﻿БЫЦЬЦЁ.
40.
І сталася пасьля гэтых падзеяў, саграшылі чашнік валадара Эгіпецкага і пекар перад панам сваім, перад валадаром Эгіпецкім. 
I загневаўся фараон на двух урадоўцаў сваіх, на начальніка чашнікаў і на начальніка пекараў, 
і аддаў іх пад варту ў дом начальніка варты, у вязьніцу, месца, дзе Язэп быў вязьнем. 
I прызначыў начальнік варты Язэпа да іх, і ён служыў ім. I былі яны шмат дзён пад вартаю. 
I сьнілі ў адну ноч яны абодва кожны свой сон, кожны сьніў са значэньнем сон свой, чашнік і пекар, якія былі ў валадара Эгіпецкага і якія былі ўвязьненыя ў вязьніцы. 
I прыйшоў да іх Язэп раніцай, і ўбачыў іх, і вось, яны засмучаныя. 
I спытаўся ён у ўрадоўцаў фараона, што былі пад вартаю з ім у доме пана ягонага, кажучы: «Чаму абліччы вашыя сёньня маюць благі выгляд?» 
I сказалі яны яму: «Сьнілі мы сон, а растлумачыць яго няма каму». I сказаў ім Язэп: «Ці ж ня ў Бога тлумачэньне сну? Распавядзіце мне». 
I распавёў начальнік чашнікаў сон свой Язэпу, і сказаў яму: «У сьне маім, вось, вінаградная лаза перада мною. 
I на вінаграднай лазе — тры галінкі. І яна, калі вырасла, расквітнела квеценьню сваёй, насьпелі гронкі вінаграду ейнага. 
I келіх фараона ў руцэ маёй, і я ўзяў вінаградныя ягады, і выціснуў іх у келіх фараона, і даў келіх у рукі фараона». 
I сказаў яму Язэп: «Гэта тлумачэньне сну: тры галінкі — гэта тры дні. 
Праз тры дні падыме фараон галаву тваю, і верне цябе на месца тваё, і ты будзеш даваць келіх фараону ў руку ягоную паводле ранейшага звычаю, калі ты быў чашнікам ягоным. 
Толькі ўзгадай пра мяне, калі будзе табе добра; і зьяві мне міласэрнасьць, узгадай пра мяне перад фараонам, і вывядзі мяне з гэтага дому, 
бо я крадзьма ўкрадзены з зямлі Гебраяў, і таксама тут нічога не зрабіў, за што б пасадзіць мяне ў вязьніцу». 
I ўбачыў начальнік пекараў, што ён добра патлумачыў, і сказаў Язэпу: «Я таксама сьніў, і вось, тры кашы плеценыя на галаве маёй. 
I ў кашы верхнім — усялякая ежа фараона, вырабленая пекарам; і птушкі елі яе з каша на галаве маёй». 
I адказаў Язэп, і сказаў: «Гэта тлумачэньне сну: тры кашы — гэта тры дні. 
Праз тры дні здыме фараон галаву з цябе, і павесіць цябе на дрэве; і птушкі будуць есьці цела тваё з цябе». 
І праз тры дні быў дзень нараджэньня фараона, і ён справіў бяседу для ўсіх слугаў сваіх, і падняў галаву начальніка чашнікаў і галаву начальніка пекараў сярод слугаў сваіх. 
I вярнуў фараон начальніка чашнікаў на ягонае месца чашніка, і ён даў келіх у руку фараону, 
а начальніка пекараў павесіў, як патлумачыў ім Язэп. 
I не ўзгадаў начальнік чашнікаў пра Язэпа, і забыўся на яго. 
