﻿БЫЦЬЦЁ.
6.
І сталася, што людзі пачалі множыцца на абліччы зямлі, і нарадзіліся ім дочкі. 
І бачылі сыны Божыя дочак чалавечых, што яны прыгожыя, і ўзялі сабе за жонак усіх, якіх абралі. 
І сказаў ГОСПАД: «Ня будзе Дух Мой змагацца ў чалавеку вечна, бо ён — цела. І будуць дні ягоныя сто дваццаць гадоў». 
У тыя дні нэфілімы жылі на зямлі, а таксама пазьней, калі сыны Божыя прыходзілі да дочак чалавечых, і тыя ім нараджалі. Былі гэта волаты, ад вякоў мужы слаўныя. 
І бачыў ГОСПАД, што вялікае зло сярод людзей на зямлі, і што ўсе намеры думак сэрца іхняга — толькі на зло ўсякі дзень. 
І пашкадаваў ГОСПАД, што зрабіў чалавека на зямлі, і засмуціўся ў сэрцы Сваім. 
І сказаў ГОСПАД: «Зьнішчу чалавека, якога стварыў, з аблічча зямлі, ад чалавека да скаціны, да паўзуна, да птушкі паднебнай, бо шкадую, што зрабіў іх». 
А Ной знайшоў ласку ў вачах ГОСПАДА. 
Вось радавод Ноя. Ной быў чалавек праведны і беззаганны ў пакаленьні сваім. Ной хадзіў з Богам. 
І нарадзіў Ной трох сыноў: Сэма, Хама і Яфэта. 
І сапсаваная была зямля перад абліччам Бога, і напоўнілася зямля ліхадзействам. 
І бачыў Бог зямлю, і вось, яна сапсаваная, бо кожнае цела скрывіла шлях свой на зямлі. 
І сказаў Бог Ною: «Канец усякаму целу прыйшоў перад аблічча Маё, бо зямля напоўнілася ліхадзействам праз іх. І вось, Я вынішчу іх з зямлі. 
Зрабі сабе каўчэг з дрэва гафэр; зробіш у каўчэгу перагародкі і пацягні яго смалой звонку і знутры. 
Вось так маеш зрабіць яго: трыста локцяў даўжыня каўчэгу, пяцьдзясят локцяў шырыня яго і трыццаць локцяў вышыня яго. 
Зробіш вакно ў каўчэгу, і ў локаць скончыш яго ўгары. Уваход у каўчэг разьмесьціш з боку яго; ніжні, другі і трэці паверхі зробіш у ім. 
І вось, Я ўзьвяду патоп водны на зямлю, каб вынішчыць пад небам усякае цела, у якім ёсьць дух жыцьця. Усё, што на зямлі, — загіне. 
І Я заключу запавет Мой з табою, і ўвойдзеш у каўчэг ты, і сыны твае, і жонка твая, і жонкі сыноў тваіх з табою. 
І з усяго жывога, з кожнага цела прывядзеш па двое ў каўчэг, каб засталіся жывыя з табою, мужчынскага роду і жаночага няхай яны будуць. 
З птушак паводле гатункаў іх, са скаціны паводле гатунку яго і з усіх паўзуноў зямных паводле гатункаў іх, з усіх па двое ўвойдуць да цябе, каб засталіся жывыя. 
І ты вазьмі сабе ўсякай ежы, якою яны кормяцца, і зьбяры яе да сябе; і будзе яна для цябе і для іх ежаю». 
І зрабіў Ной; усё, што загадаў яму Бог, так ён і зрабіў. 
