﻿БЫЦЬЦЁ.
35.
I сказаў Бог Якубу: «Устань, узыйдзі ў Бэтэль, і жыві там, і зрабі там ахвярнік Богу, Які зьявіўся табе, калі ты ўцякаў ад аблічча Эзава, брата твайго». 
I сказаў Якуб дому свайму і ўсім, якія былі з ім: «Аддзяліце ад сябе багоў чужых, якія сярод вас, і ачысьціцеся, і зьмяніце адзеньні вашыя, 
і ўстаньма, і ўзыйдзем у Бэтэль, і я зраблю там ахвярнік Богу, Які адказаў мне ў дзень нядолі маёй і быў са мною ў дарозе, якой я ішоў». 
I аддалі Якубу ўсіх багоў чужых, якія былі ў руках іхніх, і завушніцы, што былі ў вушах іхніх; і закапаў іх Якуб пад дубам, які каля Сыхему. 
I вырушылі яны. I быў жах Божы на гарадах, што былі ў той ваколіцы, і ня гналіся яны за сынамі Якуба. 
I прыйшоў Якуб у Люз, які ў зямлі Ханаан, ён жа Бэтэль, сам і ўвесь народ, які з ім. 
I пабудаваў ён там ахвярнік, і назваў гэтае месца Эль-Бэт-Эль, бо там зьявіўся яму Бог, калі ён уцякаў ад аблічча брата свайго. 
I памерла Дэвора, нянька Рэбэкі, і была пахаваная ніжэй Бэтэлю пад дубам, і названа імя ягонае «Дуб плачу». 
I зьявіўся Бог Якубу ізноў пасьля прыходу ягонага з Падан-Араму, і дабраславіў яго. 
I сказаў яму Бог: «Імя тваё Якуб. Ня будзе ўжо называцца імя тваё Якуб, але Ізраіль будзе імя тваё». I назваў яго імя Ізраіль. 
I сказаў яму Бог: «Я — Бог Усемагутны! Пладзіся і памнажайся! Народ і супольнасьць народаў будзе з цябе, і валадары выйдуць з паясьніцы тваёй. 
І зямлю, якую Я даў Абрагаму і Ісааку, Я дам табе, і насеньню твайму пасьля цябе Я дам зямлю гэтую». 
I ўзыйшоў ад яго Бог з месца, на якім гаварыў з ім. 
I паставіў Якуб слуп на месцы, на якім Бог гаварыў з ім, слуп каменны, і ўзьліў на яго ўзьліваньне, і ўзьліў на яго алей. 
I назваў Якуб імя месца, на якім Бог гаварыў з ім, Бэтэль. 
I вырушыў з Бэтэлю. I быў яшчэ кавалак зямлі, каб прыйсьці да Эфраты; і нарадзіла Рахель, і цяжкія былі роды. 
I сталася, што яна нараджала з вялікім болем, і сказала ёй павітуха: «Ня бойся, бо таксама гэта сын у цябе». 
I сталася, калі выходзіла з яе душа, бо яна памірала, яна назвала імя ягонае Бэн-Оні, а бацька ягоны назваў яго Бэн’ямін. 
I памерла Рахель, і была пахаваная пры дарозе ў Эфрату, гэта Бэтлеем. 
I паставіў Якуб слуп над магілай ейнай. Гэта слуп магільны Рахелі да сёньня. 
I вырушыў адтуль Ізраіль, і паставіў намёт свой за Мігдаль-Эдэрам. 
I сталася, калі жыў Ізраіль у зямлі той, пайшоў Рубэн, і лёг з Більгай, наложніцай бацькі свайго. I пачуў пра гэта Ізраіль. I было сыноў Якуба дванаццаць. 
Сыны Леі: першародны Якуба Рубэн, Сымон, Левій, Юда, Ісахар і Завулён. 
Сыны Рахелі: Язэп і Бэн’ямін. 
I сыны Більгі, нявольніцы Рахелі: Дан і Нэфталі. 
I сыны Зільпы, нявольніцы Леі: Гад і Асэр. Гэта сыны Якуба, якія нарадзіліся ў яго ў Падан-Араме. 
I прыйшоў Якуб да Ісаака, бацькі свайго, у Мамрэ, у Кірыят-Арбу, гэта значыць у Хеўрон, дзе жылі Абрагам і Ісаак. 
I было дзён Ісаака сто восемдзясят гадоў. 
I супачыў Ісаак, і памёр, і быў далучаны да народу свайго, стары і насычаны днямі, і пахавалі яго Эзаў і Якуб, сыны ягоныя. 
