﻿БЫЦЬЦЁ.
41.
I сталася, што мінула два гады часу, і сьніў фараон, і вось, ён стаіць каля ракі. 
I вось, з ракі выходзяць сем кароваў прыгожых з выгляду і сытых целам; і пасьвіліся на поплаве. 
I вось, сем іншых кароваў выходзяць за імі з ракі, брыдкіх з выгляду і худых целам, і сталі каля тых кароваў на беразе ракі. 
I пажэрлі каровы брыдкія з выгляду і худыя целам сем кароваў прыгожых з выгляду і сытых. I прачнуўся фараон. 
I ён заснуў, і сьніў другі раз, і вось, сем каласоў вырасьлі на адной сьцябліне, здаровых і добрых. 
I вось, сем каласоў пустых і высушаных усходнім ветрам вырастаюць пасьля іх. 
I праглынулі каласы пустыя сем каласоў здаровых і поўных. I прачнуўся фараон, і вось, гэта сон. 
I сталася раніцаю, што быў устрывожаны дух ягоны, і ён паслаў, і паклікаў усіх варажбітоў Эгіпту і ўсіх мудрацоў яго, і распавёў ім фараон сон свой; і не было нікога, хто б патлумачыў яго фараону. 
I прамовіў начальнік чашнікаў фараону, кажучы: «Грахі мае ўзгадваю я сёньня. 
Фараон загневаўся на слугаў сваіх і аддаў мяне пад нагляд у дом начальніка варты, мяне і начальніка пекараў. 
I мы сьнілі сон у адну ноч, я і ён, кожны са значэньнем сон свой мы сьнілі. 
I быў там з намі юнак Гебрай, нявольнік начальніка варты. I мы распавялі яму, і ён патлумачыў нам сны нашыя, кожнаму сон ягоны патлумачыў. 
I сталася, што як ён патлумачыў нам, так і адбылося: мяне вярнулі на становішча маё, а таго павесілі». 
I паслаў фараон, і паклікаў Язэпа; і хутка вывялі яго з лёху. I ён пагаліўся, і зьмяніў адзеньне сваё, і прыйшоў да фараона. 
I сказаў фараон Язэпу: «Я сьніў сон, і няма нікога, хто б патлумачыў яго. І я чуў, што пра цябе кажуць, што ты, выслухаўшы сон, тлумачыш яго». 
I адказаў Язэп фараону, кажучы: «Ня я, але Бог можа казаць на супакой фараону». 
I сказаў фараон Язэпу: «У сьне маім, вось, стаю я на беразе ракі. 
I вось, з ракі выходзяць сем кароваў сытых целам і прыгожых з выгляду, і пасьвіліся яны на поплаве. 
I вось, сем кароваў іншых выходзяць пасьля іх, някшталтныя, вельмі брыдкія з выгляду і худыя целам, я ня бачыў падобных, што да брыдкасьці, у-ва ўсёй зямлі Эгіпецкай. 
I пажэрлі каровы худыя і брыдкія першых сем кароваў сытых. 
I ўвайшлі яны ў чэравы іхныя, і не было пазнаць, што яны ўвайшлі ў чэравы іхныя, і выгляд іхні быў паганы, як і спачатку. I я прачнуўся. 
I ўбачыў я ў сьне, і вось, сем каласоў вырастаюць на адной сьцябліне, поўных і добрых. 
I вось, сем каласоў ценькіх, пустых і высушаных усходнім ветрам растуць пасьля іх. 
I праглынулі каласы пустыя сем каласоў добрых. Я расказаў гэта варажбітам, але няма нікога, хто б патлумачыў гэта мне». 
I сказаў Язэп фараону: «Сон фараона — адзін ён. Што Бог зробіць, Ён паведаміў фараону. 
Сем кароваў добрых — гэта сем гадоў; і сем тых каласоў добрых — гэта сем гадоў. Гэта сон адзін. 
I сем кароваў худых і брыдкіх, якія выйшлі пасьля іх — гэта сем гадоў; і сем каласоў пустых, высушаных усходнім ветрам — гэта будзе сем гадоў голаду. 
Гэта слова, якое я прамовіў да фараона. Што Бог зробіць, Ён паказаў фараону. 
Вось, прыйдзе сем гадоў вялікага дабрабыту ў-ва ўсёй зямлі Эгіпецкай. 
I настануць пасьля іх сем гадоў голаду; і забудзецца ўвесь той дабрабыт у зямлі Эгіпецкай, і вынішчыць голад гэтую зямлю. 
