﻿КНІГА ВЫХАД.
1.
 І вось імёны сыноў Ізраіля, якія прыйшлі ў Эгіпет з Якубам, увайшлі кожны з домам сваім: 
Рубэн, Сымон, Левій і Юда, 
Ісахар, Завулён і Бэн’ямін, 
Дан і Нэфталі, Гад і Асэр. 
I ўсіх душаў, якія выйшлі з паясьніцы Якуба, было семдзясят, а Язэп быў у Эгіпце. 
I памёр Язэп, і ўсе браты ягоныя, і ўсё пакаленьне тое. 
І сыны Ізраіля пладзіліся, і нараджаліся, і памнажаліся, і ставаліся вельмі-вельмі магутнымі, і напоўнілася імі зямля. 
I паўстаў новы валадар у Эгіпце, які ня ведаў Язэпа. 
I сказаў ён народу свайму: «Вось, народ сыноў Ізраіля больш шматлікі і мацнейшы за нас. 
Давайце мудра ўчынім адносна яго, каб ён не памнажаўся; бо як здарыцца вайна, ён злучыцца з ворагамі нашымі, і будзе ваяваць з намі, і выйдзе з зямлі гэтай». 
І ён паставіў над ім наглядчыкаў працаў, каб уціскалі яго цяжкімі працамі. I пабудаваў Ізраіль на склады фараону гарады Пітом і Рамсэс. 
I колькі ўціскалі яго, ён памнажаўся і пашыраўся. I Эгіпцяне трывожыліся з прычыны сыноў Ізраіля. 
I зьняволілі Эгіпцяне сыноў Ізраіля, і ўціскалі, 
і рабілі горкім жыцьцё іхняе цяжкаю працаю з глінаю і цэглаю, і ўсякаю працаю ў полі, і ўсякімі працамі зьневалялі іх і ўціскалі. 
I сказаў валадар Эгіпту павітухам гебрайскім, якіх адной імя было Шыфра, а імя другой — Пуа, 
і сказаў: «Калі будзеце пры радзінах у Гебраек, глядзіце на радзільны ложак: калі будзе сын, дык забіце яго, а калі дачка, няхай застанецца жывая». 
Але павітухі баяліся Бога, і не рабілі так, як загадаў ім валадар Эгіпту, і пакідалі хлопцаў жывымі. 
I паклікаў валадар Эгіпту павітухаў, і сказаў ім: «Чаму вы робіце гэта, чаму пакідаеце хлопцаў жывымі?» 
І сказалі павітухі фараону: «Жанчыны гебрайскія не такія, як эгіпецкія; яны здаровыя, і яны нараджаюць перш, чым прыйдзе да іх павітуха». 
I спагадаў Бог павітухам; і народ памнажаўся і вельмі мацнеў. 
I сталася, за тое, што павітухі баяліся Бога, Ён збудаваў ім дамы. 
I загадаў фараон усяму народу свайму, кажучы: «Кожнага сына, які народзіцца ў Гебраяў, кідайце ў раку; а кожную дачку пакідайце жывую». 
