﻿БЫЦЬЦЁ.
44.
I загадаў Язэп загадчыку дому свайго, кажучы: «Напоўні мяхі гэтых мужоў харчамі, колькі яны могуць несьці, і палажы срэбра кожнага ў адтуліну мяха ягонага. 
А келіх мой, келіх срэбны, палажы ў адтуліну мяха наймалодшага, і срэбра за збожжа ягонае». I ён зрабіў паводле слова Язэпа, якое той сказаў. 
Раніцаю разьвіднела, і гэтых мужоў выправілі, іх і аслоў іхніх. 
Яны выйшлі з гораду, не адыйшлі далёка, і Язэп сказаў загадчыку дому свайго: «Устань, ганіся за тымі людзьмі, і дагоніш іх, і скажаш ім: “Чаму вы адплацілі ліхам за дабро? 
Ці ж ня гэта той келіх, з якога п’е пан мой, і прадказваючы, прадказвае на ім? Ліха вы ўчынілі, гэтак зрабіўшы”». 
І ён дагнаў іх, і прамовіў ім гэтыя словы. 
А яны сказалі: «Навошта пан мой кажа такія словы? Далёкія слугі твае, каб учыніць гэткія рэчы. 
Тое срэбра, якое мы знайшлі ў адтулінах мяхоў сваіх, мы вярнулі табе з зямлі Ханаан. Як жа мелі мы красьці з дому гаспадара твайго срэбра альбо золата? 
У каго са слугаў тваіх будзе знойдзена гэта, той няхай памрэ, а мы таксама станем нявольнікамі пана майго». 
І ён сказаў: «Дык цяпер няхай будзе паводле словаў вашых. У каго будзе знойдзена гэта, той стане мне нявольнікам, а вы будзеце нявінныя». 
І яны пасьпяшаліся, і зьнялі кожны мех свой на зямлю, і разьвязалі кожны мех свой. 
А ён шукаў, пачаўшы ад найстарэйшага і скончыўшы наймалодшым; і знайшоў келіх у мяху Бэн’яміна. 
I разарвалі яны адзеньні свае, і ўсклалі мяхі кожны на асла свайго, і вярнуліся ў горад. 
I прыйшлі Юда і браты ягоныя ў дом Язэпа, а ён яшчэ быў там. І яны ўпалі перад абліччам яго на зямлю. 
I сказаў ім Язэп: «Што за ўчынак гэта вы ўчынілі? Ці ж вы ня ведалі, што, прадказваючы, прадказвае такі чалавек, як я?» 
I сказаў Юда: «Што нам сказаць, пане мой? Што нам гаварыць і як нам апраўдвацца? Бог знайшоў правіну слугаў тваіх. Вось, мы — нявольнікі пана майго, і мы, і той, у чыіх руках быў знойдзены келіх». 
I сказаў Язэп: «Далёка ад мяне, каб я ўчыніў гэта. Той чалавек, у руках якога знойдзены келіх, ён будзе нявольнікам маім, а вы ўзыходзьце ў супакоі да бацькі свайго». 
I наблізіўся да яго Юда, і сказаў: «Паслухай, пане мой, няхай скажа, прашу, слуга твой слова ў вушы пана свайго, і няхай не распальваецца гнеў твой на слугу твайго, бо ты — як сам фараон. 
Пан мой пытаўся ў слугаў сваіх, кажучы: “Ці ёсьць у вас бацька альбо брат?” 
І мы сказалі пану нашаму: “Ёсьць у нас бацька стары і дзіця старасьці ягонае малое, а брат ягоны памёр, і ён адзін застаўся па маці сваёй, і бацька ягоны любіць яго”. 
I ты сказаў слугам тваім: “Прывядзіце яго да мяне, і я зьвярну вока маё на яго”. 
І мы сказалі пану майму: “Ня можа хлопец пакінуць бацьку свайго; і калі ён пакіне бацьку свайго, дык той памрэ”. 
I сказаў ты слугам тваім: “Калі ня прыйдзе брат ваш наймалодшы з вамі, не дазволю вам больш бачыць аблічча маё”. 
I сталася, што мы ўзыйшлі да слугі твайго, бацькі майго, і пераказалі яму словы пана майго. 
I сказаў бацька наш: “Вярніцеся, купіце нам трохі харчаваньня”. 
I мы сказалі: “Ня можам зыйсьці. Калі будзе з намі брат наш наймалодшы, мы зыйдзем, бо ня зможам убачыць аблічча таго чалавека, калі брата нашага наймалодшага ня будзе з намі”. 
I сказаў нам слуга твой, бацька наш: “Вы ведаеце, што двух нарадзіла мне жонка мая. 
I адыйшоў адзін ад мяне, і я сказаў: "Напэўна, ён разьдзёрты дзікім зьверам", і я ня бачыў яго дагэтуль. 
І возьмеце таксама гэтага ад аблічча майго, і здарыцца з ім няшчасьце, і заведзіцё вы сівізну маю ў горы ў апраметную”. 
І цяпер, як я прыйду да слугі твайго, бацькі майго, і хлопца няма з намі, а душа ягоная прывязана да душы ягонай. 
I станецца, што ён убачыць, што няма хлопца, і памрэ, і зьвядуць слугі твае сівізну слугі твайго, бацькі нашага, са смуткам у апраметную. 
Бо слуга твой паручыўся за хлопца перад бацькам сваім, кажучы: “Калі не прывяду яго да цябе, буду грэшны перад бацькам сваім на ўсе дні”. 
I цяпер, прашу, няхай застанецца слуга твой замест хлопца нявольнікам пана майго, а хлопец няхай пойдзе з братамі сваімі. 
Бо як я прыйду да бацькі майго, а хлопца ня будзе са мною? Няхай ня ўбачу я ліха, якое спаткае бацька мой». 
