﻿ВЫХАД.
24.
I сказаў Госпад Майсею: «Узыйдзі да ГОСПАДА ты і Аарон, Надаў і Абігу, і семдзясят са старшыняў Ізраіля, і пакланіцеся здалёк. 
I наблізіцца Майсей адзін да ГОСПАДА; а яны няхай не набліжаюцца, і народ няхай не ўзыходзіць з ім». 
I прыйшоў Майсей, і пераказаў народу ўсе словы ГОСПАДА і ўсе суды Ягоныя; і адказаў увесь народ у адзін голас, і сказалі: «Усе словы, якія прамовіў ГОСПАД, выканаем!». 
I напісаў Майсей усе словы ГОСПАДА, і ўстаў раніцаю, і збудаваў ахвярнік пад гарою і дванаццаць слупоў паводле дванаццаці плямёнаў Ізраіля. 
I паслаў юнакоў з сыноў Ізраіля, і яны ўзьнесьлі цэласпаленьні і ахвяравалі валоў як ахвяры мірныя для ГОСПАДА. 
I ўзяў Майсей палову крыві, і ўліў у чару, а паловаю крыві пакрапіў ахвярнік. 
I ўзяў кнігу запавету, і прачытаў у вушы народу, і сказалі яны: «Усё, што сказаў ГОСПАД, зробім, і будзем слухаць». 
I ўзяў Майсей кроў, і пакрапіў народ, і сказаў: «Вось, кроў запавету, які ГОСПАД заключыў з вамі, паводле ўсіх словаў гэтых». 
I ўзыйшоў Майсей і Аарон, Надаў і Абігу і семдзясят старшыняў Ізраіля. 
I бачылі Бога Ізраіля; і пад нагамі Ягонымі нібыта выраб з каменю шафіру і нібыта само неба ў яснасьці сваёй. 
I на выбраных сыноў Ізраіля Ён ня выцягнуў рукі Сваёй. I яны бачылі Бога, і елі, і пілі. 
I сказаў ГОСПАД Майсею: «Узыйдзі да Мяне на гару, і будзь там, і Я дам табе табліцы каменныя, і закон, і прыказаньні, якія Я напісаў, каб навучыць іх». 
І ўстаў Майсей і Егошуа, служыцель ягоны, і ўзыйшоў Майсей на гару Божую. 
А старшыням сказаў: «Заставайцеся дзеля нас тут, пакуль мы вернемся да вас. І вось, Аарон і Хур з вамі. Калі хто будзе мець якую справу, няхай наблізіцца да іх». 
I ўзыйшоў Майсей на гару; і закрыла воблака гару. 
I супачыла слава ГОСПАДА на гары Сынай; і закрывала воблака яе шэсьць дзён. І паклікаў Бог у сёмы дзень Майсея з сярэдзіны воблака. 
А выгляд славы ГОСПАДА быў як агонь палючы на вяршыні гары перад вачыма сыноў Ізраіля. 
I ўвайшоў Майсей у сярэдзіну воблака, і ўзыйшоў на гару; і быў Майсей на гары сорак дзён і сорак начэй. 
