вісон, і казіную поўсьць, 
і скуры бараноў, фарбаваныя на чырвона, і скуры тахаш, і дрэва акацыі, 
алей для асьвятленьня, пахошчы для алею памазаньня і для пахкага каджэньня, 
камяні оніксу і камяні для аздабленьня эфоду і нагрудніку. 
I няхай зробяць для Мяне сьвятыню, і Я буду жыць сярод іх. 
Усё, як Я пакажу табе, паводле ўзору сялібы і паводле ўзору ўсяго начыньня яе, так і зрабіце. 
I няхай зробяць каўчэг з дрэва акацыі; два з паловаю локці даўжыня яго, і паўтары локці шырыня яго, і паўтары локці вышыня яго. 
I пакрыеш яго шчырым золатам; знутры і звонку пакрыеш яго; і зробіш наверсе наўкола вянок залаты. 
I выльеш да яго чатыры колцы залатыя, і прыладзіш іх на чатырох кутах яго, два колцы на адным баку яго, і два колцы на другім баку яго. 
I зробіш насілы з дрэва акацыі, і пакрыеш іх золатам. 
I ўложыш насілы ў колцы па баках каўчэгу, каб на іх насіць каўчэг. 
У колцах каўчэгу маюць быць насілы, ня будуць іх вымаць адтуль. 
I ўложыш у каўчэг Сьведчаньне, якое Я дам табе. 
I зробіш накрыўку са шчырага золата, два локці з паловаю даўжыня яе, і паўтары локці шырыня яе. 
I зробіш двух херувімаў з золата, каванымі зробіш іх з абодвух бакоў накрыўкі. 
I зробіш аднаго херувіма на тым баку, і аднаго херувіма на гэтым баку; разам з накрыўкай зробіце херувімаў на абодвух баках яе. 
I будуць херувімы, распусьціўшы крылы ўгару, захінаць крыламі сваімі накрыўку, а абліччамі сваімі будуць зьвернуты адзін да аднаго; да накрыўкі будуць зьвернутыя абліччы херувімаў. 
I паложыш накрыўку на каўчэг зьверху, і ў каўчэг паложыш Сьведчаньне, якое Я дам табе. 
I Я буду сустракацца з табою там, і гаварыць з табою з-над накрыўкі, паміж двух херувімаў, якія над Каўчэгам Сьведчаньня, пра ўсё, што буду загадваць табе для сыноў Ізраіля. 
I зробіш стол з дрэва акацыі, два локці даўжыня яго, локаць шырыня яго, і паўтары локці вышыня яго. 
I пакрыеш яго шчырым золатам, і зробіш яму вянок залаты наўкола. 
I зробіш яму наўкола ліштву шырынёю ў далонь, і зробіш наўкола вянок залаты да ліштвы ягонай. 
I зробіш для яго чатыры колцы залатыя, і прыладзіш колцы да чатырох рагоў, якія пры чатырох ножках ягоных. 
Пры ліштвах маюць быць колцы, каб укладаць насілы і насіць стол. 
I зробіш насілы з дрэва акацыі, і пакрыеш іх золатам, і будуць насіць на іх стол. 
I зробіш да яго місы, і чашы, і збаны, і кубкі для складаньня ахвяраў вадкіх; са шчырага золата зробіш іх. 
I будзеш класьці на стол хлябы пакладныя перад абліччам Маім заўсёды. 
I зробіш сьвечнік з золата шчырага, каваным будзе зроблены сьвечнік; падстава яго, і сьцябло яго, чарачкі яго, яблыкі яго і кветкі яго маюць выходзіць з яго. 
I шэсьць сьцяблінаў маюць выходзіць з бакоў яго: тры сьцябліны сьвечніка з аднаго боку яго, і тры сьцябліны сьвечніка з другога боку яго. 
Тры чарачкі, падобныя да мігдалу, з яблыкам і кветкаю, на адной сьцябліне, і тры чарачкі, падобныя да мігдалу, на другой сьцябліне, з яблыкам і кветкаю. Гэтак на шасьці сьцяблінах, што выходзяць са сьвечніка. 
А на камлі сьвечніка маюць быць чатыры чарачкі, падобныя да мігдалу, з яблыкам і кветкаю. 
I яблык пад двума сьцяблінамі, што выходзяць з яго, і яблык пад двума сьцяблінамі, што выходзяць з яго, і яблык пад двума сьцяблінамі, што выходзяць з яго, на ўсіх шасьці сьцяблінах, што выходзяць са сьвечніка. 
Яблыкі іхнія і сьцябліны іхнія будуць выходзіць з яго; ён увесь суцэльна мае быць каваны са шчырага золата. 
I зробіш сем лямпаў для яго, і будуць прыладжаны лямпы ягоныя, і будуць сьвяціць на пярэдні бок яго. 
I абцужкі да яго, і папяльнічкі да яго зробіш са шчырага золата. 
З таленту золата шчырага няхай зробяць яго з усімі гэтымі прыладамі. 
I глядзі, і зрабі паводле ўзору іхняга, які Я паказаў табе на гары. 
