﻿БЫЦЬЦЁ.
48.
I сталася пасьля падзеяў гэтых, і сказалі Язэпу: «Вось, бацька твой хворы». I ён узяў двух сыноў сваіх з сабою, Манасу і Эфраіма. 
I паведамілі Якубу, і сказалі: «Вось, сын твой Язэп прыйшоў да цябе». I сабраў сілы Ізраіль, і сеў на ложку. 
I сказаў Якуб Язэпу: «Бог Усемагутны зьявіўся мне ў Люзе, у зямлі Ханаан, і дабраславіў мяне, 
і сказаў мне: “Вось, Я зраблю цябе плодным, і памножу цябе, і дам табе быць супольнасьцю народаў, і дам зямлю гэтую насеньню твайму пасьля цябе на ўласнасьць вечную”. 
I цяпер два сыны твае, што нарадзіліся табе ў зямлі Эгіпецкай, да прыходу майго да цябе ў Эгіпет, яны — мае; Эфраім і Манаса, як Рубэн і Сымон, будуць мае. 
А нашчадкі твае, якіх ты нарадзіў пасьля іх, будуць твае. Паводле імёнаў братоў сваіх будуць яны называцца ў спадчыне сваёй. 
А ў мяне, калі я прыйшоў з Падану, памерла ў мяне Рахель у зямлі Ханаан, у дарозе, калі яшчэ заставаўся кавалак зямлі, каб дайсьці да Эфраты, і я пахаваў яе там, пры дарозе ў Эфрату, гэта значыць у Бэтлеем». 
I ўбачыў Ізраіль сыноў Язэпа, і сказаў: «Хто яны?» 
I сказаў Язэп бацьку свайму: «Яны — сыны мае, якіх Бог даў мне тут». I сказаў Якуб: «Вазьмі, прашу, іх да мяне, і я дабраслаўлю іх». 
А вочы Ізраіля сталі цяжкія ад старасьці, ня мог ён бачыць. I наблізіў іх да яго, і ён пацалаваў іх, і абняў іх. 
I сказаў Ізраіль Язэпу: «Я не спадзяваўся ўбачыць аблічча тваё, і вось, Бог даў мне ўбачыць насеньне тваё». 
I адвёў іх Язэп ад каленяў ягоных, і пакланіўся яму абліччам сваім да зямлі. 
I ўзяў Язэп іх абодвух, Эфраіма правіцай сваёю, леваруч Ізраіля, а Манасу — лявіцай сваёю, праваруч Ізраіля, і наблізіўся да яго. 
I выцягнуў Ізраіль правіцу сваю, і палажыў на галаву Эфраіма, а ён быў малодшы, а лявіцу сваю — на галаву Манасы, і скрыжаваў рукі свае, бо Манаса быў першародны. 
I дабраславіў Язэпа, і сказаў: «Бог, перад абліччам Якога хадзілі бацькі мае, Абрагам і Ісаак, Бог, Які пасьвіў мяне ад моманту, як я існую, аж да гэтага дня, 
анёл, што выбаўляе мяне ад усякага ліха, няхай дабраславіць юнакоў гэтых; і няхай яны будуць названыя імем маім і імем бацькоў маіх, Абрагама і Ісаака, і няхай разрастуцца яны ў мноства сярод зямлі». 
I ўбачыў Язэп, што бацька ягоны палажыў правую руку сваю на галаву Эфраіма, і было гэта ліхім у вачах ягоных. I падхапіў ён руку бацькі свайго, каб пералажыць яе з галавы Эфраіма на галаву Манасы. 
I сказаў Язэп бацьку свайму: «Ня гэтак, ойча мой, бо гэта першародны. Палажы правіцу тваю на галаву ягоную». 
I запярэчыў бацька ягоны, і сказаў: «Ведаю, сыне мой, ведаю, таксама ён будзе народам, і таксама ён будзе вялікі, але брат ягоны малодшы будзе большы за яго, і насеньне ягонае будзе поўняю народаў». 
I дабраславіў іх у той дзень, кажучы: «Табою будзе дабраслаўляць Ізраіль, кажучы: “Няхай зробіць табе Бог, як Эфраіму і Манасе”». I паставіў Эфраіма перад Манасам. 
I сказаў Ізраіль Язэпу: «Вось, я паміраю. I Бог будзе з вамі, і верне вас у зямлю бацькоў вашых. 
I я даў табе на адну частку больш за братоў тваіх, тую, якую я ўзяў з рукі Амарэя мячом маім і лукам маім». 
