﻿БЫЦЬЦЁ.
5.
Вось кніга радаводу Адама. У дзень, калі Бог стварыў Адама, зрабіў яго на падабенства Божае, 
мужчыну і жанчыну стварыў іх, і дабраславіў іх, і назваў іх імя “чалавек” у дзень стварэньня іх. 
І жыў Адам сто трыццаць гадоў, і нарадзіў сына на падабенства сваё, як вобраз свой, і назваў імя яго Сэт. 
І было дзён Адама па нараджэньні Сэта васемсот гадоў, і нарадзіў ён сыноў і дачок. 
І былі ўсе дні Адама, якія ён жыў, дзевяцьсот трыццаць гадоў, і ён памёр. 
І жыў Сэт сто пяць гадоў, і нарадзіў Эноса. 
І жыў Сэт па нараджэньні Эноса васемсот сем гадоў, і нарадзіў сыноў і дачок. 
І былі ўсе дні Сэта дзевяцьсот дванаццаць гадоў, і ён памёр. 
І жыў Энос дзевяноста гадоў, і нарадзіў Кейнана. 
І жыў Энос па нараджэньні Кейнана васемсот пятнаццаць гадоў, і нарадзіў сыноў і дачок. 
І былі ўсе дні Эноса дзевяцьсот пяць гадоў, і ён памёр. 
І жыў Кейнан семдзясят гадоў, і нарадзіў Магалялеэля. 
І жыў Кейнан па нараджэньні Магалялеэля васемсот сорак гадоў, і нарадзіў сыноў і дачок. 
І былі ўсе дні Кейнана дзевяцьсот дзесяць гадоў, і ён памёр. 
І жыў Магалялеэль шэсьцьдзясят пяць гадоў, і нарадзіў Ярэда. 
І жыў Магалялеэль па нараджэньні Ярэда васемсот трыццаць гадоў, і нарадзіў сыноў і дачок. 
І былі ўсе дні Магалялеэля васемсот дзевяноста пяць гадоў, і ён памёр. 
І жыў Ярэд сто шэсьцьдзясят два гады, і нарадзіў Эноха. 
І жыў Ярэд па нараджэньні Эноха васемсот гадоў, і нарадзіў сыноў і дачок. 
І былі ўсе дні Ярэда дзевяцьсот шэсьцьдзясят два гады, і ён памёр. 
І жыў Энох шэсьцьдзясят пяць гадоў і нарадзіў Мэтушэляха. 
І хадзіў Энох з Богам па нараджэньні Мэтушэляха трыста гадоў, і нарадзіў сыноў і дачок. 
І былі ўсе дні Эноха трыста шэсьцьдзясят пяць гадоў. 
І хадзіў Энох з Богам, і ня стала яго, бо забраў яго Бог. 
І жыў Мэтушэлях сто восемдзясят сем гадоў, і нарадзіў Лямэха. 
І жыў Мэтушэлях па нараджэньні Лямэха семсот восемдзясят два гады, і нарадзіў сыноў і дачок. 
І былі ўсе дні Мэтушэляха дзевяцьсот шэсьцьдзясят дзевяць гадоў, і ён памёр. 
І жыў Лямэх сто восемдзясят два гады, і нарадзіў сына, 
і назваў яго імя Ной, кажучы: «Ён пацешыць нас у рабоце нашай і ў працы рук нашых на зямлі, якую пракляў ГОСПАД». 
І жыў Лямэх па нараджэньні Ноя пяцьсот дзевяноста пяць гадоў, і нарадзіў сыноў і дачок. 
І былі ўсе дні Лямэха семсот семдзясят сем гадоў, і ён памёр. 
І было Ною пяцьсот гадоў, і нарадзіў Ной Сэма, Хама i Яфэта. 
