﻿БЫЦЬЦЁ.
14.
І сталася ў дні Амрафэля, валадара Шынаару, і Арыёха, валадара Элясару, і Кедарляамэра, валадара Эляму, і Тыдаля, валадара Гаіму, 
пачалі яны вайну супраць Бэры, валадара Садому, і Біршы, валадара Гаморы, і Шынава, валадара Адмы, і Шэмэвэра, валадара Цэвоіму, і валадара Бэлі або Цаару. 
Усе яны злучыліся ў даліне Сыддым, яна цяпер Мора Салёнае. 
Дванаццаць гадоў служылі яны Кедарляамэру, а ў трынаццатым годзе ўзбунтаваліся. 
А ў чатырнаццатым годзе прыйшоў Кедарляамэр і валадары, якія з ім, і пабілі Рэфаімаў у Аштэрот-Карнаіме, і Зузімаў у Гаме, і Эмімаў у Шавэ-Кірыятаіме, 
і Харэяў на гары іхняй Сэір аж да Эль-Парану, што ў пустыні. 
І вярнуліся яны, і прыйшлі да Эн-Мішпату, які цяпер Кадэш, і пабілі ўсю краіну Амалека, а таксама Амарэяў, што жылі ў Хацацон-Тамары. 
І выйшаў валадар Садому, і валадар Гаморы, і валадар Адмы, і валадар Цэвоіму, і валадар Бэлі або Цаару, і пашыхтаваліся ў даліне Сыддым да бою 
з Кедарляамэрам, валадаром Эляму, і Тыдалем, валадаром Гаіму, і Амрафэлем, валадаром Шынаару, і Арыёхам, валадаром Элясару, чатыры валадары супраць пяці. 
І былі ў даліне Сыддым ямы, ямы смалавыя. І ўцякалі валадары Садому і Гаморы, і ўпалі ў тыя ямы, а астатнія ўцяклі на гару. 
І ўзялі пераможцы ўсю маёмасьць Садому і Гаморы і ўсе запасы харчоў, і пайшлі. 
І ўзялі яны Лота, сына брата Абрама, і маёмасьць ягоную, і пайшлі. А ён жыў у Садоме. 
І прыйшоў адзін з тых, што ўцяклі, і паведаміў Абраму Гебраю, які жыў каля дубровы Мамрэ Амарэя, брата Эшколя і брата Анэра, якія заключылі запавет з Абрамам. 
І пачуў Абрам, што ўзяты ў палон брат ягоны, і ўзброіў трыста васямнаццаць спраўных слугаў сваіх, народжаных у доме яго, і рушыў у пагоню аж пад Дан. 
І, падзяліўшыся, напаў на іх ноччу, ён і слугі ягоныя, і разьбіў іх, і гнаў іх аж да Ховы, што зьлева ад Дамаску. 
І вярнуў ён усю маёмасьць, а таксама Лота, брата свайго, і маёмасьць ягоную, і жанчынаў, і народ. 
І выйшаў валадар Садому насустрач яму, калі ён вяртаўся пасьля пабіцьця Кедарляамэра і валадароў, што з ім былі, у даліну Шавэ, яна цяпер даліна Валадарская. 
І Мэльхісэдэк, валадар Салему, вынес хлеб і віно, а ён быў сьвятаром Бога Найвышэйшага, 
і дабраславіў яго, і сказаў: «Дабраслаўлёны Абрам праз Бога Найвышэйшага, Пана неба і зямлі. 
І дабраслаўлёны Бог Найвышэйшы, Які аддаў ворагаў тваіх у рукі твае». І даў яму Абрам дзесяціну з усяго. 
І сказаў валадар Садому Абраму: «Аддай мне людзей, а маёмасьць вазьмі сабе». 
І сказаў Абрам валадару Садому: «Узьнімаю руку маю да ГОСПАДА, Бога Найвышэйшага, Пана неба і зямлі, 
што ані ніткі, ані раменьчыка ад сандалаў, нічога не вазьму з усяго таго, што тваё, каб ты не сказаў: “Я ўзбагаціў Абрама”, 
акрамя таго, што зьелі юнакі, і акрамя часткі для людзей, якія хадзілі са мною. Анэр, Эшколь і Мамрэ няхай возьмуць частку сваю». 