I ня будзе відно дабрабыту ў зямлі з прычыны голаду, які будзе пасьля, бо будзе ён вельмі цяжкі. 
А тое, што паўтарыўся гэты сон фараону двойчы, азначае, што вызначана гэта справа ў Бога і неўзабаве Бог зьдзейсьніць гэта. 
I цяпер няхай прыгледзіць фараон мужа кемлівага і мудрага, і няхай паставіць яго над зямлёю Эгіпецкай. 
Няхай так зробіць фараон, і прызначыць наглядчыкаў над краем, і зьбірае пятую частку ўраджаю з зямлі Эгіпецкай у сем гадоў дабрабыту. 
I зьбяруць усякае харчаваньне падчас гэтых добрых гадоў, якія надыйдуць, і няхай зьбіраюць збожжа пад руку фараона на харчаваньне ў гарадах, і няхай захоўваюць. 
I будзе гэтае харчаваньне на запас зямлі на сем гадоў голаду». 
I добрае было гэтае слова ў вачах фараона і ў вачах усіх слугаў ягоных. 
I сказаў фараон слугам сваім: «Ці знойдзецца такі чалавек, як гэты, які мае ў сабе Духа Божага?» 
I сказаў фараон Язэпу: «Пасьля таго, як Бог паведаміў табе ўсё гэта, няма нікога такога кемлівага і мудрага, як ты. 
Ты будзеш над домам маім, і вуснаў тваіх будзе слухацца ўвесь народ мой; толькі пасадам я буду перавышаць цябе». 
I сказаў фараон Язэпу: «Глядзі, я паставіў цябе над усёй зямлёю Эгіпецкай». 
I зьняў фараон пярсьцёнак свой з рукі сваёй, і даў яго на руку Язэпу; і апрануў яго ў адзеньне з вісону, і ўзлажыў ланцуг залаты на шыю ягоную; 
і загадаў вазіць яго на другой калясьніцы сваёй, і крычалі перад ім: «Кланяйцеся!» I паставіў яго над усёй зямлёю Эгіпецкай. 
I сказаў фараон Язэпу: «Я — фараон, але без цябе ніхто не падыме рукі сваёй і нагі сваёй у-ва ўсёй зямлі Эгіпецкай». 
I назваў фараон імя Язэпава Цафнат-Панэах, і даў яму за жонку Аснат, дачку Паты-Пэра, сьвятара з Ону. I ўзьняўся Язэп над зямлёю Эгіпецкаю. 
Язэпу было трыццаць гадоў, калі ён стаў перад фараонам, валадаром Эгіпту. I выйшаў Язэп ад аблічча фараона, і прайшоў па ўсёй зямлі Эгіпецкай. 
I выдала зямля ў сем гадоў дабрабыту поўныя жмені збожжа. 
I зьбіраў ён усякае харчаваньне тых сямі гадоў, якія былі ў зямлі Эгіпецкай, і разьмясьціў харчаваньне ў гарадах; харчаваньне з вакалічных палёў гораду ён складаў у кожным з іх. 
I назьбіраў Язэп збожжа, як пяску марскога, так шмат, ажно перасталі лічыць, бо не было яму ліку. 
I ў Язэпа нарадзіліся два сыны перш, чым прыйшоў год голаду, якіх нарадзіла яму Аснат, дачка Паты-Пэра, сьвятара з Ону. 
I назваў Язэп імя першароднага Манаса, бо казаў: «Даў мне Бог забыцца ўсе цяжкасьці мае і ўвесь дом бацькі майго». 
А імя другога назваў Эфраім, бо казаў: «Распладзіў мяне Бог у зямлі нядолі маёй». 
I мінулі сем гадоў дабрабыту, які быў у зямлі Эгіпецкай. 
I пачалі прыходзіць сем гадоў голаду, як сказаў Язэп. I быў голад у-ва ўсіх краінах, але ў-ва ўсёй зямлі Эгіпецкай быў хлеб. 
I галадавала ўся зямля Эгіпецкая, і крычаў народ да фараона пра хлеб, і сказаў фараон усім Эгіпцянам: «Ідзіце да Язэпа і рабіце, што ён вам скажа». 
I быў голад на ўсім абліччы зямлі, і адчыніў Язэп усе гумны, якія былі ў іх, і прадаваў Эгіпцянам. I павялічваўся голад у зямлі Эгіпецкай. 
I з усёй зямлі прыходзілі ў Эгіпет купляць у Язэпа, бо павялічваўся голад па ўсёй зямлі. 
