﻿БЫЦЬЦЁ.
33.
I ўзьняў Якуб вочы свае, і ўбачыў, і вось, Эзаў прыйшоў, і з ім чатырыста чалавек. I ён падзяліў дзяцей Леі, Рахелі і дзьвюх нявольніцаў. 
I паставіў нявольніцаў і дзяцей іхніх першымі, а Лею і дзяцей ейных за імі, а Рахель і Язэпа за імі. 
І ён выйшаў перад імі, і пакланіўся да зямлі сем разоў, пакуль наблізіўся да брата свайго. 
I пабег Эзаў яму насустрач, і абняў яго, і ўпаў на шыю яму, і цалаваў яго, і плакалі разам. 
І ўзьняў ён вочы свае, і ўбачыў жанчынаў і дзяцей, і сказаў: «Хто яны табе?» I сказаў Якуб: «Дзеці, якімі Бог абдараваў слугу твайго». 
I наблізіліся нявольніцы, самі і дзеці іхнія, і пакланіліся. 
I наблізілася таксама Лея і дзеці ейныя, і пакланіліся. А потым наблізіліся Язэп і Рахель, і пакланіліся. 
I сказаў Эзаў: «Што ў цябе за цэлы табар гэты, які я сустрэў?» I сказаў Якуб: «Каб знайсьці ласку ў вачах пана майго». 
I сказаў Эзаў: «Маю я шмат, браце мой. Няхай будзе тваё тое, што ў цябе». 
I сказаў Якуб: «Не, прашу, калі я знайшоў ласку ў вачах тваіх, прыймі дар мой з рукі маёй, бо я, убачыўшы аблічча тваё, быццам убачыў аблічча Божае, і ты меў ласку да мяне. 
Прыймі, прашу, дабраславенства маё, якое я прывёў табе, бо Бог абдараваў мяне, і я маю ўсё». I ён упрасіў яго, і той узяў. 
I сказаў Эзаў: «Вырушым і пойдзем, і я буду ісьці разам з табою». 
I сказаў яму Якуб: «Пан мой ведае, што дзеці кволыя, і авечкі котныя, і каровы цельныя ў мяне. Калі пагнаць іх адзін дзень, паздыхаюць усе авечкі. 
Няхай пан мой пойдзе перад абліччам слугі свайго, а я пайду паволі, паводле хады чарады, якая перада мною, і паводле хады дзяцей, аж прыйду да пана майго ў Сэір». 
I сказаў Эзаў: «Я пакіну з табою частку людзей, якія са мною». I сказаў Якуб: «Навошта гэта, калі я знайшоў ласку ў вачах пана майго». 
I вярнуўся ў той дзень Эзаў шляхам сваім у Сэір. 
А Якуб вырушыў у Сукот і пабудаваў сабе дом, а статку свайму парабіў буданы. Дзеля гэтага ён назваў імя месцу таму Сукот. 
I прыйшоў Якуб у супакоі да гораду Сыхем, які ў зямлі Ханаан, калі прыйшоў з Падан-Араму, і паставіў намёты перад горадам. 
I купіў ён частку поля, на якім паставіў намёт свой, з рукі сыноў Гамора, бацькі Сыхема, за сто кесытаў. 
I паставіў там ахвярнік, і назваў яго «Бог ёсьць Бог Ізраіля». 
