﻿ВЫХАД.
6.
І сказаў ГОСПАД Майсею: «Цяпер ты ўбачыш, што Я зраблю фараону, бо дзеля моцнае рукі ён выпусьціць іх і дзеля моцнае рукі ён выганіць іх з зямлі сваёй». 
I прамовіў Бог да Майсея, і сказаў яму: «Я — ГОСПАД. 
I Я зьяўляўся Абрагаму, Ісааку і Якубу як Бог Усемагутны, але імя Маё, ГОСПАД, Я ня даў ведаць ім. 
I Я заключыў запавет Мой з імі, каб даць ім зямлю Ханаан, зямлю вандраваньня іхняга, у якой яны вандравалі. 
I таксама Я пачуў стогны сыноў Ізраіля, якіх Эгіпцяне зрабілі нявольнікамі, і ўзгадаў запавет Мой. 
Дзеля гэтага скажы сынам Ізраіля: “Я — ГОСПАД, і Я выведу вас з-пад ярма Эгіпецкага, і выратую вас з няволі іхняе, і вызвалю вас рамяном узьнятым і судамі вялікімі. 
I Я вазьму вас Сабе за народ, і буду вам Богам, і вы даведаецеся, што Я — ГОСПАД, Бог ваш, Які вывеў вас з-пад ярма Эгіпецкага. 
I Я прывяду вас у тую зямлю, пра якую Я падняў руку Сваю, каб даць яе Абрагаму, Ісааку і Якубу, і дам яе вам на ўласнасьць. Я — ГОСПАД”». 
I гаварыў Майсей гэтак да сыноў Ізраіля, але яны ня слухалі Майсея з прычыны маладушнасьці і цяжкай працы. 
I прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы: 
«Ідзі, скажы фараону, валадару Эгіпту, каб адпусьціў сыноў Ізраіля з зямлі сваёй». 
I прамовіў Майсей перад абліччам ГОСПАДА, кажучы: «Вось, сыны Ізраіля ня слухаюць мяне; і як жа паслухае мяне фараон? А я маю неабрэзаныя вусны». 
I прамовіў ГОСПАД да Майсея і Аарона, і загадаў ім казаць да сыноў Ізраіля і да фараона, валадара Эгіпту, каб вывесьці сыноў Ізраіля з зямлі Эгіпецкай. 
Гэта галовы дамоў бацькоў іхніх. Сыны Рубэна, першароднага Ізраіля: Ганох і Пальлю, Хецрон і Кармі. Гэта плямёны Рубэна. 
А сыны Сымона: Емуэль і Ямін, і Агад, і Яхін, і Цахар, і Шаўль, сын Ханаанянкі. Гэта плямёны Сымона. 
I вось імёны сыноў Левія паводле радаводаў іхніх: Гершон, і Кегат, і Мэрары. А гадоў жыцьця Левія было сто трыццаць сем гадоў. 
Сыны Гершона: Ліўні і Шымэй паводле плямёнаў іхніх. 
А сыны Кегата: Амрам, і Іцгар, і Хеўрон, і Узіэль. А гадоў жыцьця Кегата было сто трыццаць тры гады. 
А сыны Мэрары: Махлі і Мушы. Гэта плямёны Левія паводле радаводаў іхніх. 
I ўзяў Амрам Ёхабэд, цётку сваю, сабе за жонку, і яна нарадзіла яму Аарона і Майсея. А гадоў жыцьця Амрама было сто трыццаць сем гадоў. 
А сыны Іцгара: Карах, і Нэфэг, і Зіхры. 
А сыны Узыэля: Мішаэль, і Эльцафан, і Сытры. 
I ўзяў Аарон Элішэбу, дачку Амінадава, сястру Нахшона, сабе за жонку, і яна нарадзіла яму Надава і Абігу, Элеазара і Ітамара. 
I сыны Караха: Асір, і Элькана, і Абіясаф. Гэта плямёны Караха. 
I Элеазар, сын Аарона, узяў адну з дачок Путыэля сабе за жонку, і яна нарадзіла яму Пінхаса. Вось галовы бацькоў Лявітаў паводле плямёнаў іхніх. 
Гэта вось Аарон і Майсей, якім сказаў ГОСПАД: «Выведзіце сыноў Ізраіля з зямлі Эгіпецкай паводле дружынаў іхніх». 
Яны прамаўлялі да фараона, валадара Эгіпту, каб вывесьці сыноў Ізраіля з Эгіпту, гэтыя Майсей і Аарон. 
I сталася ў дзень, калі ГОСПАД прамаўляў да Майсея ў зямлі Эгіпецкай. 
I сказаў ГОСПАД Майсею, кажучы: «Я — ГОСПАД. Кажы фараону, валадару Эгіпту, усё, што Я кажу табе». 
I Майсей сказаў перад абліччам ГОСПАДА: «Вось, я маю неабрэзаныя вусны, і як жа паслухае мяне фараон?» 
